ХА́КІ-КЭ́МПБЕЛ,

парода качак мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі птушкаводам Кэмпбелам (Campbell) скрыжаваннем мясц. качак з руанскімі і інд. бегунамі. Выкарыстоўвалі для вывядзення люстраных качак.

Маса качараў 2,5—3, качак 2—2,5 кг. Апярэнне качараў шыза-карычневае (галава чорная), качак — карычнева-шэрае. Тулава падоўжанае, крыху прыўзнятае. Крылы добра развітыя, ногі невысокія. карычневыя. Яйцаноскасць 180—220 яец за год.

Хакі-кэмпбел.

т. 16, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЗО́РСКАЯ,

сорт грушы, выведзены ў Нідэрландах. На Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.) рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве.

Дрэва моцнарослае, крона пірамідальная, сярэдняй гушчыні. Пачынае плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, высокаўраджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г). Скурка зеленавата-жоўтая, з невял. карычняватым румянцам. Мякаць белая, сярэдняй сакавітасці, паўмасляністая, кіславата-салодкая, крыху даўкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Віндзорская груша.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯК,

ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.

Глякі.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́Й,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны ў Беларусі.

Дрэва сярэднярослае, пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Крона круглавата-конусападобная, рэдкая. Лісце яйцападобнае, маршчыністае, даволі вялікае. Сорт скараплодны, ураджайны. Плады сярэднія і вялікія, круглавата-канічныя, крыху пляскатыя, часам шырокарабрыстыя, захоўваюцца да сярэдзіны красавіка. Скурка светла-зялёная з цёмна-бардовым адценнем. Мякаць белая з зеленаватым адценнем, сакаўная, кісла-салодкая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы.

Антэй.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВОНАВАЛЛЁВІК (Calidris testacea, або С. ferruginea),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Паўн. Азіі. На Беларусі рэдкі пралётны від.

Даўж. да 23 см, маса да 91 г. Знешне падобны на чорнаваллёвіка. Апярэнне спіны цёмна-бурае з рыжымі плямкамі. Шчокі, шыя і брушка каштанава-рыжыя, падхвосце белае. Дзюба амаль чорная, доўгая, крыху загнутая ўніз. Нясе 4 яйцы. Корміцца жукамі, насякомымі і іх лічынкамі, чарвямі, малюскамі, радзей — насеннем.

Э.​Р.​Самусенка.

Чырвонаваллёвік.

т. 17, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́БАР,

у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобны да ражкі, але большых памераў (ёмістасць 25—30 л, дно крыху вузейшае; былі і прамыя Ц.). У іх замешвалі сечку, рабілі «паранку» (сечка, залітая кіпнем) карове, каню. Ц. меншых памераў выкарыстоўвалі для прыгатавання пойла цялятам, ягнятам. Пусты Ц. пераносіў за «вушкі» (процілеглыя клёпкі з адтулінай) адзін чалавек, а напоўнены неслі ўдваіх, узяўшыся за канцы прасунутай палкі. У наш час амаль выйшаў з ужытку.

т. 17, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,

цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.​Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.​Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.​Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.​Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.​Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.​Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.​Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.​Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.​Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.​Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.​Бураўкіна). У паэзіі бываюць устойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.​Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.​Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.​Пракаповіч, І.​Снарская, І.​Хадарэнка, А.​Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.

А.​А.​Майсейчык.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́НЬКА ў архітэктуры,

дэкаратыўная дэталь (патаўшчэнне) слупоў, калонак, ліштваў акон і дзвярных парталаў. Мае круглую або крыху падоўжаную (дынепадобную) форму. Была пашырана ў рус. мураванай архітэктуры 15—17 ст., у драўляным дойлідстве — да канца 18 ст. На Беларусі сустракаецца пераважна ў пабудовах 19 — пач. 20 ст. стыляў псеўдарускага і мадэрн (будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, Пакроўская царква ў Гродне і інш.).

Дынькі на фасадах былога Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску (уверсе) і Пакроўскай царквы ў Гродне.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.

На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЖКА,

у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

Ражка.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)