МАСЛЯНІ́СТАЯ ЛО́ШЫЦКАЯ,

асенні сорт грушы Беларускага НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення сорту Добрая Луіза свабоднага апылення. Пашыраны і перспектыўны для вырошчвання ва ўсіх абласцях рэспублікі акрамя Віцебскай.

Дрэва сярэднярослае. крона пірамідальная, даволі густая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Сорт дастаткова зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады (да 120 г) зеленавата-жоўтыя з ружова-чырв. румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, масляністая, сакавітая, салодкая з невял. кіслінкай. Захоўваецца каля месяца.

М.​Р.​Мялік.

Масляністая лошыцкая.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛБА,

летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.

Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.

З.​А.​Казлоўская.

Мелба.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РАЎ (Уладзімір Вячаслававіч) (8.7.1904, Казань — 28.1.1973),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.​Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РА ЛО́ШЫЦКАЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бэра слуцкая і Курская малдаўка. На Беларусі раянаваны ўсюды, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Плоданашэнне пачынаецца на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), шырокагрушападобнай формы, гузаватыя. Скурка тонкая, светла-жоўтая з лёгкім аранжавым румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, паўмасляністая, салодкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня. Лёжкасць каля двух тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

Бэра лошыцкая.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МІЦА КЛА́ПА,

амерыканскі сорт грушы, атрыманы з насення сорту Лясная прыгажуня свабоднага апылення. На Беларусі пашырана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абл. Адзін з лепшых скараспелых сартоў.

Дрэва сярэднярослае, крона шырокапірамідальная, рэдкая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт малазімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць добрая. Плады 110—130 г яйцападобна выцягнутай формы, жаўтавата-зялёныя з яркім румянцам на сонечным баку. Мякаць белая. сакавітая, мяккая, масляністая, салодкая, выдатнага смаку. Спажывецкая спеласць у канцы жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Любіміца Клапа.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПО́ЗНЯЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення свабоднага апылення сорту Добрая Луіза. Раянаваны па рэспубліцы.

Дрэва сярэднярослае, крона круглаватая, густая. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы і бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шурпатая, аранжава-жоўтая з невялікім малінавым румянцам. Мякаць белая, сакаўная, масляністая, салодкая з лёгкай асвяжальнай кіслінкай і пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў кастр.—лютым; захоўваюцца да мая пры т-ры +1 °C.

М.​Р.​Мялік.

Беларуская позняя.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎКА звычайная,

старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.

Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).

Антонаўка звычайная.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ДРАЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (2.1.1894, Масква — 22.3.1972),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Вольных маст. майстэрнях. З 1922 у 2-й Студыі МХАТ, з 1924 у МХАТ, у 1946—55 гал. рэжысёр. Як акцёр вылучаецца здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, пластычнай выразнасцю формы: Манілаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Сінь Бін-у («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава) і інш. Як рэжысёр і педагог развіваў традыцыі рэжысуры К.​Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод пастановак: «У людзях» М.​Горкага (1933), «Глыбокая разведка» А.​Крона (1943), «Плён асветы» Л.​Талстога (1951), «Рэвізор» Гогаля (1967). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1952.

Б.М.Кедраў.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),

лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.

Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.

Асіна.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧ (Іван Фёдаравіч) (н. 17.10.1936, с. Цялежынцы Таціеўскага р-на Кіеўскай вобл.),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1962), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (Масква, 1964). Філасафічнасць, асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць, метафарычнасць — рысы паэзіі Д. (зб-кі «Сланечнік», 1962, «Балады будняў», 1967; «Корань і крона», 1974, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1976; «Зялёныя вароты», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1983; «Пісьмо да каліны», 1990, і інш.). Пераклаў на ўкр. мову вершы Р.​Барадуліна, А.​Бачылы, Г.​Бураўкіна, Н.​Гілевіча, А.​Звонака, М.​Танка. На бел. мову вершы Д. перакладалі Барадулін, Бураўкін, А.​Вярцінскі, Гілевіч, А.​Грачанікаў, У.​Караткевіч, Я.​Сіпакоў і інш.

Тв.:

Вибр. твори. Т. 1—2. Київ, 1986;

Бел. пер. — Мелодыя каліны. Мн., 1981.

Літ.:

Ткаченко АО. Іван Драч. Київ. 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)