ГІДРАТЫ́ПІЯ (ад гідра... + грэч. typos адбітак),

выраб фатаграфічных каляровых выяў (пазітываў) з выкарыстаннем водарастваральных фарбавальнікаў. Заключаецца ў паслядоўным перанясенні трох часткова афарбаваных выяў (чырвонай, зялёнай і сіняй) у выглядзе жэлацінавых рэльефаў (матрыц), пакрытых фарбавальнікамі, на фотапаперу або кінаплёнку. Добра перадае колеры выяў, забяспечвае іх устойлівасць супраць выцвітання. Асабліва прыдатная пры масавым друкаванні каляровых кінафільмаў.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́РЫЯ (ад лац. gloria упрыгажэнне, арэол),

аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе каляровых кольцаў вакол ценю назіральніка (ці прадмета, што знаходзіцца каля яго), калі цень падае на воблака або слой туману. Часта назіраецца ў гарах (калі воблака знаходзіцца ніжэй назіральніка) ці ў час палётаў над воблакамі. Абумоўлена дыфракцыяй святла на кроплях вады. Колеры ў глорыі: унутры блакітны, звонку чырвоны.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬТАНІ́ЗМ,

прыроджанае расстройства каляровага зроку. Апісаны англ. фізікам Дж.Дальтанам у 1794. Бывае ў 8% мужчын і 0,5% жанчын; звязаны з адсутнасцю ці недастатковым функцыянаваннем аднаго з трох кампанентаў каляровага зроку. Распазнаюць Д. з дапамогай спец. (поліхраматычных) табліц і спектральных прылад (анамаласкопаў). Людзей з Д. не дапускаюць працаваць на транспарце, у авіяцыі і інш. (яны адрозніваюць у спектры толькі 2 колеры — жоўты і сіні).

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),

каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЖУС ((Avyzius) Йонас) (н. 16.5.1922, в. Медгінай, Літва),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Аўтар кн. нарысаў «Першыя барозны» (1948), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Спадчына» (1949), «Людзі і падзеі» (1954), «Буткус Мсцівец» (1957), «Чалавек застаецца чалавекам» (1960), раманаў «Шкляная гара» (1961), «Вёска на раздарожжы» (1964), «Страчаны прытулак» (1970, Ленінская прэмія 1976), «Колеры хамелеона» (1976), «Дзягімай» (1981). Асн. тэмы — жыццё літ. вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.

Й.Авіжус.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАБУ́РДА Васіль Міхайлавіч, бел. друкар і кнігавыдавец 16 ст. Пад кіраўніцтвам І.Фёдарава і П.Мсціслаўца прымаў удзел у рабоце Заблудаўскай друкарні. Арганізаваў друкарню ў Вільні, каля 1580 выдаў «Евангелле вучыцельнае» — блізкую копію заблудаўскага выдання 1569, у 1582 — «Актоіх» («Васьмігалоснік») з пасляслоўем, падпісаным ім. Працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царк.-слав. мове вял. фарматам, у 2 колеры. Захавалася каля 35 экз. яго кніг. Друкарня Гарабурды перайшла да Мамонічаў.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВЫ ЗРОК,

здольнасць вока ўспрымаць колер аб’ектаў: распазнаваць адрозненні ў спектральным складзе бачных выпрамяненняў. Важны кампанент зрокавай арыентацыі. Уласцівы насякомым, ракападобным, земнаводным, птушкам, прыматам, чалавеку і інш. Адсутнічае ў начных жывёл. Абумоўлены наяўнасцю ў сятчатцы розных тыпаў фотарэцэптараў (2—3, часам болей) з рознымі святлоадчувальнымі пігментамі. У чалавека каляровае адчуванне ўзнікае пры ўзбуджэнні 3 тыпаў колбачак, якія ўспрымаюць сіні, зялёны і чырв. колеры. Рэгулюецца цэнтр. і перыферычнымі кампанентамі зрокавай сістэмы.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕХЗА́Д (Кемаледдзін) (1450-я г., г. Герат, Афганістан — 1535 ці 1536),

мініяцюрыст, прадстаўнік герацкай школы мініяцюры. Вучыўся ў Гераце. Майстар вытанчаных па малюнку і гучных па колеры, то экспрэсіўных, то лірычных шматфігурных дынамічных кампазіцый і партрэтаў. Сярод работ: мініяцюры рукапісу «Зафар-намэ» Шараф-эд-дзіна Алі Іездзі (каля 1494), ілюстрацыі да паэмы «Бустан» Саадзі (1487—88), да рукапісаў «Хамсе» Нізамі (мініяцюры 1493—94), партрэт Султана-Хусейна Байкара (1480-я г.) і інш.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МША (польск. zamsz),

1) скура тлушчавага ці камбінаванага (фармальдэгідна-тлушчавага) дублення, якую вырабляюць са шкур аленя, авечкі і інш. Вызначаецца мяккасцю, аксаміцістасцю, воданепранікальнасцю, значнай сітаватасцю. Афарбоўваюць у розныя колеры (неафарбаваная — светла-жоўтая). Выкарыстоўваюць для вырабу абутку, адзення, пальчатак. З. штучную вырабляюць прамочваннем тканіны з замшападобным ворсам гумавым клеем (для абутку) ці нанясеннем здробненых баваўняных валокнаў на слой гумавага клею на тканіне (для галантарэйных вырабаў).

2) Баваўняная тканіна атласнага перапляцення нітак з начасаным ворсам на добрым баку.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)