Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,
спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РСКІЯ КНІ́ГІ,
зводы імянных пералікаў па чынах прыдворных асоб Расіі (думных і вышэйшых дварцовых чыноў, стольнікаў, страпчых, маскоўскіх і выбарных дваран, дзякоў) з пазначэннем іх памесных і грашовых акладаў. Згадваюцца з пач. 17 ст. Складаліся ў Разрадным прыказе як зводныя ўлікова-акладныя дакументы. Крыніца для вывучэння памеснай сістэмы, т.зв. Гасударава двара, гісторыі рас. дваранства, генеалогіі. Захаваліся 14 баярскіх кніг (1615—91).
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТЫ́ТУЛ
(ад аван... + тытул),
першая старонка кнігі, якая папярэднічае тытульнаму лісту. На авантытуле могуць змяшчацца загаловак кнігі, назва выд-ва, яго марка, серыя і інш. звесткі.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТА́ЦЫЯ
(ад лац. annotacio заўвага),
сціслая характарыстыка кнігі, артыкула, рукапісу і інш.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАКУ́М Пятровіч
(1620 або 1621—14.4.1682),
пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл. Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.
т. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́Й,
налой (грэч. analogeion), адмысловы столік са скошанай накрыўкай, на які кладуць абразы ці богаслужэбныя кнігі ў час іх чытання ў правасл. храмах.
т. 1, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБО́М
(франц. album),
1) пераплеценыя чыстыя лісты для малюнкаў, фатаграфій, аўтографаў, калекцый.
2) Збор рэпрадукцый, фотакартак, чарцяжоў і інш., выдадзеных у выглядзе кнігі, часта з тлумачальным тэкстам.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТА́ЦЫЯ тэксту, скарачэнне і спрашчэнне друкаванага тэксту. Найчасцей адаптуюць літ. творы для пач. чытання (кнігі для дзяцей і інш.), а таксама іншамоўныя тэксты, прызначаныя для вывучэння мовы.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КНІ́ГА»,
добраахвотная культ.-асв. грамадская арг-цыя. Створана ў 1974 як «Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі». З 1991 сучасная назва. Асн. задачы: развіццё бел. нац. культуры ў сферы кнігі; садзейнічанне кнігавыданню, кнігазнаўству, кнігараспаўсюджванню, рабоце б-к; зберажэнне і памнажэнне духоўных скарбаў народа, бел. мовы і л-ры, прапаганда кніг і перыяд. выданняў, распаўсюджванне сярод членаў т-ва і насельніцтва л-ры. Т-ва займаецца выдавецкай дзейнасцю (выпускае серыю мініяцюрных выданняў «Скарбы бел. л-ры і фальклору», выдала альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь» і інш.); арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі, бібліяфіламі, супрацоўнікамі выд-ваў, музеяў; праводзіць чытацкія канферэнцыі, вечары, выстаўкі, прэм’еры, святы кнігі, конкурсы, агляды. У складзе т-ва 6 абл., 82 гар. і раённыя праўленні, больш за 1200 пярвічных арг-цый; больш за 46 тыс. членаў (1995).
Л.І.Макаранка.
т. 2, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)