ГРА́НІН (Данііл Аляксандравіч) (сапр. Герман; н. 1.1.1919, в. Валынь Курскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі політэхн. Ін-т (1940). Аўтар раманаў «Шукальнікі» (1954, экран. 1957), «Пасля вяселля» (1958, экран. 1963), «Іду на навальніцу» (1962, экран. 1966), «Карціна» (1980, экранізаваны), «Уцёкі ў Расію» (1994), аповесцей «Перамога інжынера Корсакава» (1949), «Яраслаў Дамброўскі» (1951), «Асабістая думка» (1956), «Нехта павінен» (1970), «Дождж у чужым горадзе» (1973, экран. 1979), «Зваротны білет» (1976), «Яшчэ прыкметны след» (1984), «Зубр» (1987, пра біёлага М.​У.​Цімафеева-Расоўскага). Асн. тэма яго твораў — рамантыка навук.-тэхн. творчасці, маральна-псіхал. праблемы навук. інтэлігенцыі; у цэнтры ўвагі пісьменніка людзі, якія маюць сваю думку і бяруць адказнасць за ўсе свае ўчынкі. Пісаў дакумент. прозу (кн. «Клаўдзія Вілор», 1976; Дзярж. прэмія СССР 1978; «Блакадная кніга», ч. 1—2, 1977—81, з А.​Адамовічам), нарысы, апавяданні, кінасцэнарыі.

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—5. Л., 1989—90.

Літ.:

Финк Л. Необходимость Дон Кихота: Книга о Д.​Гранине. М., 1988.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),

адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э. Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.

Літ.:

Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРАШО́ВА (Клаўдзія Кузьмінічна) (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.​Спадавекія).

Літ.:

Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.​М.​Жураўлёў.

К.К.Кудрашова.
К.Кудрашова ў ролі Амнерыс.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРО́Н Клаўдзій Друз Германік Цэзар

(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),

старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б. ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.​Мантэвердзі, Г.​Ф.​Гендэля, А.​Рубінштэйна і інш.

Літ.:

Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1993;

Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;

Сизек Э. Нерон: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1998.

Нерон.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)