Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
1) у квантавай электроніцы — рэчыва, у якога высокія энергетычныя ўзроўні часцінак заселены больш, чым нізкія (т.зв. інверсная заселенасць). Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваляў (гл.Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).
2) У оптыцы — рэчыва, якому ўласцівая натуральная аптычная актыўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл.Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.
Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,
момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L2 = ћ21(1+1), Lz = mћ, дзе ћ = h/(2П), h — Планка пастаянная, 1 = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, 1 - 1, ..., -1 — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні 1 адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЗЕР (ад пач. літар англ. слоў Microwave Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне мікрахваль з дапамогай вымушанага выпрамянення),
квантавы генератар або ўзмацняльнік звышвысокачастотнага дыяпазону, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем узбуджаных часціц. Найб. пашыраны М. сантыметровага і дэцыметровага дыяпазонаў на аснове парамагнітных крышталёў (напр., рубіну; гл.Парамагнітны ўзмацняльнік) і малекулярныя генератары на пучках малекул вадароду, аміяку, атамаў цэзію, рубідыю і інш. Выкарыстоўваюцца ў радыёастраноміі, радыёлакацыі, у якасці стандартаў частаты (гл.Квантавы гадзіннік), узмацняльнікаў і прыёмнікаў з малым узроўнем шуму для сістэм звышдалёкай сувязі, у т.л. касмічнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ-ГАЗ,
квантавы газ часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-газаў адносяцца аднаатамныя газы з атамамі, якія маюць цотны лік нуклонаў (напр., гелій 4He), газы фатонаў і некаторых квазічасціц (напр., фанонаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,
тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.