ЗЯЛЁНАКАМЕ́ННЫЯ ПАРО́ДЫ,

група змененых магматычных горных парод асн. і сярэдняга саставу (дыябазы, парфірыты) з характэрнай зялёнай афарбоўкай, якая абумоўлена значнай колькасцю ў іх другасных зялёных мінералаў (хларыт, амфібол, эпідот і інш.). Пашыраны пераважна ў складкавых абласцях (Урал, Каўказ) і т.зв. зялёна-каменных паясах дакембрыю (Паўд. Афрыка, Аўстралія). З.п. — адзін з пошукавых крытэрыяў на медна-калчаданавыя радовішчы.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКЛІНО́РЫЙ (ад антыкліналь + грэч. oros гара),

буйны комплекс складкавых структур зямной кары, які ўзнік у геасінкліналях. Характэрны агульны ўздым і заляганне найб. стараж. парод у цэнтр. частцы, форма выцягнутага скляпення. Восевыя плоскасці складак антыклінорыю часта размешчаны веерападобна і нахілены ад цэнтра да перыферыі. Мае сотні кіламетраў у даўжыню і дзесяткі ў шырыню (В.​Каўказ, Уралтау і інш.).

М.​А.​Нагорны.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТКЕ́ВІЧ (Леанід Уладзіміравіч) (31.12.1918, в. Хотліна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 12.11.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Аршанскі тэхнікум чыг. транспарту (1935). Працаваў на чыгунцы. З 1937 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім франтах. Снайпер лейт. Буткевіч вызначыўся ў баях за Каўказ, Кубань, Крым, падрыхтаваў 125 снайпераў. З 1945 у запасе.

Л.У.Буткевіч.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКІ ПРАЛІ́Ў (стараж.-грэч. Баспор Кімерыйскі),

праліў паміж Керчанскім п-вам на З і Таманскім п-вам на У, злучае Чорнае і Азоўскае моры. Даўж. каля 41 км, шыр. ад 40 да 45 км, глыб. 5—15 м. Берагі часткова нізінныя, з пясчанымі косамі, месцамі абрывістыя і скалістыя. Зімой укрыты плывучымі льдамі. На зах. беразе — буйны порт Керч, звязаны чыг. паромам са ст. Каўказ.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДКО́ЎСКІЯ,

дзекабрысты, браты. З дваран Віцебскай губ.

Іван Фёдаравіч (1790—?), палкоўнік, камандзір батальёна ў Сямёнаўскім палку. За спачуванне салдатам у час выступлення ў палку (1820) прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена турмой. Да 1826 у віцебскай турме. У 1829 высланы ў дзеючую армію на Каўказ.

Фёдар Фёдаравіч (1800—20.1.1844), прапаршчык Нежынскага палка. Чл. Паўд. т-ва з 1823. Стаяў за рэсп. лад у Расіі, за знішчэнне царскай сям’і. 21.12.1825 арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена пажыццёвай катаргай. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Аўтар рэв. вершаў.

Аляксандр Фёдаравіч (каля 1801 — пасля 1837), падпрапаршчык Сямёнаўскага палка. За спачуванне салдатам у час выступленняў у палку (1820) пераведзены ў Крамянчугскі, потым у 17-ы Егерскі полк. Чл. Паўд. т-ва з 1823. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) планаваў падняць свой полк у яго падтрымку, але 12.1.1826 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У ліп. 1926 высланы ў дзеючую армію на Каўказ. З 1830 пад тайным наглядам паліцыі ў Тамбоўскай губ.

М.​Ф.​Мельнікаў.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),

дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ АРДА́, Ак-Арда,

удзел (улус) у складзе Залатой Арды ў 13—14 ст. На думку некаторых гісторыкаў, уключала Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ, Паўн. Прычарнамор’е, стэпы Казахстана (улус хана Шыбана), інш. лічаць, што Белая Арда займала землі па ніжнім цячэнні Сырдар’і і належала нашчадку хана Арды. У 15 ст. на тэр. Белай Арды з’явіліся новыя дзярж. ўтварэнні: Нагайская Арда, узб. і каз. ханствы.

Літ.:

Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАШЫ́ДЗЕ (Грыгол Рыгоравіч) (1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),

грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, занятая вырошчваннем кавуноў, дыняў, гарбузоў і інш. Развіта пераважна ў раёнах паміж 50° паўн. ш. і 35° паўд. ш., найбольш у Расіі (Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ), на Украіне (стэпавая частка), у ЗША (паўд. раёны), Індыі, Кітаі, краінах Міжземнамор’я, Бразіліі, Мексіцы, Японіі, краінах Сярэдняй Азіі, Малдове і інш. На Беларусі выспяваюць асобныя сарты дыняў, кавуноў, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў. Сярэдні ўраджай дыняў 6—9, кавуноў 10—30, гарбузоў да 150 т/га. Гл. таксама Бахчавыя культуры.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Мікалай Восіпавіч) (27.1. 1903, г. Гродна — 21.10.1960),

генерал-палкоўнік (1954). Скончыў акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Закаўказскім, 1-м, 2-м Укр., Забайкальскім франтах: нач. штаба ўмацаванага раёна, брыгады марской пяхоты, арміі, нач. аператыўнага аддзела, упраўлення штаба франтоў. Удзельнік абароны Кубані, бітвы за Каўказ, Новарасійска-Таманскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Яска-Кішынёўскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Венскай, Пражскай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

М.В.Паўлоўскі.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)