АРНІЦІ́Н, α—γ-дыамінаваляр’янавая кіслата,

C5H12O2N2, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. Белыя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе і спірце, дрэнна — у эфіры. Атрымліваецца пры гніенні бялкоў і гідролізе аргініну. У свабодным стане ёсць у тканках млекакормячых і ў раслінах, уваходзіць у некаторыя антыбіётыкі (граміцыдзін С і інш.). Арцінін — каталізатар пры сінтэзе мачавіны ў арганізме праз арніцінавы цыкл, прымае ўдзел ва ўтварэнні поліамінаў, здольны ператварацца ў пралін.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,

хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ СУЛЬФІ́Д,

злучэнне ртуці з серай, HgS. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: чырв. і чорнай (у прыродзе адпаведна мінералы кінавар і метацынабарыт). Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі растворамі сульфідаў шчолачных металаў, чым карыстаюцца для вылучэння ртуці з сульфідных руд. Прыродную кінавар выкарыстоўваюць у вытв-сці ртуці, штучную — як матэрыял для фотарэзістараў, пігмент, каталізатар. Таксічны, ГДК у вадзе 0,005 мг/л (у пераліку на ртуць).

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІЛХЛАРЫ́Д, хлорысты вініл,

монахлорэтылен, найпрасцейшы хлоралкен, CH2=CHCl. Бясколерны газ з эфірным пахам, tкіп -13,8 °C, шчыльн. 983 кг/м³ (-20 °C), добра раствараецца ў эфіры, хлараформе, дыхлорэтане. Гаручы (т-ра загарання -61 °C), сумесь з паветрам (3,6—33% вінілхларыду) выбухованебяспечная. Лёгка далучае галагены, галагенавадароды і інш., полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць гідрахлараваннем ацэтылену ў паравой фазе (каталізатар сулема на вугалі) ці дэгідрахлараваннем дыхлорэтану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці полівінілхларыду і супалімераў з інш. вінільнымі злучэннямі.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОЎЛС (Knowles) Уільям Стэндыш (н. 1.6.1917, г. Таўнтан, ЗША),

амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі (1939) і Калумбійскі (1942) ун-ты. У 1942—86 у кампаніі «Мансанта» (г. Сент-Луіс). Навук. працы па арган. хіміі. Сінтэзаваў аптычна актыўны металаарган. каталізатар, з дапамогай якога ўпершыню ажыццявіў хіральна каталізавальную рэакцыю асім. гідрыравання (1968). На яе аснове разам з інш. стварыў высокапрадукцыйную прамысл. тэхналогію сінтэзу амінакіслаты L-ДОФА (дыоксіфенілаланіну), якая выкарыстоўваецца для лячэння паркінсанізму. Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Б.Шарплесам, Р.Наёры; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

У.Ноўлс.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЦІНА (лац. Platinum),

Pt, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 78, ат. м. 195, 08, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродная П. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 194—196, 198, найб. пашыраны ​195Pt (33,8%) і ​194Pt (32,9%) і 2 слаба радыеактыўных — ​190Pt і ​192Pt з перыядамі паўраспаду 6,9∙10​11 і 10​15 гадоў адпаведна. У зямной кары 5∙10​−7% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе і ў выглядзе сплаваў і злучэнняў (гл. Плацінавыя руды). Даследаванні П. пачаліся ў сярэдзіне 18 ст., калі ісп. матэматык А. дэ Ульёа прывёз у Еўропу ўзоры металу з залатых радовішчаў Паўд. Амерыкі; назва ад ісп. platina, паменшанае ад plata — серабро.

Серабрыста-белы бліскучы пластычны метал, 1769 °C, каля 3800 °C, шчыльн. 21450 кг/м³. Мае высокую электраправоднасць. Хімічна інертны; раствараецца ў царскай гарэлцы, павольна — у гарачай сернай кіслаце і вадкім броме. Пры награванні ў паветры акісляецца, пры 400—500 °C узаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам, вугляродам, крэмніем. Утварае шматлікія комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюць пераважна ў аўтамабілебудаванні (сплаў П. з паладыем — каталізатар дапальвання выхлапных газаў), электратэхніцы і электроніцы (матэрыял эл. кантактаў), як каталізатар у арган. сінтэзе і каталітычным сінтэзе азотнай і сернай кіслот, а таксама для вырабу хім. апаратуры, лабараторнага посуду, ювелірных вырабаў і інш.

Літ.:

Платина, ее сплавы и композиционные материалы. М., 1980.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЫГАРСКІ́Т (назва ад Палыгорскага радовішча на Урале),

гліністы мінерал падкласа ланцуговых сілікатаў, водны сілікат магнію, Mg2Al2[Si8O20](OH)2∙8H2O. Мае пераменны хім. састаў. Крышталізуецца ў рамбічнай, радзей манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утварае зблытана-валакністыя, зямлістыя, губкава-валакністыя, ліставатыя агрэгаты. Колер белы з жаўтавата-шараватымі адценнямі. Цв. 2—3. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Трапляецца ў корах выветрывання магнезіяльных парод, у выглядзе тонкіх налётаў і праслояў у трэшчынах, як дамешак мантмарыланітавых і інш. глін, мергеляў, вапнякоў. Выкарыстоўваецца для свідравальных раствораў, як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, сарбент і каталізатар у нафтахіміі; у металургічнай, атамнай прам-сці і інш.

т. 12, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д, фторавадарод,

злучэнне фтору з вадародам (HF).

Бясколерны газ ці вадкасць з рэзкім пахам, tпл -83, 36 °C, tкіп 19,52 °C, шчыльн. вадкага 980 кг/м³. Малекулы звычайна асацыіраваныя. Водны раствор — фторыставадародная кіслата. Рэагуе з металамі з утварэннем фтарыдаў, з аксідамі — оксіфтарыдаў ці фтарыдаў, замяшчае галагены ў галагенідах металаў. Добры растваральнік неарган. і арган. злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем флюарыту (CaF2) з канцэнтраванай сернай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, у вытв-сці хладонаў, фтарапластаў і інш. Таксічны, раздражняе дыхальныя шляхі, на скуры выклікае язвы і апёкі. ГДК у паветры 0,005 мг/м³, у вадзе 0,05 мг/л.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭТРАЭТЫЛСВІНЕ́Ц (ТЭС),

найбольш пашыранае свінецарган. злучэнне (C2H5)4Pb; антыдэтанатар маторнага паліва.

Бясколерная масленая лятучая вадкасць, шчыльн. 1650 кг/м³; кіпіць з раскладаннем tкіп 200 °C)> павольна раскладаецца пры пакаёвай т-ры. Не раствараецца ў вадзе, змешваецца з арган. растваральнікамі. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем этылхларыду C2H5CI са сплавам свінцу з натрыем, электролізам водна-спіртавога раствору этылбраміду C2H5Br і гідраксіду натрыю на катодзе з губчатага свінцу і графітавым анодзе. Выкарыстоўваюць у выглядзе этылавай вадкасці як антыдэтанацыйную прысадку да бензіну, як каталізатар у арган. сінтэзе (напр., полімерызацыі алефінаў, вінілхларыду і акрыланітрылу, алкіліравання вуглевадародаў), напаўняльнік у лічыльніку Гейгера. Высокатаксічны; лёгка пранікае праз скуру, ГДК 0,005 мг/м³.

т. 16, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАМІ́Д,

амід мурашынай кіслаты, HC(O)NH2.

Бясколерная гіграскапічная вадкасць (tпл 2,55 °C), tкіп 210,5 °C, шчыльн. 1133,4 кг/м3 (20 °C). Раствараецца ў вадзе, ніжэйшых спіртах, эфірах, не раствараецца ў вуглевадародах. Растварае казеін, жэлацін і інш. У прам-сці атрымліваюць сінтэзам з аміяку NH3 і аксіду вугляроду CO пры 80—100 °C і ціску 10—30 МПа у метанольным растворы метылату натрыю CH3ONa (каталізатар). Выкарыстоўваюць як растваральнік, змякчальнік паперы, кампанент мазей для бальзаміравання, сыравіну ў вытв-сці мурашынай к-ты, а таксама для сінтэзу некат. гетэрацыклічных злучэнняў (імідазолу, пірымідзіну і інш.) і алкалоідаў. Таксічны; здольны ўсмоктвацца праз скуру і назапашвацца ў арганізме, пашкоджвае нервовую і сасудзістую сістэмы, печань; ГДК у атм. паветры 0,035 мг/м³.

т. 16, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)