БЯРО́ЗА
(да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс. ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав. ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра І з каралём польскім і вял. кн. літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21 швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс. ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс. чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс. чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Я.В.Сяленя (гісторыя)
т. 3, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К Аляксандр Якімавіч
(23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),
украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.Мацяш, М.Рудкоўскі, Р.Семашкевіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;
У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;
Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.
Літ.:
Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 197—238.
В.А.Чабаненка.
т. 5, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)