КЛУ́МАЎ Аляксей Канстанцінавіч (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),
бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел.фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.Астрэйкі і У.Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел.нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел.нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).
Літ.:
Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІ Барыс Іпалітавіч (3.9.1915, г. Іркуцк, Расія — 17.2.1993),
бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыў Харбінскае вышэйшае муз. вучылішча (Кітай, 1932). З 1947 у СССР. З 1957 гал. дырыжор аркестра Мінскага цырка. У 1961—88 гал. дырыжор і маст. кіраўнік канцэртна-эстр.арк.Бел. тэлебачання і радыё. Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Зорка Венера» Ю.Семянякі, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Матухна Кураж» С.Картэса, радыёоперы «Барвовы золак» К.Цесакова, музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца» і «Маленькі прынц» Я.Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.Суруса, вак.-сімф., сімф. і эстр. твораў і песень бел. кампазітараў для Бел. тэлебачання і радыё, грамзапісы і інш. Аўтар аранжыровак для эстр. і сімф. аркестраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДКЕ́ВІЧ Валянцін Уладзіміравіч (н. 6.10.1943, г. Магілёў),
бел. танцоўшчык, харэограф. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1961), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). З 1961 артыст балета Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 артыст балета, педагог-рэпетытар, рэжысёр-пастаноўшчык, маст. кіраўнік канцэртна-эстр. бюро Бел. філармоніі. З 1986 маст. кіраўнік — дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Веданне бел.танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вял. творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі нар. харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак: канцэртныя праграмы «Свята», «Карагод сяброў», «Вечар памяці С.Дрэчына», бел.нар. танцы «Кола», «Бульба», «Кадрыля на зэдліках», «Вясковыя гульні», «Каляды», «Арэлі», «Церніца», «Вечарына», «Спеў дубраў», «Кабеты і жаўнеры» і інш. У пастаноўках апошніх гадоў стварае танц. нумары з драматург. развіццём у жанры «фольк-балет». Імкнецца працягваць традыцыі прафес. харэагр. мастацтва, закладзеныя А.Апанасенкам, С.Дрэчыным і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР,
помнік архітэктуры 18—20 ст. у Мінску. У пач. 18 ст. існаваў як комплекс мураваных 2- і 3-павярховых будынкаў у цэнтры Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды) насупраць ратушы; С-падобны ў плане. У канцы 18 ст. рэканструяваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер): паўн.-ўсх. крылы комплексу былі злучаны сім. па кампазіцыі 2-павярховым аб’ёмам з 4-калонным порцікам у цэнтры і ўтварылі замкнёны двор. У 1909 Г-падобная ў плане паўн.-зах. частка перабудавана пад Азова-Данскі камерцыйны банк і купецкі клуб з вял.канцэртна-тэатр. залай (разбурана пасля пажару ў 1946), зменена планіроўка, надбудаваны 3-і паверх, фасады апрацаваны ў стылі мадэрн, накрыты вальмавым дахам. На сім. па кампазіцыі гал.паўд.-зах. фасадзе вылучаліся цэнтральная і бакавыя часткі; цэнтральная акцэнтавана кілепадобным франтонам з 3 вузкімі паўцыркульна завершанымі аконнымі праёмамі, тымпан франтона завершаны расл. арнаментам. Бакавыя ч. завершаны купаламі са шпілямі (не захаваліся). Рытм фасадаў утвараюць прамавугольныя аконныя праёмы і лапаткі; пластыку ўзбагачаюць ляпныя элементы, балконы. У інтэр’еры каваная лесвічная агароджа, кафляныя печы. Пасля 1920 у будынках знаходзіліся Мінскі акруговы выканком, у 1930-я г. — Дом селяніна, у 1944—50 — Мін-вадзярж. бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ (англ. jazz),
род прафесійнай музыкі 20 ст., які спалучае рысы імправізацыйнасці ансамблевага дыялагічна-спаборніцкага музіцыравання і індывідуальна-кампазітарскага пачатку. Узнік на Пд ЗША на мяжы 19—20 ст. у выніку сінтэзу розных формаў муз. фальклору амер. неграў (паходзіць ад стараж.зах.-афр. традыцый — абрадавых песень і танцаў, спірычуэл, блюза, рэгтайма) з элементамі еўрап. музыкі.
Слова «джаз» з канца 1910-х г. абазначала музыку невял. ансамбляў, заснаваную на калектыўнай імправізацыі, стыль наз. новаарлеанскім, з 1920-х г. — чыкагскім, з 1940-х г. — дыксіленд (стваральнікі Дж.Олівер, Л.Армстранг, Дж.Р.Мортан, С.Бешэ). У пач. 1930-х г. усталяваўся стыль свінг, у канцы 1930-х г. — жанр камернага Дж., у пач. 1940-х г. — стыль бібоп, у 1950-я г. ў процівагу «гарачаму», нервоваму бібопу — стыль кул-джаз. Новыя школы імправіз. Дж. адлюстраваны ў практыцы біг-бэндаў, якія ўскладнілі вобразы і інстр. строй музыкі, фактуру і гармонію; узмацнілася роля аранжыроўкі. На гэтай аснове ўзніклі стыль прагрэ́сіў (С.Кентан, Б.Рыберн) з масіўным, цяжкім гучаннем і т. зв. трэцяя плынь — сінтэз сучаснай музыкі і Дж. (Г.Шулер, Дж.Льюіс). З 1950-х г. пашыраны розныя джазавыя школы, кірункі, стылі: хард-боп (А.Блейкі, К.Браўн), фры-джаз, мадальны Дж. (М.Дэйвіс, Дж.Колтрэйн), джаз-рок, сімфаджаз (П.Уайтмен) і інш. У выніку ўзаемадзеяння Дж. з моднымі танц. рытмамі і фальклорам пашырыліся рок-н-рол, «баса-нова» (джаз-самба), «соул» (спалучэнне рытм-энд-блюза і духоўнай негрыцянскай музыкі). Развіццё найноўшага Дж. — бесперапынныя эксперыменты ў галінах рытмікі і муз. мовы, заснаваныя на віртуознай тэхніцы выканання 3 паяўленнем самабытных джазавых музыкантаў неамер. паходжання стварыліся нац. джазавыя школы. Вял. ўвага аддаецца распрацоўцы этнічных муз. культур (Я.Гарбарэк, Нарвегія). У 1990-я г. Дж. актыўна судакранаецца з новымі кірункамі папулярнай «чорнай» музыкі — рэпам, хіп-хопам і інш. Інтанацыйныя, рытмічныя элементы Дж. выкарыстоўвалі кампазітары А.Дворжак, К.Дэбюсі, М.Равель, П.Хіндэміт, Д.Міё, Дж.Гершвін, Л.Бернстайн, І.Стравінскі і інш. Асобныя элементы Дж. выкарыстоўвалі сав.эстр. аркестры (А.Цфасмана, Л.Уцёсава, А.Варламава, В.Кнушавіцкага, Б.Карамышава, М.Мінха, А.Лундстрэма, Р.Паўлса і інш.). З 1950-х г. у б.СССР пашыраюцца невял. ансамблі тыпу джаз-бэнд (часцей наз. дыксілендамі), якія прытрымліваюцца традыц. Дж. (найб. вядомы Ленінградскі дыксіленд). Некат. вак.-інстр. ансамблі з 1960-х г. карыстаюцца прыёмамі сучаснага Дж. для апрацоўкі фалькл. мелодый.
Эстр. аркестры Белдзяржэстрады, у т. л.Дзяржаўны джаз-аркестр БССР, набліжаліся да Дж. ў асноўным складам інструментаў. Асобныя элементы Дж. выкарыстоўваў на пач. 1960-х г.канцэртна-эстр. аркестр Бел. радыё, вял. рэпертуар джазавых кампазіцый розных стыляў і ўласцівыя Дж. прыёмы выканальніцтва характарызавалі дзейнасць канцэртна-эстр. аркестра Мінскага дзярж. цырка. У 1990-я г. лідэр выканаўцаў Дж. на Беларусі — Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, які наладзіў і правёў 3 джаз-фестывалі (апошні ў 1997). У галіне вакальнага Дж. працуе ансамбль «Камерата». Некат. бел. выканаўцы прадстаўлены на серыі аўдыякасет «Беларускі джаз» фірмы «Каўчэг». Джазавая музыка пашырана і ў маст. самадзейнасці (найб. вядомы дыксіленд «Рэнесанс», з 1977). У Мінску з 1978 працуе джаз-клуб, які аб’ядноўвае аматараў Дж.
Літ.:
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977;
Яе ж Рождение джаза. М., 1984;
Панасье Ю. История подлинного джаза с 1890 по 1960: Пер. с фр. Ставрополь, 1991;
Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ.М., 1984;
Сарджент У. Джаз: Генезис. Муз. язык. Эстетика: Пер. с англ.М., 1987;
Советский джаз: Проблемы. События. Мастера. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1958 як канцэртна-эстрадны, з 1975 эстр.-сімф., з 1979 сімф. аркестр, з 1958 гал. дырыжор Ю.Бяльзацкі, з 1961 — маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.Райскі (у 1965 дырыжор Я.Глебаў), з 1989 — засл. дз. маст. Украіны В.Лявонаў, з 1993 — А.Лапуноў. Напачатку аркестр выконваў пераважна творы лёгкай музыкі, з 1960-х г.гал. ўвагу аддаваў буйным сімф. творам. Калектыў прапагандуе музыку бел. кампазітараў. Здзейсніў фондавыя запісы опер бел. кампазітараў «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Голанда, «Фауст» А.Радзівіла, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Андрэй Касценя» М.Аладава, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Зорка Венера» Ю.Семянякі, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Матухна Кураж» С.Картэса; радыёоперы «Барвовы золак» К.Цесакова; музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца», «Маленькі прынц» Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.Суруса; сімфоній Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Глебава, Ф.Пыталева, Цесакова, а таксама творы Г.Гарэлавай, Г.Ермачэнкава, А.Клеванца, В.Кузняцова, І.Лучанка, А.Хадоскі і інш. Запісаў шэраг твораў класічнага рэпертуару і сучасных кампазітараў. Першы выканаўца сюіты з балета «Маленькі прынц» і 5-й сімфоніі Глебава, фп. канцэрта Абеліёвіча, 3-й і 4-й сімфоній А.Мдывані, 2-й сімфоніі У.Дарохіна, сімфоніі-канцэрта «Каляды. Ражаство» Суруса, 4-й сімфоніі «Белая Русь» Хадоскі, скрыпічнага канцэрта Гарэлавай, кантаты «Трава-мурава» Л Шлег і інш. Значнае месца займае канцэртная і гастрольная дзейнасць. Удзельнічае ў аўтарскіх канцэртах бел. кампазітараў. З аркестрам выступалі і рабілі запісы бел. і замежныя спевакі і інструменталісты.
Літ.:
Мдзівані Т. Удзячнасць пошуку // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;
Яе ж Новые пути оркестра // Муз. жизнь. 1983. № 8;
Друкт А. Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1984.
А.А.Друкт, В.У.Мазанік.
Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ПРЭ́МІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўныя ўзнагароды за творчыя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Устаноўлены ЦККПБ і СМБССР па л-ры, музыцы і мастацтве ў 1965, па журналістыцы ў 1967, па архітэктуры ў 1968, л-ры і мастацтве для дзяцей і юнацтва, у галіне навукі і тэхнікі ў 1971. Да 1992 называліся Дзярж. прэміі БССР, з 1992 — Дзярж. прэміі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 6.5.1996. Прысуджаюцца раз у 2 гады кожны цотны год. Асобам, якія атрымалі Дзярж. прэмію, прысвойваецца званне «Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь», уручаецца дыплом, ганаровы знак лаўрэата, грашовая прэмія. У галіне навукі і тэхнікі прысуджаецца за выдатныя навук. дасягненні, якія адпавядаюць сусв. ўзроўню і садзейнічаюць развіццю гуманіт., прыродазнаўчых і тэхн.навук. Прысуджаецца 12 Дзярж. прэмій, у т. л. ў галіне гуманіт. і сац. навук — 2, прыродазнаўчых навук — 5, тэхнікі — 3 і за падручнікі — 2. У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаюцца за таленавітыя, глыбокія па змесце і адметныя па форме творы л-ры, выяўл. мастацтва, архітэктуры, тэатр. пастаноўкі, кінафільмы, муз. творы, выканаўчае майстэрства, якія робяць значны ўклад у бел.нац. культуру, развіваюць маст. традыцыі і садзейнічаюць устанаўленню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму, а таксама за маштабныя публікацыі ў галіне журналістыкі, даследчыя работы ў галіне літ.-знаўства і мастацтвазнаўства, тэорыі і гісторыі мастацтва. За творы паэзіі і драматургіі прысуджаецца 1 прэмія імя Я.Купалы, за творы прозы, працы ў галіне літ.-знаўства і крытыкі — 1 прэмія імя Я.Коласа, за творы л-ры і мастацтва для дзяцей і юнацтва — 1 прэмія, за працы ў маст. публіцыстыцы — 1 прэмія імя К.Каліноўскага, у галіне журналістыкі — 1 прэмія, за муз. творы і канцэртна-выканаўчую дзейнасць — 2 прэміі, за работы рэжысёраў, дырыжораў, балетмайстраў, хормайстраў, артыстаў, кампазітараў і інш. у пастаноўках тэатраў, кінастудый, на тэлебачанні і радыё — 2 прэміі, за творы жывапісу, скульптуры і інш.выяўл. мастацтва — 2 прэміі, у галіне архітэктуры — 1 прэмія, за даследаванні па тэорыі і гісторыі мастацтва і архітэктуры, а таксама падручнікі для спец.навуч. устаноў па архітэктуры і мастацтвазнаўстве — 1 прэмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЦЮ́Д (франц. étude літар. — вывучэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — твор (часта невял. памераў), выкананы з натуры з мэтай яе вывучэння і найб. поўнага ўзнаўлення маляўнічага багацця свету. Спрыяе ўдасканаленню прафес. майстэрства мастака. Э. (жывапісны, скульпт., графічны) з’яўляецца часткай творчай лабараторыі, служыць дапаможным матэрыялам пры рабоце над буйным маст. творам.
Высокамаст. Э. стваралі зах.-еўрап. і рус. мастакі А.Вато, П.П.Рубенс, Ж.А.Д.Энгр, В.Барысаў-Мусатаў, М.Дабужынскі. А.Іваноў.
К.Каровін. І.Левітан, І.Рэпін, В.Сурыкаў, М.Урубель і інш. Значнае месца займаў Э. у творчай практыцы мастакоў 19 — пач. 20 ст. К.Альхімовіча, С.Богуш-Сестранцэвіча. А.Гараўскага. А.Каменскага. Ф.Рушчыца і інш., творчасць якіх звязана з Беларуссю. У Нац.маст. музеі Беларусі зберагаюцца Э. мастакоў Л.Альпяровіча («Жанчына каля мора». «Пейзаж». «Пралля»). С.Жукоўскага («Уладзімірка», «Пейзаж з рэчкай») і інш. Вядомы Э. бел. мастакоў-пейзажыстаў А.Астаповіча, А.Бархаткова. В.Бялыніцкага-Бірулі. М.Дучыца, І.Карасёва, У.Кудрэвіча, І.Рэя, М.Тарасікава. В.Цвіркі і інш., скульптараў А.Анікейчыка, А.Глебава. А.Заспіцкага. Г.Мурамцава і інш. Пейзажныя Э. і Э.-нацюрморт нярэдка з’яўляюцца самаст. творамі.
2) У музыцы — жанр інструментальнай, радзей вак. музыкі. прызначаны ўдасканальваць майстэрства выканаўцы, канцэнтраваць яго ўвагу на авалодванні пэўнымі тэхн. прыёмамі.
Творы эцюднага характару вядомы з 15 ст. У 19 ст. пачаў распрацоўвацца як самаст. жанр. Развіваўся ў 2 кірунках: вучэбна-пед. (зборнікі М.Клеменці, І.Крамера, Р.Крэйцэра. Д.Попера, П.Радэ, К.Чэрні) і канцэртна-віртуозным (І.Брамс, Ф.Мендэльсон-Бартольдзі, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Ф.Шапэн, Р.Шуман). На мяжы 19—20 ст. паявіліся Э. рус. кампазітараў А.Арэнскага. А.Лядава. С.Ляпунова. С.Рахманінава, А.Скрабіна. У 20 ст. вызначыліся новыя шляхі яго развіцця. абумоўленыя трактоўкай выразных і тэхн. магчымасцей фп. (К.Дэбюсі, А.Месіян. С.Пракоф’еў, І.Стравінскі, К.Шыманоўскі). Створаны новыя разнавіднасці Э.: для сольнага інструмента з аркестрам (Д.Міё), розных паводле складу інстр. ансамбляў (Б.Чайкоўскі). аркестра (Стравінскі).
Бел. кампазітары пісалі Э. для фп. (Л.Абеліёвіч, С.Аксакаў. У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, П.Падкавыраў, Э.Тырманд, У.Чараднічэнка), для скрыпкі (Абеліёвіч), фагота (Багатыроў), цымбалаў (І.Жыновіч, В.Войцік).
3) У літаратуры — невялікі празаічны або вершаваны твор, у якім у самым агульным. эскізным выглядзе адлюстраваны нейкі адзін жыццёвы момант. У дачыненні да празаічных твораў у бел. л-ры ў гэтым значэнні часцей выкарыстоўваецца тэрмін абразок. У бел. паэзіі Э. сустракаецца ў творчасці М.Танка («Эцюд»), Г.Бураўкіна («Эцюд рэўнасці»), А.Грачанікава (цыкл з чатырох вершаў «Эцюды») і інш. Часам гэтым тэрмінам вызначаюць жанравыя асаблівасці літ.-знаўчых даследаванняў («Эцюды аб прозе» Ф.Куляшова).
4) У тэатры — імправізаванае ці раней распрацаванае практыкаванне, якое складаецца з некалькіх сцэн. дзеянняў і мае на мэце развіваць і ўдасканальваць акцёрскую тэхніку. Адзін з метадаў работы над вобразам.
Л.Ф.Салавей (у выяўл. мастацтве), І.Дз.Назіна (у музыцы), В.П.Рагойша (у літаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма прафесійнага навучання музыкантаў розных спецыяльнасцей (кампазітары, выканаўцы, педагогі, музыказнаўцы), якая забяспечвае набыццё імі ведаў і навыкаў, неабходных для муз. дзейнасці. На Беларусі складаецца з 3 ступеняў: пачатковай — 7-гадовыя дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў; сярэдняй спецыяльнай — 4-гадовыя муз. і муз.-пед. вучылішчы, вучылішчы мастацтваў, каледжы, 12-гадовыя ліцэі пры кансерваторыях і акадэміях музыкі; вышэйшай — кансерваторыі, акадэміі музыкі, ф-ты музыкі ін-таў мастацтваў, муз.-пед. ф-ты пед. ін-таў і ун-таў, ун-ты культуры, а таксама магістратура, асістэнтура-стажыроўка (для выканальніцкіх спецыяльнасцей) і аспірантура.
На Беларусі ўзнікненне пач. форм М.а. звязана з дзейнасцю цэркваў, манастыроў (Сафійскі сабор, 2-я пал. 11 ст.; Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебская ў Гродне, усе 12 ст., і інш.) — гал. асяродкаў пісьменнасці таго часу, пры якіх існавалі школы. З 16 ст. пэўнае значэнне ў пашырэнні М.а. мелі брацкія школы і вучылішчы (у Мінску, Брэсце, Магілёве, Пінску), езуіцкія бурсы і калегіумы (Полацк, Нясвіж, Мінск і інш.). Адметная рыса муз. культуры Беларусі 18 ст. — дзейнасць прыватнаўласніцкіх т-раў і створаных пры іх аркестраў і капэл, для якіх кваліфікаваныя кадры рыхтавалі муз. школы, у т. л. Нясвіжская, Слуцкая, Слонімская, Шклоўская (гл. адпаведныя арт.), Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза. 1-я пал. 19 ст. адзначана разнастайнасцю форм калектыўнага і індывід. музіцыравання, пашыранага пераважна ў навуч. установах Мінска, Віцебска, Брэста, Гродна, Магілёва, Бабруйска і інш. М.а. набыла больш сістэматычны характар. Адкрыты муз. школы ў Гомелі (1830; пры ёй дзейнічаў духавы аркестр, кіраўнік школы і арк. Т.Сіпайла), у Мінску (1840) на чале з В.Стафановічам (рыхтавала музыкантаў для аркестра). У 1820—50-я г. значную ролю ў пашырэнні муз. ведаў адыгралі жаночыя пансіёны — агульнаадук. прыватныя навуч. ўстановы, у т. л. пансіёны М.Мантэграндзі, Д.Стафановіча, Цаханскай, Шнейдэр у Мінску, Мацэёўскага і Багдановічаў у Пінску, А.Петрашэнь у Гомелі, Яноўскай у Віцебску, Полацку, Гейдэль у Слуцку, Беера ў Мсціславе, Шастакоўскай у Брэсце і інш. Пэўную ролю ў М.а. адыгралі музычныя таварыствы, а таксама прыватныя ўрокі кваліфікаваных педагогаў — ураджэнцаў Беларусі, якія скончылі Пецярбургскую, Маскоўскую, Варшаўскую, Кёльнскую кансерваторыі. Працавалі таксама Мінская вакальная студыя Муранскай, Мінская музычная школа Шацкінай, Магілёўская муз. школа М.Пячкоўскай (з 1886), Мінскае вучылішча арганістаў. У пач. 20 ст. арганізаваны курсы сольных спеваў Ю.Рэйдэр у Магілёве (1902), Мінскае музычнае вучылішча, муз. школа С.Захарына ў Гомелі, муз. класы пры Віцебскім аддзяленні Рус.муз.т-ва (1915). У 1920-я г. арганізоўваліся самадз. гурткі, студыі, выканальніцкія калектывы; уводзілася выкладанне музыкі як абавязковага прадмета ў агульнаадук. школах; пашыралася канцэртна-асв. дзейнасць музыкантаў. У ліку першых прафес.муз. устаноў на Беларусі былі народныя кансерваторыі, у т. л. ў Віцебску (1918), Гомелі і Мінску (1919), Бабруйску (1921). Важнае значэнне мела арганізацыя музычных школ, тэхнікумаў у Віцебску (1922), Мінску (1924) і інш., якія пазней перайменаваны ў вучылішчы і каледжы (гл.Музычныя вучылішчы, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.Рымскага-Корсакава, Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага). У 1932 у Мінску адкрыта Бел. кансерваторыя (з 1992 Беларуская акадэмія музыкі). У 1999/2000 навуч.г. працуюць: Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, 9 муз. вучылішчаў, 2 каледжы (Брэсцкі музычны і Гомельскі мастацтваў), Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка (гл.Беларускі ліцэй мастацтва), Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі, 526 дзіцячых муз. школ і школ мастацтваў, 4 вучылішчы мастацтваў (Мінск, Пінск, Гродна, Віцебск), Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.Крупскай, Беларускі універсітэт культуры, муз.-пед.ф-тБел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка, пед.ф-тБел. акадэміі музыкі ў Магілёве.
Літ.:
В первые годы советского музыкального строительства. Л., 1959;
Из истории советского музыкального образования: Сб. материалов и док., 1917—1927. Л., 1969;
Асафьев Б.В. Избранные статьи о музыкальном просвещении и образовании. 2 изд Л, 1973;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Врпросы музыкальной педагогики Вып. 1—7. М., 1979—86;
Орлова Е.М. Методические заметки о музыкально-историческом образовании в консерваториях. М, 1983;
Лагутин А.И. Основы педагогики музыкальной школы. М., 1985;
Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII в. ... Казань, 1898;
Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;
Яконюк В.Л. Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1992;
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),
род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід.псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл.Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст.арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.
Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш.Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.Мантэвердзі, А.Скарлаці, Дж.Б.Пергалезі, Дж.Расіні, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні (Італія), Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, Л.Керубіні, Дж.Меербер, Ш.Гуно, Ж.Бізэ (Францыя), К.М.Вебер, Р.Вагнер, Р.Штраус (Германія), К.В.Глюк, В.А.Моцарт (Аўстрыя), С.Манюшка (Польшча), Б.Сметана, А.Дворжак, Л.Яначак (Чэхаславакія), Г.Пёрсел, Б.Брытэн (Англія), Дж.Гершвін, А.Копленд, Дж.К.Меноці, Д.Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.Глінкі (героіка-патрыят. О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.Барадзіна, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і інш.Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, І.Дзяржынскага, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, Ю.Шапорына, С.Сланімскага, А.Холмінава, А.Пятрова, В.Шабаліна, Э.Дзянісава, А.Шнітке, М.Лысенкі, Б.Ляташынскага, Ю.Мейтуса, В.Губарэнкі, Г.Майбарады, З.Паліяшвілі, А.М.М.Магамаева. М.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, А.Спецдыярава, У.Гаджыбекава, Ф.Амірава, Я.Брусілоўскага, Н.Жыганава, С.Бабаева, С.Юдакова, Ш.Сайфіддзінава, Ш.Чалаева і інш.
На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк.рэд. Дз.Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял.Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж.акад. харавой капэлы імя Р.Шырмы на сцэне Нац.акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.Г.Радзівіла «Фауст» (лібр. І.В.Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;
Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.
Г.Р.Куляшова.
Сцэна з оперы «Аіда» Дж.Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.