ЯМА́ЛА-НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл.Рас. Федэрацыі. Размешчана на ПнЗах. Сібіры, часткова за Паўн. палярным кругам; уключае і групу астравоў у Карскім м. (Белы, Алені, Шакальскага і інш.). Утворана 10.12.1930. Пл. 750,3 тыс.км². Нас. 507,4 тыс.чал. (2002), гарадскога 83%. Цэнтр — г.Салехард. Найб. гарады: Наябрск, Новы Урэнгой, Надым (гл. карту да арт.Цюменская вобласць).
Асн. ч.тэр. — забалочаная нізінная раўніна. На Пн, да берагоў Карскага м. і яго заліваў, прылягаюць прыморскія раўніны, на Пд пашыраны марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны. На З адгор’і Палярнага Урала (выш. да 1499 м, г. Паер), на ПдЗ Сібірскія Увалы і Паўн.-Сосьвінскае ўзвышша. Карысныя выкапні: прыродны газ (каля 6 трлн. м³; 37% сусв. і 90% запасаў Расіі), нафта і газавы кандэнсат (каля 1 млрд.т; 12% запасаў Расіі), золата, свінец, фасфаты, храміты, вапнякі і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма суровая, доўжыцца каля 8 месяцаў, з частымі мяцеліцамі і моцнымі бурамі. Сярэдняя т-растудз. ад -22 да -26 °C. Лета кароткае (каля 50 дзён), халаднаватае, з густымі туманамі. Сярэдняя т-раліп. ад 4 да 14 °C. Ападкаў 200—400 мм за год. На тэр. акругі каля 48 тыс. рэк, у т. л. 200 з даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі — Об, Таз, Надым, Пур, Месаяха. Каля 300 тыс. азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы тундравыя, глеевыя, балотныя, на Пд глеева-падзолістыя і падзоліста-балотныя. З Пн да Пд арктычная мохавалішайнікавая і хмызнячковая тундры паступова зменьваюцца лесатундрай. На Пд, па берагах рэк і азёр, лясы з сіб. лістоўніцы, елкі і кедра. У тундры трапляецца паўн. алень, заяц-бяляк, пясец і воўк; у паўд.ч. — собаль, каланок, вавёрка, бурундук, з птушак — белая і тундравая курапаткі, глушэц, рабчык і інш. У рэках і азёрах шмат рыбы (асетр, нельма, муксун, сіг), у Обскай і Тазаўскай губах водзяцца бялуха, нерпа. Верхнятазаўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — нафтагазавая (90% агульнага аб’ёму прадукцыі) уключае здабычу, першасную апрацоўку і транспарціроўку газу і нафты. Штогод здабываюць 530 млрд.м³ газу і 30 млн.т нафты і газавага кандэнсату. Асн. радовішчы газу — Урэнгойскае, Мядзведжае, Ямбургскае, Вэнгапураўскае і інш.; нафты — Халмагорскае і інш. Газаперапрацоўка на з-дах у Мураўленка, Наябрску, Вэнгапуры. Асн. прадпрыемствы галіны ў складзе канцэрна «Газпрам». Вытв-сць электраэнергіі на Урэнгойскай ДРЭС. Развіты лясная і дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Салехардзе (рыбакансервавы, малочны і інш. з-ды), Наябрску і інш. Аленегадоўля. Зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка). Пушны промысел. Бульбаводства (каля г. Салехард, у Краснаселькупскім, Шурышкарскім, Пураўскім р-нах). Даўж. чыгункі 495 км (Сургут—Новы Урэнгой, Сейда—Лабытнагі). Развіты трубаправодны транспарт. Сістэма газаправодаў звязвае акругу з еўрап.ч. Расіі, Уралам, Пд Сібіры, з замежнымі краінамі. Суднаходства па рэках Об, Надым, Пур, Таз і Паўн. марскім шляху. 3 аэрапорты. Мясц. перавозкі на аленях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЧНЯ́, Чэчэнская Рэспубліка (саманазва Ічкерыя). Размешчана на Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі, на Паўн. Каўказе. Пл. 15,7 тыс.км².
Нас. 609,5 тыс.чал. (2001), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць 38,8 чал. на 1 км². Жывуць чэчэнцы, рускія, інгушы і інш. Сталіца — г.Грозны.
Прырода. Займае цэнтр.ч.паўн. схілаў Вял. Каўказа (выш. да 4493 м, г. Тэбуласмта) і прылеглыя да яе Чэчэнскую раўніну і Церска-Кумскую нізіну. Карысныя выкапні: нафта, газ, мінер.буд. матэрыялы. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C на Церска-Кумскай нізіне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна 25 і 21 °C. Ападкаў 300—1000 мм за год. Гал. рэкі — Церак і Сунжа з прытокам Аргун. Глебы на раўніне каштанавыя, светла-каштанавыя і чарназёмныя, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на Церска-Кумскай нізіне палынна-салянкавая, на Чэчэнскай раўніне стэпавая і лесастэпавая, у гарах да 1600—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна букавыя), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ў гарах каменная і лясная куніцы, буры мядзведзь, дзік, казуля, воўк, лясны кот, з птушак — чорнагаловы грыф, каменная курапатка, каўказскі цецярук, у стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — дзікія качкі, драфа, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан.
Гісторыя. Першыя звесткі аб чэчэнцах (саманазва нахчый) у арм. крыніцах 7 ст.н.э.Асн. іх заняткамі былі горная жывёлагадоўля і земляробства. У 10 ст. на тэр. Ч. з Грузіі пашырылася хрысціянства, у 16 ст. з Дагестана пачаў пашырацца іслам, які з 18 ст. стаў у Ч. пануючай рэлігіяй. У час Персідскага паходу 1722—23рас. войскі ўпершыню сустрэліся з плямёнамі нахчый каля аула Чэчэн, і з таго часу ў Расіі народ нахчый сталі паз. чэчэнцамі, а яго зямлю — Ч. Да 20 ст. тут захаваўся стараж. падзел на роды (тайпы) і звычай кроўнай помсты. Рас. імперыя шляхам ваен. экспедыцый і пабудовы крэпасцей імкнулася заваяваць чэчэнцаў і выцесніць іх з урадлівых раўнін (засялялі казакамі) у горы. У Каўказскую вайну 1817—64 горная Ч. была ядром дзяржавы Шаміля. Пасля яго капітуляцыі (1859) Ч. ў складзе Церскай вобл. У 1859—65 каля 22 тыс. чэчэнцаў перасяліліся ў Турцыю. У канцы 19 — пач. 20 ст. сельская гаспадарка станавілася таварнай, развівалася нафтаздабыча, пракладваліся чыгункі, крэпасць Грозная вырасла ў буйны эканам. цэнтр г. Грозны. Сав. ўлада ў Ч. ўстаноўлена ў студз.—сак. 1918, канчаткова — у сак. 1920. З 20.1.1921 Ч. ў складзе Горскай АССР, з якой 30.11.1922 вылучана Чэчэнская аўт.вобл. У студз. 1934 утворана Чэчэна-Інгушская аўт.вобл., 5.12.1936 — Чэчэна-Інгушская АССР (ЧІАССР) са сталіцай у г. Грозны. У вер. 1942 — студз. 1943 невял. ч. ЧІАССР акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 рэспубліка скасавана, чэчэнцы і інгушы (459 486 чал.) выселены ва ўсх. раёны СССР за «антысавецкія выступленні» і «супрацоўніцтва з немцамі». У 1944—57 большасць тэр. Ч. ў складзе Грозненскай вобл., паўд.-ўсх. раёны — Дагестана. 9.1.1957 ЧІАССР адноўлена, чэчэнцы і інгушы вернуты на месцы ранейшага жыхарства. З 2-й пал. 1980-х г. актывізаваўся рух за незалежнасць Ч. 27.11.1990 Вярх. Савет ЧІАССР абвясціў яе дзярж. суверэнітэт; створаны каардынацыйны орган чэчэнскага нац. руху — Выканком чэчэнскага нац. з’езда (з чэрв. 1991 — Агульнанац. кангрэс чэч. народа — АКЧН) на чале з ген.-маёрам Сав. Арміі Дж.Дудаевым 3.9.1991 АКЧН зверг Вярх. Савет ЧІАССР. 27.10.1991 прэзідэнтам рэспублікі выбраны Дудаеў, які 2 ліст. абвясціў незалежную Чэч. Рэспубліку (Ічкерыю). Гэтыя акты не прызнала Рас. Федэрацыя. У снеж. 1991 утварылася асобная ад Ч. Інгушская Рэспубліка. Пасля безвыніковых перагавораў рас. ўрад 26.11.1994 увёў у Ч. войскі для «навядзення канстытуцыйнага парадку». Быў сфарміраваны ўрад Ч. на чале з Д.Заўгаевым. Сепаратысты адышлі ў горы і разгарнулі дыверсійную вайну, у ходзе якой 22.4.1996 рас. вайскоўцамі забіты Дудаеў. У жн. 1996 атрады сепаратыстаў захапілі Грозны і неўзабаве, паводле пагаднення ў г. Хасав’юрт, рас. войскі пакінулі Ч. У студз. 1997 прэзідэнтам рэспублікі выбраны А.Масхадаў. 12.5.1997 ён падпісаў з рас. урадам мірны дагавор, паводле якога вызначэнне паліт. статусу Ч. адкладалася да 2000. Да канца 1990-х г. у Ч. аформіўся звязаны з міжнар.тэрарыст. групоўкамі моцна мілітарызаваны ісламскі паліт. рэжым вахабісцкага кшталту, які імкнуўся экспартаваць мусульм.паліт. экстрэмізм у суседнія рэспублікі Рас. Федэрацыі. У жн.—вер. 1999 рас. войскі адбілі ўварванне вахабітаў з Ч. ў Дагестан і ў канцы 1999 — пач. 2000, пасля працяглых баёў, зноў занялі Ч. Сепаратысты на чале з Масхадавым перайшлі да тэрарыст. метадаў барацьбы. З дапамогай федэральнага цэнтра часовая адміністрацыя на чале з А.Кадыравым пачала аднаўляць разбураную за часы баёў эканоміку рэспублікі. Намаганні ўрада Расіі па ўсталяванні міру ў Ч. падтрымлівае міжнар. супольнасць, якая разглядае дзейнасць чэчэнскіх сепаратыстаў як адну з праяў міжнар.тэрарызму. У сак. 2003 на рэферэндуме больш за 90% яго ўдзельнікаў прагаласавала за прыняцце канстытуцыі Ч., якая замацавала яе аўт. статус у складзе Рас. Федэрацыі. У кастр. 2003 паводле новай канстытуцыі прэзідэнтам Ч. абраны А.Кадыраў.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — нафтаздабыўная, нафтаперапр. і нафтахімічная. Ч. панесла вял. страты ад ваен. дзеянняў, у выніку чаго значна знізіўся ўзровень эканам. развіцця. Здабыча нафты (у т. л. газавы кандэнсат) у 2000 склала 72,8 тыс.т, газу — 118 млн.м³. Вытв-сць электраэнергіі 117 млн.кВт∙гадз. (1998) пераважна на ЦЭЦ. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, мед. інструменты і інш.), харч., лясная і дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент і інш.). Маст. промыслы (разьба па дрэве, апрацоўка металу, дыванаткацтва). Пладаводства. Вінаградарства. Пасяўныя пл. ў 1993 займалі 330,8 тыс.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, кукуруза, рыс) 46,2%, тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) 5,8%, бульбай і агароднінай 4,7%, кармавымі культурамі 43,3%. Збор (тыс.т., 1993) збожжа — 213,4, бульбы — 36, агародніны — 49,2. Гадуюць танкарунных авечак, коз, буйн. раг. жывёлу (244,7 тыс. галоў, 1993), свіней (7,3 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Шаўкаводства. Даўж. чыгункі 304 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3057 км (2000). Гал. чыгунка Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарогі Грозны—Уладзікаўказ, Грозны—Махачкала. Нафтаправоды Грозны—Туапсэ, Грозны—Махачкала, газаправод Грозны—Уладзікаўказ і інш.
Літаратура чэчэнскага народа развіваецца з пач. 20 ст. ў цеснай узаемасувязі з інгушскай л-рай (гл. ў арт.Інгушэція). Заснавальнік чэчэнскай л-ры — С.Бадуеў (аўтар першых аповесці «Голад» і рамана «Петымат», абодва 1930). Складальнік чэчэнскага алфавіта (на аснове лац. графікі) — Х.Ашаеў (аўтар нарысаў, п’ес, гіст.-рэв. тэтралогіі «Палымяныя гады», 1957—64). Асн. тэмы твораў пісьменнікаў — гіст. мінулае народа, грамадз. і Вял.Айч. войны, жыццё вёскі, духоўнае аблічча сучасніка і інш. Сярод паэтаў Р.Ахматава, М. і А. Мамакаевы, Н.Музаеў, М.Сулаеў, празаікаў і драматургаў А.Айдаміраў, С.Арсанаў, У.Гайсултанаў, М.Мусаеў, А.Хамідаў. На бел. мову перакладзены асобныя творы М.Мамакаева, Ахматавай, М.Шамсуддзінава. Сярод перакладчыкаў Р.Баравікова, М.Маляўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак. 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш.).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.