ГУ́БЕР Аляксандр Андрэевіч

(1.4.1902, с. Каменка Чаркаскай вобл., Украіна — 16.6.1971),

савецкі гісторык-усходазнавец і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1966). Праф. (1935), д-р гіст. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1925). Працаваў у ін-тах гісторыі (1938—45, 1957—68), усеагульнай гісторыі (з 1968) і ўсходазнаўства (1950—56, у 1954—56 дырэктар) АН СССР. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (з 1937) і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (з 1946). Чл. Гал. рэдакцыі Сав. гіст. энцыклапедыі (з 1958). Гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1956—62). Віцэ-прэзідэнт (з 1965) і прэзідэнт (з 1970) Міжнар. к-та гіст. навук. Аўтар прац па гісторыі краін Паўд.-Усх. Азіі; адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі краін Азіі і Афрыкі для ВНУ.

Тв.:

Избр. труды. М., 1976.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́НКА Мікалай Нілавіч

(3.6.1876, в. Каменка Пензенскай вобл., Расія — 11.11.1946),

савецкі вучоны ў галіне хірургіі. Акад. АН СССР (1939), акад. АМН (1944). Ген.-палк. мед. службы (1944). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Юр’еўскі ун-т (г. Тарту; 1906). У 1910—16 працаваў у ім, з 1918 праф. Варонежскага, у 1923—30 — Маскоўскага ун-таў. Гал. хірург Сав. Арміі (1941-—46). У 1930—46 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, адначасова з 1934 узначальваў Цэнтр. нейрахіруг. ін-т (цяпер Ін-т нейрахірургіі яго імя). З 1944 прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па ваенна-палявой хірургіі і нейрахірургіі, пухлінах і траўматычных пашкоджаннях цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, парушэннях мазгавога кровазвароту. Заснаваў эксперым.-фізіял. школу ў нейрахірургіі. Ганаровы чл. Парыжскай акадэміі хірургіі, Брытанскага каралеўскага т-ва хірургаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Існуе прэмія яго імя.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1950—52.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б. нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.

В.І.Мянькоўскі.

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)