АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),

максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс. г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).

М.​Я.​Камароўскі.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎЕ ў граматыцы,

граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».

Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).

Я.​М.​Камароўскі.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.

Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 м — з некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.

Армацэментавыя канструкцыі: а — панэль хвалепадобнага профілю; б — зборна-маналітная абалонка з армацэментавых элементаў (крыты рынак «Камароўскі» ў Мінску).

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРА (лац. littera),

графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд. Мн., 1993;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯПЕ́ННЕ,

нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-й пал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).

Т.​В.​Габрусь.

Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.
Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),

падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр. б. СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.​Равецкі, Т.​Камароўскі, Л.​Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс. чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав. партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр. Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.

А.​М.​Літвін.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія),

правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.

Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел. фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел. літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.​Ф.​Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). Пастановай СНК БССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМ БССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.

Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш. Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.

Літ.:

Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Русская грамматика. Т. 1. М., 1980.

Я.​М.​Камароўскі.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён ва ўсх. ч. Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс. км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення

У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.

У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас. Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.

М.​Я.​Камароўскі.

Аршанскае ўзвышша ў Талачынскім раёне.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)