КА́НІНГЕМ (Cunningham) Уолтэр (н. 16.3.1932, г. Крэстан, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1960). З 1951 у ВМС ЗША. У 1964—71 у групе касманаўтаў НАСА. 11—22.10.1968 з У.Шырам і Д.Эйзелам здзейсніў касм. палёт на караблі «Апалон-7» (праводзілася першае лётнае выпрабаванне асн. блока «Апалона»). Кіраваў групай касманаўтаў па праграме «Скайлэб». Правёў у космасе 10,83 сут (163 абароты вакол Зямлі).

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР (Carr) Джэралд (н. 22.8.1932, г. Дэнвер, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1954). З 1949 у ВМС ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Э.Гібсанам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 3-га экіпажа), у час якога тройчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 48 мін). Правёў у космасе 84,04 сут. Залаты медаль «Космас» (ФАІ).

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫФІ́ЛД (Merrifield) Роберт Брус (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),

амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛІ (Hawley) Стывен (н. 12.12.1951, г. Атава, ЗША),

касманаўт ЗША. Бакалаўр у галіне фізікі, д-р філасофіі. Скончыў Канзаскі (1973) і Каліфарнійскі (1977) ун-ты. З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 30.8—5.9.1984, 24—29.4.1990, 11—21.2.1997 — на КК «Дыскаверы»; 12—18.1.1986, 23—28.7.1999 — на КК «Калумбія». Правёў у космасе 32,2 сут. 5 медалёў НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РМАН (Borman) Фрэнк (н. 14.3.1928, г. Гэры, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1950), Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1957). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 разам з Дж.​Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-7». 21—27.12.1968 разам з Ловелам і У.​Андэрсам ажыццявіў першы ў свеце палёт да Месяца на касм. караблі «Апалон-8». Агульная працягласць палётаў 18,7 сут. Імем Бормана названы кратэр на Месяцы.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКАМБ, Ліпскам (Lipscomb) Уільям Нан (н. 912.1919, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША), амерыканскі фізіка-хімік. Чл. Нац. АН ЗША (1961). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1946). З 1946 у Мінесоцкім (з 1954 праф.), з 1959 у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па квантава-хім. мадэляванні пераўтварэнняў малекул у ферментатыўных працэсах, па даследаванні прыроды хім. сувязі ў боравадародах. На аснове прапанаванага ім уяўлення аб двухэлектронных трохцэнтравых сувязях распрацаваў тэорыю будовы разнастайных гідрыдаў бору, карбаранаў, гетэракарбаранаў. Нобелеўская прэмія 1976.

У.Ліпскамб.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭМБ, Лэм (Lamb) Уіліс Юджын (н. 12.7.1913, г. Лос-Анджэлес, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1934). З 1948 праф. Калумбійскага і інш. ун-таў ЗША. Навук. працы па квантавай і статыстычнай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы і паскаральнай тэхніцы. Эксперыментальна выявіў зрух узроўняў энергіі ў атаме вадароду (гл. Лэмбаўскі зрух). Разам з інш. пабудаваў індукцыйны паскаральнік рэлятывісцкіх электронаў (1962), прапанаваў тэорыю газавага лазера (1964). Нобелеўская прэмія 1955.

У.Ю.Лэмб.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РКЕР (Parker) Роберт (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КСМАН (Waksman) Зельман Абрахам (22.7.1888, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.8.1973),

амерыканскі мікрабіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Д-р філасофіі (1918), праф. (1930). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Сан-Францыска (1918). У 1918—58 у Роджэрскім ун-це, адначасова з 1931 у Ін-це акіянаграфіі ў г. Вудс-Хол, у 1949—58 дырэктар Ін-та мікрабіялогіі Роджэрскага ун-та. Навук. працы па глебавай і марской мікрабіялогіі, вывучэнні антыбіётыкаў. Увёў тэрміны «антыбіёз» і «антыбіётык». Вынайшаў стрэптаміцын (1944). Нобелеўская прэмія 1952.

З.А.Ваксман.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ЯН (Lee Yuan) Юань Цзелі(н. 19 11.1936, г. Сіньчжу, Кітай), амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1979). Скончыў Нац. Тайваньскі (1959) і Каліфарнійскі ун-ты (1965), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы. Даследаваў шырокі клас рэакцый з удзелам свабодных атамаў фтору, вадароду, кіслароду, бору і інш., дынаміку элементарных працэсаў дэйтэрыравання, галагеніравання арган. злучэнняў, акіслення шматлікіх рэчываў. Развіў прынцыпова новыя ўяўленні аб механізме хім. рэакцый. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Д.Хершбахам і Дж.Полані).

Б.​В.​Корзун.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)