ВАЛАЧО́БНЫЯ ПЕ́СНІ, валачэўныя, валхоўныя, лалоўныя песні,

від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт. культуры. З інш. слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Валачобныя песні. Мн., 1980.

Літ.:

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Ліс А.С. Валачобныя песні. Мн., 1989.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)