ДАБРАЎЛЯ́НСКАЯ ЗБРАЁЎНЯ,

калекцыя ваен. зброі і амуніцыі 13—19 ст., сабраная А.Гюнтэрам (па паходжанні немец) у сваім маёнтку Дабраўляны (цяпер вёска ў Смаргонскім р-не). Экспанаты — шлемы, кірасы, латы, парахаўніцы, бердышы, алебарды, чаканы, стрэлы, баявыя сякеры, лукі, даспехі крыжакоў і інш. — былі размешчаны ў пабудаванай ім капліцы. У калекцыі былі ўзоры ваен. і паляўнічага ўзбраення розных стараж. магнацкіх родаў. На тэр. сядзіб Гюнтэр стварыў таксама музей нар. побыту (старыя хаты, аборы, борці і інш.). Пасля яго смерці (1854) б. ч. экспанатаў трапіла ў Варшаву.

Г.А.Каханоўскі.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДЗАР

(Windsor),

Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс. ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст. Вільгельм І Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІ́Н-СІ́ЦІ

(Benin City),

горад у паўд. ч. Нігерыі. Адм. ц. штата Бендэл. Засн. ў 12 ст. У сярэднія вякі (Вял. Бенін) і да канца 19 ст. сталіца дзяржавы Бенін. 203 тыс. ж. (1991). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прадпрыемствы па перапрацоўцы натуральнага каўчуку, вырабе шын, алейныя і лесапільныя з-ды, дрэваапр. і мэблевыя ф-кі. Вытв-сць сінт. дываноў. Гандл. цэнтр (пальмавыя ядры і алей, арэхі кола, какава, каўчук, каштоўная драўніна). Разьбярства па дрэве, слановай косці і інш. саматужныя рамёствы. Паблізу нафтапромыслы. Унікальная калекцыя бронзавай скульптуры 15—17 ст. Ун-т. Этнагр. Музей.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1982, адкрыты ў 1985 у г. Вілейка. Пл. экспазіцыі 258 м², больш за 19 тыс. экспанатаў асн. фонду. Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак з паселішча Сосенка і гарадзішча Малышкі на тэр. раёна, манетны скарб 17 ст., царк. летапісы канна 19 ст., дакументы і фотаздымкі пра гісторыю горада і раёна, удзел ураджэнцаў Вілейшчыны ў грамадз. вайне, партыз. руху ў Вял. Айч. вайну і яго кіраўнікоў А.С Азончыка, А.І.Валынца, матэрыялы пра ўраджэнцаў раёна мастака Н.Ю.Сілівановіча, паэтэсу Г.А.Новік, Герояў Сав. Саюза К.М.Зубовіча, У.С.Лаўрыновіча. Экспануюцца прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., калекцыя самавараў, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш.

Я.А.Ігнатовіч.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАШЫ́ЦКА-ГАРАДО́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.

Існавалі ў 17—19 ст. у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на. 1) У інвентары 1650 апісаны драўляны замак з абарончымі сценамі і 4 вуглавымі вежамі, абкружаны штучным ровам і сажалкамі. На замкавым двары стаялі 1-павярховы драўляны палац, дом «прускага муру», розныя гасп. пабудовы, стайня, вадзяны млын, тартак.

2) У інвентары 1745 апісана сядзіба (драўляны палац, фальварак, гасп. пабудовы, ставы з млынамі, рыбныя сажалкі).

3) У пач. 19 ст. за 1 км ад вёскі пабудаваны мураваны 2-павярховы палац у стылі несапраўднай готыкі. У ім знаходзілася каштоўная калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, сабраная М.Тышкевічам. Згарэў у 1860. Да 1876 побач пастаўлены новы мураваны атынкаваны палац. У вял. парку, што абкружаў палацы, быў звярынец.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯНА́РЫУМ,

басейн з марской вадой для ўтрымання марскіх жывёл: беспазваночных, рыб, паўзуноў, млекакормячых. Звычайна мае некалькі басейнаў рознага аб’ёму, адна бакавая яго сценка празрыстая для назірання. У невял. акіянарыумах трымаюць дробных рыб і беспазваночных, у буйных — вял. рыб, чарапах, ластаногіх, сірэн, кітападобных. Разнавіднасць акіянарыума — дэльфінарыі, дзе трымаюць дэльфінаў для вывучэння, дрэсіроўкі і паказу. Найб. колькасць акіянарыумаў у ЗША і Японіі. У Стэйнхарцкім акіянарыуме (г. Сан-Францыска, ЗША) 178 дэманстрацыйных, 192 запасныя акварыумы і басейны аб’ёмам ад 0,07 да 300 м³; у акіянарыуме «Сі Уорлд» (г. Сан-Дыега, ЗША) выдатная калекцыя рыб. Акіянарыум ёсць паблізу Ганалулу на Гавайскіх а-вах, а таксама ў Батумі (Аджарыя) і Клайпедзе (Літва). Маюць вял. значэння як культ.-асв., турыстычныя і н.-д. цэнтры.

т. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. Мае 5 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі каля 130 м²), каля 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У тэматычных залах матэрыялы пра мінулае Бярозаўшчыны, дакументы пра паўстанне 1863—64, падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, дзейнасць КПЗБ на тэр. раёна, падзеі Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі раёна ў пасляваенны час і інш.; матэрыялы пра знакамітых землякоў: дзеяча рэв. руху А.А.Альшэўскага, ген.-лейт. С.І.Любарскага, гісторыкаў П.В.Горына (Каляду), В.Д.Дружчыца, паэтэсу Р.А.Баравікову і інш. Сярод экспанатаў манетны скарб 15 — пач. 17 ст., драўляная скульптура 17 ст., керамічны посуд 17—18 ст., узоры нац. адзення, калекцыя драўляных муз. інструментаў, узоры прадукцыі мясц. прадпрыемстваў.

Г.С.Пуцыковіч.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,

старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар. т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віда прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБ’ЯДНА́НЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1946 у г. Барысаў, адкрыты ў 1950, да 1988 краязнаўчы музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 170 м²), больш як 31 тыс. экспанатаў (1995). Матэрыялы знаёмяць з гісторыяй узнікнення і развіцця Барысава (археал. знаходкі, дакументы часоў ВКЛ, зброя перыяду вайны 1812, этнагр. экспанаты, нумізматычная калекцыя і інш.), падзеямі рэв. руху, грамадз. вайны, рэпрэсіямі ў 1930-я г., партыз. рухам і дзейнасцю Барысаўскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну, аднаўленнем і развіццём гаспадаркі горада і раёна. Экспануюцца матэрыялы пра знакамітых землякоў: удзельнікаў рэв. руху, дзярж. дзеячаў, Герояў Сав. Саюза, вучоных, дзеячаў мастацтва і л-ры (А.Трусава, Я.А.Адамовіча, М.І.Марозава, Г.П.Гурыновіча, У.В.Кавалёнка, А.А.Анікейчыка, М.Клімковіча, І.Харыка і інш.), творы скульптараў і мастакоў. Мае навукова-даведачную б-ку; філіялы: Іканскі музей народнай славы, Дом-музей А.Ф.Купрыянавай у Жодзіне.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)