А́ФРЫКА,

другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн. км², з астравамі 30,3 млн. км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20 паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52 паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32 зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23 усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб. п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн. км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.

Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б. ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак. Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.

Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж. Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).

Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).

Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.

Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.

У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2° паўд. і 8° паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19° паўн. і 16° паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30° паўн. і 30° паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.

Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс. км²).

Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах. ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш. Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс. км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.

Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7° паўн. і 5° паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19° паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі ​1/5 зямель, прыдатных для ворыва.

Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт. Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.

Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.

Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн. чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.

Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.

Літ.:

Африка: Энцикл. справ Т. 1—2. М., 1986—87;

Галай Н.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Африка. [Кн. 1—3]. М., 1979—82.

Г.Я.Рылюк.

Да арт. Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.
Да арт. Афрыка. Дарога ў саванне.
Да арт. Афрыка. У афрыканскай саванне.
Да арт. Афрыка. Горныя лясы Уганды.

т. 2, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ А́ФРЫКІ У Афрыцы жыве каля 760 млн. чал. (ацэнка на пач. 1998). У расавых адносінах насельніцтва неаднароднае Прадстаўнікі негроіднай расы (каля 55% усяго нас.) жывуць на Пд ад Сахары. Блізкія да негроідаў маларослыя плямёны трапічных лясоў — пігмеі (каля 400 тыс. чал.). На Пд кантынента ў самастойную расавую групу вылучаюць бушменаў (сан) і гатэнтотаў (кой-каін; разам каля 175 тыс. чал.). Да еўрапеоіднай расы (каля 25% нас. Афрыкі) адносяцца арабскія і берберскія народы на Пн, якія ўваходзяць у паўд. адгалінаванне гэтай расы, і нашчадкі эмігрантаў з Еўропы (найб. у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, ПАР; каля 15% яе нас.). На ПнУ, у зоне кантактаў паміж негроідамі і паўд. еўрапеоідамі, яшчэ ў старажытнасці склаўся эфіопскі расавы тып; мяшаныя формы (т.зв. пераходныя і мяшаныя групы Судана) характэрныя і некаторым інш. народам на паўд. межах Сахары (фульбе, тубу, кануры і інш.). У выніку змяшання ў 17—19 ст. на Пд Афрыкі афрыканераў (бураў) і англічан з карэннымі жыхарамі ўтварыліся т.зв. каляровыя (больш за 3 млн. чал.). Усяго мяшанага еўрапеоідна-негроіднага насельніцтва каля 20%. Мальгашы на в-ве Мадагаскар належаць да паўд. адгалінавання мангалоіднай расы.

Афрыку насяляе больш за 1 тыс. народаў і буйных плямён. У канцы 20 ст. ў многіх раёнах кантынента сфарміраваліся і фарміруюцца новыя народнасці і нацыі з родаплемянных і лакальных этн. груп. 198 народаў налічваюць больш за 500 тыс. чал. кожны, іх агульная колькасць 664,7 млн. чал., або 87,5% усяго насельніцтва Афрыкі. З іх 6 народаў больш за 20 млн. чал. (егіпецкія арабы, або егіпцяне, — 54,2, хаўса — 30,8, іаруба — 26,2, фульбе — 23, ігба — 21,6, алж. арабы, або алжырцы, — 21,2) і 21 народ большы за 5 млн. чал. (мараканскія арабы, або мараканцы, — 19,4, арома, або гала, — 19, суданскія арабы, або суданцы, — 15, малагасійцы — 12,8, берберы Магрыба — 12, самалі — 10,3, малаві — 9,4, конга — 9,2, шона — 8,7, макуа — 8,5, руанда — 8,3, зулу — 8,2, коса — 7,4, луба — 7,2, рундзі — 7,2, ібібіо — 6,8, туніскія арабы, або тунісцы, — 6,3, луа — 6,1, кікую — 6, тыграі — 6, тсонга — 5,3). Найб. разнастайны этн. склад у Судане, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Танзаніі, Кеніі, ПАР, Камеруне, Эфіопіі, Гане і Угандзе. Большая частка насельніцтва Афрыкі (каля 690 млн. чал., або 91%) належыць да дзвюх моўных сем’яў: семіта-хаміцкіх моў (афразійскіх моў) і нігера-кардафанскіх моў (конга-кардафанскіх моў). Народы семіта-хаміцкай моўнай сям’і (уваходзяць семіцкая, кушыцкая, чадская і берберская групы) расселены пераважна на Пн, ПнУ і часткова на З Афрыкі (каля 290 млн. чал., 38% нас. Афрыкі). На арабскай мове (належыць да семіцкіх моў) гавораць егіп., алжырскія, мараканскія, суданскія, туніскія і лівійскія арабы, маўры Зах. Сахары і інш. (усяго каля 137 млн. чал.), на інш. семіцкіх мовах — амхара, тыграі, гураге, тыгрэ (разам 30,8 млн. чал., усе — аснова эфіопскай нацыі, жывуць часткова ў Эрытрэі і Судане). Народы кушыцкай групы (больш за 35 млн. чал.) — арома, самалі, беджа, камбата, афар жывуць пераважна на У Эфіопіі і ў Самалі, асобныя невял. народы — у Судане, Эрытрэі, Кеніі, Танзаніі. Народы чадскай групы, якую раней па найб. народзе называлі групай хаўса (больш за 35 млн. чал. — хаўса, бура, мандара, бадэ і інш.), расселены на Пн Нігерыі, у Нігеры, у раёнах на Пд і У ад воз. Чад. Берберамоўнае насельніцтва (каля 27 млн. чал. — берберы разам з кабіламі, рыфамі, шавія і інш., а таксама туарэгі), якое раней было пашырана ў Паўн. Афрыцы, цяпер жыве ў горных раёнах Марока, Алжыра і Туніса, у асобных раёнах Сахары. Амаль уся трапічная Афрыка на Пд ад Сахары і пояса саваннаў, у т. л. Цэнтр., Усх. і Паўд., заселена народамі нігера-кардафанскай моўнай сям’і (каля 400 млн. чал., 53% насельніцтва кантынента). Падзяляецца на 2 групы: нігер-конга і кардафанскую. У моўную групу нігер-конга ўваходзіць больш за 99% носьбітаў моў гэтай сям’і, яна падзяляецца на 6 падгруп: бенуэ-конга, ква, зах.-атлантычная, гур, мандэ, адамаўа-ўсходняя. Пераважная частка трапічнай і Паўд. Афрыкі населена народамі падгрупы бенуэ-конга. Каля 90% іх колькасці на Пд ад 6° паўн. ш. прыпадае на народы банту (больш за 200 млн. чал.). Найб. народы малаві, конга, шона, макуа, руанда, зулу, коса, рундзі, кікую, тсонга, тсвана, лух’я, монга, ньямвезі, суто, ганда, авімбунду, фанг, камба. На У Афрыкі разам з інш. мовамі банту вельмі пашырана ў якасці мовы міжнац. зносін мова суахілі, якой акрамя народа суахілі (2,4 млн. чал.) карыстаецца каля 60 млн. чал. У прыморскіх раёнах Зах. Афрыкі ад Ліберыі да Нігерыі пашыраны мовы падгрупы ква (больш за 92 млн. чал.), найб. народы — іаруба, ігба, ашанці, біні, эве, фон, бетэ, іджа, фанці, аньі, бауле, нупе і інш. У Зах. Афрыцы на Пн ад народаў падгрупы ква насельніцтва гаворыць пераважна на мовах зах.-атл. падгрупы (каля 36 млн. чал.), падгрупы гур, або вальтыйскай (каля 15 млн. чал.) і падгрупы мандэ (каля 16 млн. чал.). Найб. народы зах.-атл. падгрупы — фульбе і валоф, падгрупы гур — мосі, сенуфа, гурма; падгрупы мандэ — малінке, бамбара, мендэ, санінке, сусу. Пераважна ў Цэнтральнаафр. Рэспубліцы і на Пн Дэмакр. Рэспублікі Конга жывуць народы адамаўа-ўсходняй падгрупы (каля 8,5 млн. чал.) — зандэ, банда, гбайя і інш. На Пд Сахары, ва Усх. Судане, у басейне верхняга цячэння р. Ніл, часткова ў Кеніі, Танзаніі і Угандзе жывуць народы ніла-сахарскай сям’і (каля 38,5 млн. чал., 5% нас. Афрыкі). Вылучаюць 6 моўных груп, найб. колькасць мае шары-нільская група (больш за 28 млн. чал.); найб. народы — луа, дзінка, календжын, нубійцы, тэса, нуэр, ланга, мору-мангбету, сара. З інш. груп гэтай моўнай сям’і вылучаюцца народы кануры і сангай. Востраў Мадагаскар і суседнія астравы насяляюць мальгашы — прадстаўнікі зах.-аўстранезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў. Пустыню Калахары і суседнія раёны насяляюць гатэнтоты (кой-каін) і бушмены (сан), іх мовы складаюць кайсанскую сям’ю моў. Насельніцтва еўрап. паходжання — афрыканераў (бураў), англаафрыканцаў, англічан, іспанцаў, партугальцаў, французаў, італьянцаў, грэкаў і інш. каля 12 млн. чал. (1,6% нас. кантынента). Найбольш іх у ПАР. Там жывуць і групы еўрап.-афр. метысаў (т.зв. каляровыя), якія гавораць на афрыканерскай і англ. мовах. Іх крыху больш за 3 млн. чал. На Канарскіх а-вах жывуць іспанцы (каля 1,5 млн. чал.), на в-ве Мадэйра — партугальцы (каля 0,3 млн. чал.). На Пд і У Афрыкі жывуць групы выхадцаў з Індыі і Пакістана. Ураджэнцы Еўропы і п-ва Індастан складаюць большасць насельніцтва Маскарэнскіх і некаторых інш. дробных астравоў. У Афрыцы ёсць невял. групы выхадцаў з Кітая, Інданезіі, араб. краін Азіі.

Больш за 41% вернікаў у Афрыцы вызнаюць іслам, 48% — хрысціянства, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Мусульмане-суніты складаюць абсалютную большасць насельніцтва (больш за 85%) у 12 краінах пераважна на Пн Афрыкі: у араб. краінах, Маўрытаніі, Малі, Нігеры, Самалі, Гамбіі, Джыбуці. Каля 30—50% насельніцтва — мусульмане, жывуць у Нігерыі, Эфіопіі, Танзаніі, Кот-д’івуары, Буркіна-Фасо, Чадзе, Сьера-Леоне. У 26 краінах Зах., Цэнтр., Усх. і Паўд. Афрыкі большасць вернікаў — хрысціяне. Яшчэ ў 11 краінах іх ад 20 да 50%. Больш за 85% насельніцтва хрысціян у Рэспубліцы Каба-Вердэ, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Лесота, Экватарыяльнай Гвінеі, Бурундзі, Намібіі, Габоне, Рэспубліцы Конга, Анголе. У Нігерыі 50% насельніцтва — хрысціяне, пераважаюць на Пд, у Эфіопіі — 58%, пераважна монафісіты, жывуць на З і Пн, у ПАР 73%. Сярод хрысціян прыкладна па 40% католікаў і пратэстантаў, астатнія монафісіты і праваслаўныя, а таксама прыхільнікі незалежных хрысц. афр. цэркваў і сектаў. Традыц. вераванні пашыраны сярод значнай часткі карэннага насельніцтва на Пд ад Сахары, асабліва ў Ліберыі, Буркіна-Фасо, Цэнтр.-Афр. Рэспубліцы, Конга, Зімбабве, Замбіі. У Афрыцы жыве каля 1,5 млн. індуістаў, ёсць групы будыстаў, канфуцыянцаў і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.Я.Афнагель.

т. 11, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)