Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IАднавіцель
(Kazimierz I Odnowiciel; 25.7.1016—24.10 ці 28.11.1058),
старажытнапольскі князь (1039(7)—1058] з дынастыі Пястаў. Заняў прастол пры падтрымцы герм. імператара Генрыха III і Венгрыі ва ўмовах заняпаду цэнтр. улады, адасаблення Памор’я і Мазовіі, нар. паўстання і нападу чэш.кн. Бржэціслава I на Сілезію і Велікапольшчу. Заключыў саюз з кіеўскім князем Яраславам Мудрым (1041) і з яго дапамогай вярнуў Мазовію (каля 1047). У 1050 адваяваў у чэхаў Сілезію. Аднавіў дзярж. структуры з цэнтрам у Кракаве, а таксама сетку польскіх біскупстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IIIВялікі
(Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, г. Коваль, Польшча — 5.11.1370),
польскі кароль [1333—70]; апошні кароль з дынастыі Пястаў. Імкнуўся да ўзмацнення і аднаўлення цэласнасці Польшчы, апіраючыся на саюз з Венгрыяй і папствам. У 1343 заключыў мір з крыжакамі. У 1349—52 пры падтрымцы Венгрыі захапіў б.ч. былога Галіцка-Валынскага княства, у 1356 падпарадкаваў Мазовію, у 1365 — Сантак і Дрэздэнка, у 1368 адваяваў у Брандэнбурга ч. Новай Маркі. Імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, спрыяў развіццю гарадоў, рамёстваў, гандлю. Ажыццявіў кадыфікацыю звычаёвага права (гл.Вісліцка-Петракоўскія статуты 1346—47), у 1334 выдаў прывілей для яўрэяў з мэтай урэгулявання іх прававога статуса ў Польшчы, упарадкаваў падаткі і правёў грашовую рэформу. Пабудаваў каля 50 замкаў. Заснаваў у Кракаве ун-т (1364, першы ў Польшчы).
Літ.:
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Dąbrowski I. Kazimierz Wielki, twórca Korony Królestwa Polskiego. Wrocław etc., 1964.