АЎЭ́ЗАЎ (Мухтар Амарханавіч) (28.9.1897, урочышча Чынгістаў Сяміпалацінскай вобл., Казахстан — 27.6.1961),
казахскі пісьменнік і вучоны. Акад.АН Казахстана (1946). Засл. дз. нав. Казахстана (1957). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У трагедыі «Енлік-Кебек» (1917, новая рэд. 1957) паказаны звычаі і норавы феад.-радавога грамадства. У яго апавяданнях, аповесцях, п’есах, нарысах адлюстравана жыццё і побыт каз. аула. Стваральнік першага нац.гіст. рамана-эпапеі «Шлях Абая», які складаецца з 2 кн.: «Абай» (т. 1—2, 1942—47; Дзярж. прэмія СССР 1949) і «Шлях Абая» (т. 1—2,1952—56; Ленінская прэмія 1959). Аўтар рамана «Племя маладое» (незавершаны; апубл. 1962). Даследаваў гісторыю каз. і кірг. л-ры, фальклор.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1973—75.
Літ.:
Каратаев М. Мухтар Ауэзов: Заметки о творчестве. Алма-Ата, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛДАГАЛІ́ЕЎ (Джубан) (5.10.1920, с. Жыланды Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 6.10.1988),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Уральскі с.-г. тэхнікум (1940). Друкаваўся з 1939. Першы зб. вершаў і паэм «Песні перамогі» (1949). У кнігах паэзіі «Светлы шлях» (1951), «Пульс часу» (1963), «Закаханымі вачыма» (1964), «Стагоддзі і імгненні», «Пазбаўлены кайданоў» (абодва 1969, за апошні Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1970), «Арліны стэп» (1974) і «Сель» (1977, за абодва Дзярж. прэмія СССР 1978), «Ступені Байканура» (1977) і інш. асэнсаванне гіст. лёсу каз. народа, духоўнае станаўленне асобы, эпічная шматпланавасць, спалучаныя з лірызмам і паэт. вобразнасцю. Пераклаў на каз. мову вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Зуёнак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, У.Шахавец, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ ЗЯМЛІ́ (КаЗ),
сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе зямельныя адносіны на тэр. Беларусі. Прыняты Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 11.12.1990, уведзены ў дзеянне 1.1.1991 і дзейнічае з пазнейшымі дапаўненнямі і зменамі. Складаецца з прэамбулы, 16 раздз., 17 глаў, 141 артыкула. Рэгулюе зямельныя адносіны і накіраваны на стварэнне ўмоў для рацыянальнага выкарыстання і аховы зямель, аднаўленне ўрадлівасці зямлі, захаванне і паляпшэнне навакольнага асяроддзя, для раўнапраўнага развіцця ўсіх форм гаспадарання. У ім сфармуляваны агульныя палажэнні, што замацоўваюць права краіны на зямлю, вызначаны склад зямель, кампетэнцыя Саветаў дэпутатаў на прадастаўленне зямель ва ўладанне і карыстанне, рэгулююцца правы і абавязкі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначаны нормы па землеўладанні грамадзян і землекарыстанні, вызначаны прававы рэжым асобных катэгорый зямель. Кодэкс рэгулюе пытанні пакрыцця страт, нанесеных землеўладальнікам ці землекарыстальнікам, вырашэння зямельных спрэчак і адказнасці за парушэнне зямельнага заканадаўства і інш. У сувязі з тым, што многія палажэнні КаЗ устарэлі, падрыхтаваны новы праект кодэкса, які ў бліжэйшы час будзе разгледжаны парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ АРДА́, Ак-Арда,
удзел (улус) у складзе Залатой Арды ў 13—14 ст. На думку некаторых гісторыкаў, уключала Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ, Паўн. Прычарнамор’е, стэпы Казахстана (улус хана Шыбана), інш. лічаць, што Белая Арда займала землі па ніжнім цячэнні Сырдар’і і належала нашчадку хана Арды. У 15 ст. на тэр. Белай Арды з’явіліся новыя дзярж. ўтварэнні: Нагайская Арда, узб. і каз. ханствы.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРГАЛІ́ЕЎ (Хамід) (н. 27.10.1916, пас. Новабагацінскі Гур’еўскай вобл., Казахстан),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1986). Вучыўся ў Казахскім ун-це (1939—41). Аўтар каля 30 паэт. зборнікаў. У кнігах вершаў і паэм «Споведзь бацькі» (1947), «Дзяўчына з нашага аула» (1950), «Твая рака» (1953), «Курмангазы» (1962), «Залатая чаша» (1981; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1982) адлюстраваў жыццё і побыт каз. народа ў розныя гіст. эпохі. Аўтар апавяданняў, нарысаў, публіцыстычных артыкулаў і інш. Творы Д. перакладзены на мовы народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМБЕ́ТАЎ (Азербайджан Мадзіевіч) (н. 1.9.1932),
казахскі рэжысёр. Нар.арт.СССР (1976). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1957 рэжысёр, з 1964 гал. рэжысёр Каз.акад.т-ра драмы імя М.Аўэзава. Сярод пастановак: «Ваўчаня пад шапкай» і «Свацця прыехала» К.Мухамеджанава, «Летуценнікі» А.Абішава, «Айман Шалпан» Аўэзава, «Абай» Аўэзава і Л.Собалева, «Казы-Карпеш і Баян-Слу» Г.Мусрэпава, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Кроў і пот» паводле А.Нурпіесава і інш.Дзярж. прэмія СССР 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙСЕІ́ТАВА (Куляш) (Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),
казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар.арт.СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),
мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕСАРЫ́ КАСЫ́МАЎ (1802—1847),
дзеяч казахскага нац.-вызв. руху. Унук хана Аблая. Султан, з 1841 хан Сярэдняга жуза (плем. аб’яднанне на ПнУ сучаснага Казахстана, у 1740 пры хане Аблаю далучаны да Расіі). Выступаў за аддзяленне Казахстана ад Рас. імперыі і супраць палітыкі рас. улад, якія абмяжоўвалі правы каз. знаці. У 1837—47 кіраваў антырас. ўзбр. паўстаннем казахаў; аснову яго войска складалі дружыны сваякоў. Меў падтрымку з боку сярэднеазіяцкіх ханстваў. У 1846 выцеснены рас. войскамі на Пд у межы Старэйшага жуза. Загінуў у час набегу на кіргізаў.