КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),

група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.

Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.​Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал. раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.​П.​Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬЯ́Н,

стараж. горад, рэшткі якога захаваліся недалёка ад сучаснага г. Аньян (правінцыя Хэнань, Кітай); апошняя сталіца дынастыі Шан-Інь. Заснаваны Пань Гэнам у 14 ст. да н.э., разбураны ў 1027 да н.э. плямёнамі чжоў. Памеры горада каля 292 × 143 м, вонкавых умацаванняў, верагодна, не было. Раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, магільныя скляпы іньскіх правіцеляў і знаці, шматлікія жытлы. Найб. цікавыя знаходкі ў царскіх пахаваннях, куды разам з царом хавалі яго світу з канямі, клалі пахавальныя прынашэнні.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТАІ́Т (назва ад першай знаходкі на Алтаі),

мінерал класа тэлурыдаў. Мае Pb 60,2—61,3% і Te 36,8—38,4% з інш. прымесямі. Часта ў цесных зрашчэннях з самародным золатам, серабром, галенітам. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе дробных украпаных зярнят (у галеніце); зрэдку ўтварае крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 8,2—8,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал; сустракаецца ў невял. колькасцях у рудах свінцова-цынкавых і золата-сярэбраных радовішчаў.

Алтаіт.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЭСК»,

жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.​Я.​Бардон.

Метэарыт «Грэск».

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭПАНАФІ́КУС (Drepanophycus),

род выкапнёвых раслін кл. дзеразападобных. Вядомы з адкладаў дэвону. Знаходкі Д. вядомы ў Казахстане, на Урале, у Бельгіі, Чэхіі, на Пн Амерыкі, Аўстраліі, на Шпіцбергене. Раслі на нізкіх узбярэжжах, якія перыядычна заліваліся вадой, што стварала мноства прамежкавых біятопаў (ад марскіх да кантынентальных). Найб. пашыраныя віды D. spinaeformis (тыповы від роду), D. gaspianus, D. crepinii, D. spinosus.

Травяністыя расліны выш. да 1 м, з плоскім або акруглым у папярочным сячэнні шчацінкападобным лісцем, якое размешчана па спіралі. Лісце і сцёблы мелі шматлікія вусцейкі.

Т.​Р.​Абухоўская.

Дрэпанафікус.

т. 6, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎСК,

тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Галоўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на паўд. ускраіне тарфяніку Крывіна. На 1-й стаянцы выяўлены 2 культ. гарызонты: у ніжнім — крамянёвыя і касцяныя вырабы, абломкі гладкасценных слабаарнаментаваных гаршкоў крывінскага варыянта нарвенскай культуры 2-й пал. 3-га тыс. да н.э.; у верхнім — рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, прылады працы з рогу і косці, крамянёвыя вырабы паўночнабеларускай культуры 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Знаходкі астатніх стаянак адпавядаюць знаходкам з культурных пластоў 1-й стаянкі.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎГМАЛЕ,

гарадзішча жал. веку і ранняга сярэднявечча (канец 1-га тыс. да н.э. — канец 12 ст.) у Латвіі. За 22 км на У ад Рыгі, на левым беразе Зах. Дзвіны (Даўгавы). Месца перасячэння заходнядзвінскага шляху з сухапутным шляхам з Пд і Пн, значная ч. якога праходзіла праз Беларусь. Даследаваў у 1966—70 В.​А.​Уртанс. Знаходкі (сканд., герм., слав., фін., балцкія, візант., араб. вырабы, зах.-еўрап. манеты) даюць падставу сцвярджаць, што Д. было буйным рамесным і гандл. цэнтрам, да 10 ст. належала земгалам, у 11—12 ст. заселена этнічна змешаным насельніцтвам.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)