КАЛІО́ПА (грэч. цудоўнагалосая),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі старэйшая з дзевяці алімпійскіх муз, апякунка эпічнай паэзіі і навукі. Паводле міфаў, К. — дачка Зеўса і багіні памяці Мнемасіны, маці знакамітых спевакоў Арфея і Ліна. Яе звычайна малявалі з навошчанымі дошчачкамі і стылом (палачкай для пісання).

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЫ, Горы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіні пораў года: Эўномія («добразаконне»), Дзіке («справядлівасць»), Эйрэна («мір»). Лічыліся дочкамі Зеўса і Феміды, сёстрамі мойраў і харыт. Паводле пашыраных міфаў, О. ўпарадкоўваюць жыццё чалавека, уносяць у яго ўсталяваную перыядычнасць, назіраюць за яго заканамерным рухам. У «Іліядзе» О. сцерагуць воблачную браму Алімпа.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕФЕ́СТ,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн. г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.​П.​Рубенса, Ф.​Парміджаніна, Д.​Веласкеса, Я.​Пальмы Малодшага, А.ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.​Радэн) і жывапісе (П.​П.​Рубенс, Ф.​Салімена, А.​Бёклін, Л.​Карынт і інш.).

Палада і кентаўр. Мастак С.​Батычэлі. 1480-я г.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГІ́МНІЯ, Палімнія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. П. — муза сур’ёзнай гімнічнай паэзіі, ёй прыпісвалі вынаходніцтва ліры. Імя П. паказвае на тое, што паэты — стваральнікі гімнаў набывалі бессмяротную славу. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі П. ў задуменнай позе і са скруткам у руках.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭ́ЙСКАЯ ПЯЧО́РА,

свяшчэнная пячора на гары Іда на в-ве Крыт. Месца, куды мінойцы прыносілі дары сваім багам, т.зв. вотыўныя дары. Выключную каштоўнасць мае знойдзены тут набор арнаментаваных шчытоў 8—7 ст. да н.э., якія сведчаць пра маст. ўплыў Сірыі і Асірыі. І.п. лічылася адным з мяркуемых месцаў нараджэння Зеўса.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЗА́НТ,

у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ, Гіякінф,

у грэчаскай міфалогіі прыгожы юнак, любімец Апалона; сын спартанскага цара Амікла, праўнук Зеўса. Дыск, кінуты Апалонам, выпадкова забіў Гіяцынта. З крыві Гіяцынта выраслі кветкі гіяцынты. Месцам культу Гіяцынта быў г. Аміклы каля Спарты. У гонар Апалона ладзілі свята гіякінфія. Сюжэт міфа адлюстраваны ў карціне Дж.​Цьепала, оперы В.​А.​Моцарта і інш.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)