ГЕГА́РТ (Раман Міхайлавіч) (27.9.1908, г. Крамянчуг, Украіна — 6.9.1982),
архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1948). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1934). З 1949 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект». З 1954 у праектных арг-цыях Масквы. Асн. работы ў Мінску: універмаг (ГУМ; у аўт. калектыве), будынкі тэлевізійнага цэнтра па вул. Камуністычнай (1956, у сааўт.) і Бел. кансерваторыі (1958), жылыя дамы па вуліцах Кірава, Камуністычнай, Захарава, Казлова, Чырвонай (1950—54); рэстаран «Заслаўе» пад Мінскам (1975, у сааўт.). Жылыя і грамадскія будынкі ў Маскве, Сочы, Калінінградзе, Падольску, Серпухаве, а таксама за мяжой (Афганістан, М’янма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,
група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г.Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш.усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БКА,
невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).
У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦІМО́ВІЧ (Анатоль Яфімавіч) (н. 26.9.1940, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Выкладчык АМ Беларусі (з 1966). Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: мемарыяльны комплекс «Слава» ў г. Алматы (1975, у сааўт.), рэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Бел. цэнтра моды ў Мінску (1979), манум. кампазіцыя «Рагнеда» (1992) у Заслаўі, Дзярж. герб Беларусі на Доме ўрада (1994). Станковыя работы: «Трубач» (1969), «Араты», «Змена» (абедзве 1980). Распрацоўвае гіст. вобразы Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, княгіні Вольгі. Адзін з аўтараў Кургана славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльнага комплексу (уваход) Брэсцкай крэпасці-героя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Панцеляймон; ?—18.11.1154),
старажытнарускі князь, сын наўгародскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127, калі княжыў у Курску, прыняў удзел у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю. Дасягнуўшы Лагожска (Лагойска), пайшоў на Ізяслаўль (Заслаўе), паланіў кн.Брачыслава. Пасля высылкі ў 1129 полацкіх князёў у Візантыю атрымаў ад вял. князя кіеўскага княжанне ў Полацку. У 1132 пераведзены ў Пераяслаўль, потым у Менск (Мінск), атрымаўшы ў дадатак Тураў і Пінск. У 1135, пасля вызвалення Полацка ад уплыву Кіева, пераехаў у Ноўгарад, затым ва Уладзімір-Валынскі. У 1146, калі стаў вял. кіеўскім князем, выгнаў з Турава свайго дзядзьку Вячаслава Уладзіміравіча, які захапіў у яго шэраг гарадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Ігар Вячаслававіч) (н. 18.5. 1954, Мінск),
бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г.Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар.арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).
Тв.:
Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.М.Марозавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г.Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, рас. імперыі і БССР у 15—20 ст. Утвораны на тэр.Мінскага княства пасля яго ўключэння ў ВКЛ і пераходу пад кантроль вял. князя. Да 1565 уваходзіў у Віленскае ваяв. як гіст. адзінка. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключаны ў Мінскае ваяводства, яго тэрыторыя пашырана за кошт б. Заслаўскага і Лагожскага княстваў (паветаў), часткі Барысаўскай, Любашанскай, Свіслацкай валасцей на правым беразе р. Бярэзіна. Устаноўлена сістэма службовых асоб: кашталян, падкаморы, харунжы і інш., а таксама гродскі і земскі суды. У павет уваходзілі гарады Мінск і Барысаў, каля 45 мястэчак, з іх буйнейшыя — Беразіно-Любашанскае, Гайна, Заслаўе, Ракаў, Смалявічы. Пасля далучэння да Расіі ў 1793 павет скасаваны, у 1795 адноўлены ў меншых памерах і ўключаны ў Мінскае намесніцтва. З 12.12.1796 у Мінскай губерні, да М.п. далучаны часткі скасаваных Вілейскага і Нясвіжскага пав. Яго тэрыторыя складала каля 4,5 тыс. кв. вёрст (каля 5 тыс.км²), статус мястэчак захавалі Астрашыцкі Гарадок (Гарадок Тышкевіцкі), Бяларуч, Дубровы, Заслаўе, Івянец, Камень, Койданава, Мікалаеўшчына, Пяршай, Ракаў, Рубяжэвічы, Саламярэцкі Гарадок (Гарадок-Хмарынскі), Самахвалавічы, Свержань, Слабодка, Стоўбцы. У сярэдзіне 19 ст. ў павеце 808 сёл і вёсак, 246 засценкаў і інш. дробных паселішчаў. Насельніцтва ў 1816 было каля 92 тыс.чал., у 1857 каля 121 тыс.чал. У 1861 тэр. М.п. падзелена на воласці, пасля пераразмеркавання ў 1864—66 іх было 19, у 1898 у М.п. стала 16 валасцей. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.ч. павета (Засульская, Івянецкая, Пяршайская, Ракаўская, частка Рубяжэвіцкай і Стаўбцоўскай вол.) адышла да Польшчы. Павет скасаваны 17.7.1924, асн. яго частка ўключана ў Мінскую акругу, частка Магільнянскай вол. — у Слуцкую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Анатоль Аляксандравіч) (11.12.1934, Мінск — 19.3.1995),
бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Засл.арх. Беларусі (1991). Канд. архітэктуры (1967). Праф. (1991). Сын А.П.Воінава. Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у «Белдзяржпраекце», з 1963 выкладаў у БПІ (з 1985 дэкан арх. ф-та Бел.політэхн. акадэміі). Асн. работы: карпусы ін-таў фізікі (1963) і матэматыкі (1964) АН Беларусі, вылічальны цэнтр ЦСУ Беларусі (1965), жылыя дамы ў Мінску, Светлагорску (1963—65), рэстаран «Заслаўе» каля Мінска (1975, у сааўт.) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за кн. «Гісторыя архітэктуры Беларусі (савецкі перыяд)» (1975).
Тв.:
Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975 (разам з С.Ф.Самбуком);
И.Г Лангбард. Мн., 1976;
Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).