ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,

парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 85​1, 85​2).

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЫЎНА́Я ГРА́МАТА,

дакумент аб адкліканні ўрадам свайго дыпламат. прадстаўніка ў замежнай дзяржаве. Падпісваецца кіраўніком дзяржавы, што прызначыла дыпламат. прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМП’Ю́ТЭР (англ. computer ад лац. computo лічу, вылічваю),

адна з назваў электронных вылічальных машын, прынятая ў замежнай л-ры (пераважна ў англійскамоўнай). Тэрмін звычайна выкарыстоўваецца ў дачыненні да персанальных ЭВМ.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).

Г.І.Краўцова.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФ-ШОР (англ. off shore літар. ўдалечыні ад берага, г. зн. не на тэрыторыі краіны),

від кампаніі, якая створана або зарэгістравана на тэр. замежнай, гал. чынам невялікай дзяржавы і карыстаецца падатковымі льготамі, тое, што падатковая гавань.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГАЛІЗА́ЦЫЯ,

1) дазвол дзейнасці якой-н. арг-цыі, яе ўзаконенне, наданне юрыд. сілы якому-н. акту, дзеянню.

2) Пацвярджэнне сапраўднасці подпісаў на дакументах. Л., як правіла, належаць дакументы, складзеныя за мяжой або прызначаныя для дзеяння ў замежнай дзяржаве. Выконваецца ў форме засведчанага надпісу консула («консульская Л»).

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ,

абарона дзяржавай сваіх грамадзян пры парушэнні іх правоў і інтарэсаў у замежнай дзяржаве. Ажыццяўляецца праз дыпламат. і консульскія прадстаўніцтвы за мяжой. Рэгулюецца міжнар. пагадненнямі, двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і нац. Заканадаўствам. Абарону і заступніцтва грамадзян Беларусі на яе тэр. і за межамі дзяржавы гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

цэнтралізаваныя запасы золата і замежнай валюты, што знаходзяцца ў цэнтр. (нац.) банках і фін. органах краіны ці ў міжнар. валютна-крэдытных арг-цыях. Выкарыстоўваюцца пераважна для рэгулявання знешніх разлікаў, пакрыцця дэфіцыту плацежнага балансу, стабілізацыі валютнага курсу на валютных рынках, у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАРЫ́НАК,

рынак еўравалют, міжнар. рынак пазыковых капіталаў, на якім аперацыі ажыццяўляюцца ў еўравалютах. Створаны ў Еўропе ў канцы 1950-х г. У якасці крэдытораў на Е. выступаюць пераважна прыватныя камерцыйныя банкі, а ў ролі пазычальнікаў — транснац. карпарацыі і дзяржавы, якія адчуваюць патрэбу ў замежнай валюце. Аперацыі Е. праводзяцца ў выглядзе кароткатэрміновых (да 18 месяцаў) крэдытаў.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЙСТЭ́РСТВА»,

штоквартальны навукова-практычны часопіс прафесіянальнай адукацыі. Выдаецца з 1993 у Мінску на бел. і рус. мовах Рэсп. ін-там прафес. адукацыі. Асвятляе стан, перспектывы, дасягненні сучаснай айч. і замежнай адукацыі. Скіраваны на фарміраванне канцэптуальна новых падыходаў у сферы адукацыі. Змяшчае тэарэт. і практычныя рэкамендацыі павышэння майстэрства і ўмельства ў розных відах дзейнасці, навук. распрацоўкі бел. вучоных.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)