«ГРУ́НВАЛЬД»,

летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-ва бел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.

А.​Ю.​Лозка.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦТВА»,

штомесячны навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Орган Мін-ва культуры, Дзярж. к-та па кінематаграфіі, Бел. саюзаў мастакоў, кампазітараў, кінематаграфістаў і Бел. тэатр. аб’яднання. Выдаецца з 1983 у Мінску на бел. мове. Да 1992 наз. «Мастацтва Беларусі». Публікуе матэрыялы па пытаннях эстэтыкі, тэорыі і гісторыі бел. мастацтва, маст. спадчыны, асвятляе развіццё сучаснага прафес., нар. і самадзейнага мастацтва, творчасць дзеячаў мастацтва Беларусі, а таксама культ. жыццё і творчасць беларусаў замежжа і нац. меншасцей на Беларусі. Вядзе хроніку маст. жыцця рэспублікі, публікуе рэцэнзіі на новыя кнігі.

Вокладка часопіса «Мастацтва».

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІК (Лідзія Сямёнаўна) (н. 1.3.1936, в. Камуна Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец і крытык. Сястра І.​С.​Шыкуновай. Канд. філал. н. (1977). Акад. Міжнар. АН Еўразіі (1995). Скончыла БДУ (1962). Настаўнічала. Працавала ў Цэнтр. б-цы імя Я.​Коласа АН Беларусі, з 1978 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (адначасова з 1982 у Бел. ун-це культуры). Друкуецца з 1974. Даследуе праблемы развіцця бел. л-ры 20 ст., сучасны літ. працэс, спадчыну рэпрэсіраваных пісьменнікаў, творчасць пісьменнікаў бел. замежжа. Выдала творы С.​Баранавых, Б.​Мікуліча, Я.​Нёманскага. Аўтар манаграфій «Адчуванне часу: Тэма вёскі ў сучаснай беларускай прозе» (1981), «Каб не астыла цяпло зямлі» (1984), «Пад мірным небам бацькаўшчыны: Нарыс творчасці Б.​Сачанкі» (1986), «Вяртанне: Жыццяпіс Б.​У.​Кіта» (1993), арт. пра Н.​Арсенневу, А.​Асіпенку, Я.​Брыля, В.​Быкава, С.​Грахоўскага, У.​Дудзіцкага, А.​Жука, Х.​Ільяшэвіча, В.​Іпатаву, М.​Кавыля, У.​Караткевіча, А.​Кудраўца, І.​Мележа, П.​Місько, А.​Саковіч, Б.​Сачанку, Я.​Сіпакова, Я.​Скрыгана, У.​Случанскага, М.​Сяднёва, І.​Шамякіна і інш. Сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001) і інш.

Тв.:

Космас беларуса: Жыццяпіс Б.​У.​Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. 2 выд. Мн., 1998;

Пакліканыя: Літаратура бел, замежжа. Мн., 2001.

І.​Э.​Багдановіч.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу, грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989. Праводзіць навук. канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культ.-асв. работу. Мае філіялы — Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў. У 1992 намаганнямі БГКТ на месцы масавых расстрэлаў сав. грамадзян у г.п. Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнар. і бел. навук. канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і інш. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 11.9.1972, в. Набушава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1998). Скончыў БДУ (1994). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», часопісах «Першацвет» і «Нёман». З 1998 у БДУ. Друкуецца з 1989. Метафарычная, узвышаная паэзія П. напоўнена роздумам над складанымі пытаннямі нашага часу (зб. «Нябесная сірвента», 1994). У рамане-дакуменце «І дам табе вянок жыцця» (2000) расказаў пра малавядомыя старонкі нац.-адраджэнскага і літ.-грамадскага руху на Беларусі і па-за яе межамі ў 1916—46. Даследуе бел. паэзію 1920-х г., л-ру бел. замежжа.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦАК».

беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.

А.​С.​Ляднёва, А.​Я.​Белы.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖИВА́Я СТАРИНА́»,

часопіс. Выдаваўся ў 1890—1916 у Пецярбургу аддзяленнем этнаграфіі Рус. геагр. т-ва на рус. мове 4 разы ў год. Друкаваў даследаванні і матэрыялы па фальклору і этнаграфіі народаў Расіі, а таксама замежжа. Асн. ўвагу надаваў апісанню побыту, абрадаў, жылля, адзення, нар. медыцыне. З артыкуламі, прысвечанымі бел. фальклору і этнаграфіі, выступалі У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі («Заметкі па беларускай этнаграфіі»), Я.​Ф.​Карскі, М.​М.​Косіч («Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні»), Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Саковіч, А.​К.​Сержпутоўскі, П.​В.​Шэйн. Сярод публікацый — рэцэнзіі на працы бел. фалькларыстаў і этнографаў, справаздачы па этнагр. экспедыцыі.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЭСТО́НСКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БЭЗ) у г. Йыхві, грамадска-культ. арг-цыя беларусаў у Эстоніі. Засн. ў 1989. Асн. мэты: спрыяць кансалідацыі беларусаў на падставе духоўнай, культ., рэліг. агульнасці, развіваць сувязі з замежнымі суайчыннікамі, прапагандаваць гіст. і культ. спадчыну Беларусі. Праводзіць значную культ.-асв. работу, адзначае нац. бел. і эст. святы, бел. гіст. ўгодкі, удзельнічае ў выстаўках аб’яднання бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» і штогодніх у Саўт-Рыверы (ЗША), арганізоўвае экскурсіі па Беларусі, Эстоніі, Расіі, прэзентацыі літ. твораў бел. аўтараў. Працуе б-ка, з 1992 намаганнямі згуртавання дзейнічае бел. праграма на эст. радыё. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (1993), сходаў беларусаў блізкага замежжа (1992, 1995), з’езда беларусаў краін Балтыі (1994), 1-й сустрэчы бел. моладзі свету (1994).

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗДА́НАЎ (Гайта) (Георгій Іванавіч; 6.12.1903, С.-Пецярбург — 5.12.1971),

рускі пісьменнік. Адзін з прадстаўнікоў л-ры рускага замежжа. Па нацыянальнасці асецін. У 16 гадоў пакінуў Расію. Жыў і вучыўся ў Балгарыі. У 1923—27 вучыўся ў Сарбоне. Дэбютаваў у 1920-я г. апавяданнямі-мініяцюрамі, якія дакладна і лаканічна адлюстроўвалі падзеі грамадз. вайны, складаныя чалавечыя характары і лёсы. У раманах «Вечар у Клэр» (1930), «Гісторыя аднаго падарожжа» (1938), «Начныя дарогі» (1952), «Пераварот» (няскончаны, 1972) і інш. раскрыў глыбіні чалавечай душы, змучанай сац. падзеямі 20 ст. У творчасці арганічна спалучаны лепшыя традыцыі класічнай рус. і франц. л-ры. Пісаў літ.крытычныя эсэ, нарысы.

Тв.:

Вечер у Клэр: Романы и рассказы. М., 1990;

Призрак Александра Вольфа: Романы. М., 1990.

Г.​І.​Дайлідава.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ЧАСО́ПІСНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,

дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1934 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з часопісаў, перыяд. і неперыяд. зб-каў, зб-каў, якія прадаўжаюцца, выданняў тыпу «прац». Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якіх для вылучэння матэрыялу, прысвечанага значным падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і інш., змяшчаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі. У раздзеле «Дапаўненне да «Летапісу часопісных артыкулаў» (у № 6 і 12) рэгіструюцца часопісы і бюлетэні, што зарэгістраваны са спазненнем на 2 і больш гадоў. Мае паказальнікі: імянны, геагр., моў (акрамя бел. і рус.), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)