«ПРАЦО́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ»,

шматмэтавы спартыўны комплекс у Мінску. Пабудаваны ў 1989 (арх. Л.​Левін, В.​Звалінскі) у мікрараёне Зялёны Луг 5. Размешчаны на свабоднай тэрыторыі, каля ляснога масіву і вадаёма. Самы буйны спарт. аб’ект у горадзе. Складаецца з 3 функцыянальна самаст., кампазіцыйна і канструкцыйна звязаных паміж сабой аб’ёмаў, падпарадкаваных адзінай арх. задуме. Уключае крыты лёгкаатлетычны манеж (136 × 62 м) з 200-метровай кругавой бегавой дарожкай і з трыбунамі для гледачоў, 2 плавальныя басейны, вял. універсальную залу (42 × 30 м), спецыялізаваныя спарт. залы, дапаможныя тэхн. памяшканні. У канструкцыі перакрыцця выкарыстаны клеедраўляныя аркі манежа пралётам 50 м і універсальнай залы пралётам 42 м.

С.​Дз.​Філімонаў.

Спартыўны комплекс «Працоўныя рэзервы».

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.

Пабудаваны ў 1966 на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. С.​Філімонаў, В.​Малышаў). Самае вял. ў Беларусі крытае спарт. збудаванне шматмэтавага прызначэння. Амаль квадратны ў плане будынак (82 × 78 м); яго аб’ём 100,5 тыс. м³. Кампазіцыя гал. фасада, арыентаванага на праспект, заснавана на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66 × 64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (макс. пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30 × 61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны макс. 6 тыс. месцаў), 2 спарт. залы (12 × 18 м), адм. і дапаможныя памяшканні. У 1999 каля палаца ўзведзены будынак лядовай пляцоўкі.

С.​Дз.​Філімонаў.

Мінскі палац спорту.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭНВАЙЛЕР (Badenweiler),

бальнеакліматычны курорт у ФРГ. На ПдЗ ад г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, каля гор Шварцвальд. Мяккі клімат і крыніцы цёплых мінер. водаў (выкарыстоўваліся яшчэ рымлянамі) лечаць хваробы органаў дыхання, суставаў, перыферычнай нерв. сістэмы. Лячэбныя ўстановы, парк, муз. і тэатр. залы, помнікі архітэктуры.

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.

Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у склад Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т. л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац. маст. музея Беларусі.

А.​Л.​Гурбо.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЧ ((Bartsch) Ігнат) (27.7.1697, г. Клодзка, Польшча — 5.7.1753),

сталяр і разьбяр па дрэве. У 1725—28 працаваў у Брэсцкім езуіцкім калегіуме. З 1731 жыў у Вільні. Працаваў пры касцёле св. Яна, рабіў для яго мэблю. Удзельнічаў у аздабленні інтэр’ера, тэатр. залы, б-кі і інш. памяшканняў Віленскай езуіцкай акадэміі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНА́К (стараж.-егіп. Іпет-Ісут),

комплекс храмаў 20 ст. да н.э. — канца 1-га тыс. да н.э. на тэрыторыі стараж. г. Фівы і гал. дзярж. свяцілішча ў перыяд Новага царства ў Егіпце. Вылучаўся складанай планіроўкай гіганцкіх арх. мас, пышным убраннем. Храм бога Амона-Ра (16—12 ст. да н.э., дабудоўваўся ў эліністычны і рым. перыяды) — чаргаваныя па падоўжнай восі вял. і малыя залы, двары з рознымі па часе ўзвядзення капэламі і храмікамі. Гал. славутасць К. — грандыёзная шматкалонная гіпастыльная зала з каляровымі рэльефамі на сценах і калонах. Кожны вял. буд. перыяд завяршаўся ўзвядзеннем вакол храма сцяны з 2 пілонамі на фасадзе, фланкіраванымі статуямі і абеліскамі. У комплексе храмы бога Хансу (12 ст. да н.э.), багіні Мут (16—15 ст. да н.э.), алея сфінксаў. Сярод дойлідаў К. — Аменхатэп Малодшы.

Калоны гіпастыльнай залы ў Карнаку.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАСТЫ́ЛЬ (ад грэч. hypostylos які падтрымліваецца калонамі),

у архітэктуры Стараж. Усходу (Егіпет, Іран) вялікая зала храма або палаца са шматлікімі, шчыльна пастаўленымі калонамі (напр., храм Амона-Ра ў комплексе Карнак, 14—12 ст. да н.э.).

Да арт. Гіпастыль. Залы храма Амона-Ра ў комплексе Карнак. 14—12 ст. да н.э.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́Ц ЛЁГКАЙ АТЛЕ́ТЫКІ Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску,

крытае мнагамэтавае спарт. збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні, а таксама тэатр.-відовішчных мерапрыемстваў. Найб. спарт. збудаванне падобнага тыпу на Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. М.​Каўко, У.​Ісачанка, У.​Крыштановіч). Прамавугольнае ў плане збудаванне (125 × 48 м; аб’ём каля 119 тыс. м³) мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з 200-метровай 4-радовай і 6-радовай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў, залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартсменаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхн. службы. Выразнасць архітэктуры дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежа (блокі метал. ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі.

С.​Дз.​Філімонаў.

Палац лёгкай атлетыкі Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ЖЫО (італьян. adagio літар. спакойна, павольна). У музыцы: 1) павольны тэмп; 2) назва п’есы або часткі (звычайна 2-й) цыклічнага твора ў тэмпе адажыо. У балеце: 1) павольная сольная або дуэтная кампазіцыя; 2) асн. частка складаных танц. формаў (па-дэ-дэ, гран па і інш.); 3) комплекс рухаў каля станка і на сярэдзіне залы, які выпрацоўвае ўстойлівасць, уменне спалучаць рухі ног, рук, корпуса.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКАЯ ВЁСКА,

комплекс будынкаў гасцінічнага тыпу, у якіх на час Алімпійскіх гульняў размяшчаюцца дэлегацыі краін-удзельніц. Мае шэраг дапаможных памяшканняў (сталовыя, магазіны, аддз. сувязі, трэніровачныя залы і пляцоўкі, культ. цэнтр і інш.). Упершыню пабудавана да IX Алімп. гульняў у Парыжы (1924), складалася з драўляных будынкаў, таму і наз. «вёска». Будаўніцтва Алімпійскай вёскі — абавязак алімпійскага горада.

Алімпійская вёска ў Мюнхене. 1972.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)