ПЯРСЦЁНАК,

упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.

Т.​С.​Скрыпчанка.

Залаты пярсцёнак 12 ст. з Полацка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЁНСКІ ЧААТА́С,

могільнік 7—8 ст. на левым беразе Енісея каля с. Капёны ў Хакасіі (Расія). У вял. каменных курганах у 1939—40 выяўлены пахаванні родаплемянной знаці кыргызаў енісейскіх (продкаў сучасных хакасаў). Побач з магіламі — ямкі-тайнікі, у якіх захаваліся ад рабаўнікоў выдатныя творы ювелірнага мастацтва: залатыя і сярэбраныя блюды, 4 залатыя збаны, наборы залатых, сярэбраных і бронзавых упрыгожанняў конскага ўбрання. Вырабы з К.ч. выкананы на аснове больш ранніх мясц. традыцый мясц. ювелірамі, якім было вядома мастацтва Ірана і Кітая.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТРА́П (грэч. satrapēs ад стараж.-перс. хшатрапаван — захавальнік вобласці),

намеснік сатрапіі, галава яе адміністрацыі. Меў вял. самастойнасць у справах кіравання сатрапіяй, камандаваў яе войскам, збіраў падаткі, чаканіў сярэбраныя і залатыя манеты. У пераносным сэнсе С. — жорсткі начальнік любой адм.-тэр. адзінкі, самадур.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬ-АБА́,

курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).

Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАШЧЭ́ПІНСКІ СКАРБ,

залатыя, сярэбраныя і інш. каштоўныя рэчы, знойдзеныя ў 1912 каля с. Малая Перашчэпіна (Палтаўская вобл., Украіна). Уключае: залаты і сярэбраны посуд сасанідскай і візантыйскай вытв-сці, конскі рыштунак, жал. шаблю з залатымі ножнамі, залатыя грыўню, бранзалеты, спражкі, пярсцёнкі, паясны набор, шкляны посуд і візант. манеты ад часоў імператараў Маўрыкія (582—602) да Канстанта II (641—668). Агульная вага залатых рэчаў каля 25 кг, сярэбраных — каля 50 кг. Адны даследчыкі лічаць П.с. інвентаром багатага пахавання качэўнікаў канца 7 — пач. 8 ст., другія — ваен. здабычай слав. правадыра, атрыманай у час паходу на Візантыю і ўхаванай у канцы 7 ст. Скарб захоўваецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

Перашчэпінскі скарб: 1 — сярэбранае блюда; 2 — залатая спражка; 3 — часткі залатога ўбранства мяча; 4 — залаты леў; 5 — сярэбраная пазалочаная амфара; 6 — сярэбраная ваза.

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАСІ́Д (Brasidas),

спартанскі палкаводзец. У 424 да н.э. ў Пелапанескую вайну захапіў г. Амфіпаль, залатыя руднікі ў Пангеі, садзейнічаў аддзяленню ад Афінаў некалькіх саюзных з імі гарадоў у Фракіі. У 422 да н.э. атрымаў перамогу каля Амфіпаля над афінскім войскам Клеона, але сам загінуў.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,

ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін за вял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-та Сусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.​Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.​Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТО́ЛЬ (франц. pistole, ісп. pistola),

старадаўняя іспанская залатая манета. Чаканілася ў 16—18 ст., маса 6,20 г; з 1786—5,92 г. У 17 ст. назву «П». атрымалі практычна ўсе залатыя манеты, якія былі роўныя па масе ісп. П. Абарачаліся ў Францыі (гл. Луідор), Італіі, Германіі і інш. краінах. Выйшлі з абарачэння ў канцы 18 ст.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЛАКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Захаравіч; нарадзіўся 27.4.1951, в. Баштан Гомельскага р-на),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі ун-т (1973). Настаўнічаў. Друкуецца з 1968. Аўтар зб-каў лірыкі «Начны паром» (1987), «Дні мае залатыя» (1993), у якіх шчыра, з любоўю да роднага краю ўзнімае праблемы экалогіі, гіст. памяці, маралі. Паэма «Лілея на цёмнай вадзе» (1994) — балючыя радкі пра чарнобыльскую трагедыю.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)