ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г. Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З 1921,

заключаны ў Парыжы 19 лют. Фіксаваўся ў адкрытым паліт. дагаворы і ў сакрэтнай вайсковай канвенцыі. Прадугледжваў узгадненне палітыкі дзвюх дзяржаў і ўзаемную дапамогу ў выніку несправакаванага нападу, у першую чаргу з боку Германіі. У выпадку нападу СССР на Польшчу альбо яго пагрозы Францыя абавязвалася стрымліваць Германію. Пасля нападу 1.9.1939 Германіі на Польшчу Францыя, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, абвясціла 3.9.1939 вайну Германіі.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,

дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛКІ́ДАЎ МІР, царскі мір,

заключаны ў 387 (ці 386) да н.э. паміж Спартай і кааліцыяй грэч. полісаў на чале з Афінамі і Фівамі пасля Карынфскай вайны 395—387. Падпісаны спартанскім дыпламатам Анталкідам (адсюль і назва міру). Паводле Анталкідава міру ўсе грэч. гарады на малаазіяцкім узбярэжжы і Кіпры пераходзілі пад уладу персаў, забараняліся саюзы дзяржаў, акрамя Пелапанескага. Кантроль за выкананнем умоў Анталкідава міру ўскладаўся на Спарту, што забяспечвала яе гегемонію над Грэцыяй.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКІ МІР 1745.

Заключаны 25.12.1745 y Дрэздэне паміж Прусіяй (кароль Фрыдрых П) з аднаго боку, Аўстрыяй (эрцгерцагіня Марыя Тэрэзія) і Саксоніяй (курфюрст Аўгуст III) — з другога. Завяршыў 2-ю Сілезскую вайну (гл. Сілезскія войны) — частку вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. Паводле яго Аўстрыя ўступіла Прусіі амаль усю Сілезію, а Фрыдрых II пагадзіўся прызнаць герм. імператарам мужа Марыі Тэрэзіі Франца Стафана Латарынгскага. Умовы Д.м. пацвердзіў Ахенскі мірны дагавор 1748.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДАГАВО́Р 1955 аб аднаўленні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі.

Заключаны 15.5.1955 у Вене СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй з аднаго боку і Аўстрыяй — з другога. Набыў сілу 27.7.1955. Уключае абавязкі вял. дзяржаў паважаць незалежнасць і тэр. цэласнасць Аўстрыі ў граніцах на 1.1.1938, забараняе далучэнне Аўстрыі да Германіі (аншлюс), абавязвае ўрад Аўстрыі не дапускаць дзейнасці фаш. арг-цый і забяспечваць дэмакр. свабоды. 26.10.1955 аўстр. парламент прыняў канстытуцыйны закон аб пастаянным нейтралітэце Аўстрыі.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)