ЭКІПІРО́ЎКА (ад франц. équiper забяспечваць),
1) камплект рыштунку, абмундзіравання вайсковага, амуніцыі і інш. маёмасці, якія носіць на сабе ваеннаслужачы. У залежнасці ад спецыяльнасці і ўмоў выканання баявых задач Э. можа ўключаць розныя сродкі вядзення назірання, разведкі, сувязі і навігацыі, сродкі біял., хім. і радыяцыйнай аховы, індывід. сродкі бронеаховы, спец., інж. і мед. сродкі, харч. запас, пры неабходнасці спальны мяшок, надзіманую лодку, грым для твару і інш. 2) Забеспячэнне ваеннаслужачых належнымі прадметамі Э.
І.А.Шор.
т. 18, кн. 1, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАНАЧА́ЛЛЕ,
1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.
2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.
т. 1, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАЎНІ́ЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, паводле якой панаванне акцыянернай формы прадпрыемстваў вядзе да адхілення ўласнікаў капіталу ад улады і перадачы яе ў рукі менеджэраў, тэхнакратаў. Абгрунтавана ў 1930-я г. ў працах эканамістаў А.Берлі і Г.Мінса. У 1940-я г. развіта Дж.Бёрнхемам, у 1960—70-я г. — Дж.Голбрэйтам і інш. У К.р.т. ўхваляецца працэс фарміравання ін-та прафес. арганізатараў вытв-сці — менеджэраў, якія павінны забяспечваць адказнае і эфектыўнае яе кіраванне, раскрываюцца эканам., тэхніка-арганізац. і сац. аспекты менеджменту.
т. 8, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НІЁР (Senior) Насаў Уільям (26.9.1790, г. Комптан, Вялікабрытанія — 4.6.1864),
англійскі вучоны-эканаміст. Скончыў юрыд. ф-т Оксфардскага ун-та (1815), у 1825—30 і 1847—52 праф. эканомікі у гэтым ун-це. Працаваў у шэрагу ўрадавых камісій па пытаннях працы ў прам-сці. Гал. твор — «Асноўныя пачаткі палітычнай эканоміі» (1836). Аўтар тэорыі «ўстрымання», паводле якой прыбытак з’яўляецца ўзнагародай за адмаўленне ад расходавання сродкаў на непрадукц. мэты. Аналізуючы сцвярджэнні Р.Мальтуса, даказваў, што рост дабрабыту павінен аўтаматычна забяспечваць кантроль росту насельніцтва.
т. 14, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНК МІЖНАРО́ДНЫХ РАЗЛІ́КАЎ (Bank for International Settlements; БМР),
міжнароднае акцыянернае таварыства. Створана ў 1930. Члены — цэнтр. банкі 30 еўрап. краін, а таксама Аўстраліі, ЗША, Канады, ЮАР, Японіі. Вышэйшы орган — агульны сход кіраўнікоў банкаў. Месца знаходжання — Базель (Швейцарыя). Мэта: спрыяць супрацоўніцтву паміж цэнтр. банкамі і забяспечваць дадатковыя спрыяльныя ўмовы для міжнар. разлікаў. Праводзіць крэдытныя, валютныя і арбітражныя аперацыі з цэнтр. банкамі і міжнар. эканам. Арг-цыямі, з 1986 і міжнар. клірынгавыя разлікі ў ЭКЮ. З’яўляецца дапаможным еўрап. органам Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця.
т. 2, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЁМНАЯ ПРА́ЦА,
праца работніка па дагаворы найму на прадпрыемстве, уласнікам якога ён не з’яўляецца. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь найм (прац. дагавор) — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, паводле якога работнік абавязваецца выконваць работу па пэўнай прафесіі, спецыяльнасці або пасадзе адпаведнай кваліфікацыі і падпарадкоўвацца ўнутр. прац. распарадку, а наймальнік абавязваецца выплачваць яму зарплату і забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя дагаворнымі бакамі, заканадаўствам і калектыўным дагаворам. Наймальнікамі з’яўляюцца прадпрыемствы, установы, арг-цыі, т-вы, кааператывы незалежна ад наймення і форм уласнасці, прадпрымальнікі і інш. грамадзяне, якім дадзена права заключэння і спынення прац. дагавору. Работнікамі з’яўляюцца асобы, якія заключылі прац. дагавор з наймальнікам.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАДЛІ́ВАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
здольнасць глебы задавальняць патрэбнасці раслін у элементах жыўлення, вадзе, забяспечваць іх каранёвыя сістэмы дастатковай колькасцю паветра, цяпла і спрыяльным фіз.-хім. асяроддзем для нармальнай жыццядзейнасці. Вызначае агульную прадукцыйнасць біяцэнозу і ўраджайнасць с.-г. культур. Узровень У.г. ацэньваецца па баніціровачнай шкале (гл. ў арт. Баніціроўка). Пры правільным выкарыстанні і ахове У.г. павышаецца.
Адрозніваюць У.г. натуральную (патэнцыяльную) і эфектыўную (актуальную, эканам.). Натуральная У.г. ўласціва кожнай глебе, абумоўлена прыроднымі працэсамі глебаўтварэння і залежыць ад магутнасці гумусавага слоя, колькасці гумусу і даступных форм элементаў жыўлення, грануламетрычнага, мінералаг. і хім. складу глебы, яе фіз.-хім. і аграфіз. уласцівасцей, інтэнсіўнасці мікрабіял. працэсаў. Эфектыўная У.г. залежыць і ад спосабу выкарыстання глеб (апрацоўка, ужыванне ўгнаенняў, меліярацыя) і ацэньваецца атрыманай ураджайнасцю с.-г. раслін.
т. 16, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ біялагічная,
здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планаваць гасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.
т. 6, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕ́ТЫКІ,
вадкія, вязкацякучыя ці пастападобныя кампазіцыі на аснове палімераў ці алігамераў, здольныя забяспечваць непранікальнасць (герметычнасць) стыкаў, швоў, злучэнняў розных канструкцый за кошт высокай адгезіі да матэрыялаў.
Для ўшчыльнення нераздымных злучэнняў выкарыстоўваюць герметыкі на аснове полісульфідных, крэмнійарган., урэтанавых, фторзмяшчальных, вуглевадародных каўчукоў з канцавымі функцыянальнымі групамі, якія ўтвараюць герметычны слой на злучальным шве ў выніку ацвярджэння (вулканізацыі). У іх састаў уваходзяць таксама 1—3 кампаненты (напаўняльнікі, вулканізуючыя агенты і інш.), якія змешваюць перад выкарыстаннем. Для ўшчыльнення раздымных злучэнняў карыстаюцца герметыкі, якія не вулканізуюцца (невысыхальныя замазкі) — сумесі каўчукоў насычаных ці малой ненасычанасці (напр., поліізабутылен) з напаўняльнікамі і масламі. Вадкія герметыкі — растворы ці дысперсіі сінт. смол у арган. растваральніках (напр., этаноле) ці вадзе (гл. Кампаўнды палімерныя). Выкарыстоўваюць у авія- і суднабудаванні, буд-ве, хім. і радыёэлектроннай прам-сці.
Літ.:
Аверко-Антонович Л.А., Кирпичников П.А., Смыслова Р.А. Полисульфидные олигомеры и герметики на их основе. Л., 1983.
Я.І.Шчарбіна.
т. 5, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)