МУЛЬКВІСІ́Н, сусін,

у карэйскай міфалогіі агульная назва вадзяных духаў, што жылі ў морах, рэках, балотах і калодзежах. Лічылася, што душы тапельцаў рабіліся М. Каб уміласцівіць М. і пазбегнуць бедстваў, звязаных з воднай стыхіяй, жыхары Карэі прыносілі ахвяры духам чатырох мораў і сямі вял. вадаёмаў.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́НЬ,

1) на Беларусі часовая жыллёвая пабудова, тое, што будан.

2) На Украіне — шалаш, вартоўня (на агародах, бахчах, пасеках і г.д.); у асобных раёнах, а таксама на Доне (Расія) — вясковая жылая хата.

3) У Запарожскай Сечывайск. падраздзяленне з некалькіх соцень казакоў і назва жылога памяшкання, у якім жылі казакі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДЫ,

у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі неаліту, якія ў 3—2-м тыс. да нашай эры жылі на ўзбярэжжы Дзвінскага і ўсх. часткі Анежскага заліва Белага мора (Расія). Прадстаўлена рэшткамі часовых стойбішчаў. Насельніцтва займалася рыбалоўствам і паляваннем. Характэрны кругладонны посуд з ямкава-грабеньчатым геам. арнаментам. З крэменю выраблялі скрабкі, доўгія трохвугольныя наканечнікі стрэл, фігуркі жывёл і інш. рэчы.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАНДА́МА,

горад Баспорскай дзяржавы, які згадваецца Страбонам і інш. ант. аўтарамі. Мяркуецца, што горад знаходзіўся на паўд. беразе Таманскага зал. на мысе Тузла, дзе захаваліся рэшткі ант. паселішча і яго некропаля. З сярэдзіны 19 ст. неаднаразова даследаваўся археолагамі. Паселішча існавала з 6 ст. да н. э. да 4 ст. н. э., тут жылі разам грэкі, сінды, меоты і інш.

т. 8, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМВРО́СІЕЎКА,

стаянка і косцішча верхняга палеаліту (каля 25—20 тыс. г. таму назад) каля в. Амвросіеўка (Данецкая вобл., Украіна). На стаянцы, дзе жылі першабытныя паляўнічыя, выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць апрацаванага крэменю, на косцішчы — касцявыя рэшткі 983 зубраў. У археал. л-ры косцішча Амбросіеўка разглядаецца як месца адначасовага палявання на вял. статак зуброў, рэшткі свяцілішча ці вынік шматгадовага палявання жыхароў стаянкі.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МРЫ,

археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІДЫ́ЙЦЫ,

індаеўрапейскі народ, блізкі персам. Займаў гіст. вобласць Мідыя, потым царства ў паўн.-зах. частцы Іранскага нагор’я. Упершыню ўпамінаюцца ў асірыйскіх летапісах у 2-й пал. 9 ст. да н.э. Жылі ва ўмовах ваен. дэмакратыі, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі развіты рамёствы. Веравызнанне М. — зараастрызм. Адыгралі значную ролю ў этнагенезе азербайджанцаў. Знешні выгляд М. магчыма ўявіць па фрызах г. Персепаль.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛЫ (лац. Anglii),

старажытнагерманскае племя. Упамінаюцца ў 1 ст., у 4 — пач. 5 ст. жылі на Пд п-ва Ютландыя. У 5—6 ст. удзельнічалі ў англасаксонскім заваяванні Брытаніі, дзе ўтварылі каралеўствы Мерсія, Усх. Англія і Нартумбрыя. Назва племя дала найменне ч. заваяванай краіны — Англія. Англы разам з інш. плямёнамі склалі ў 7—10 ст. народнасць англасаксаў. Рэшткі англаў на кантыненце зліліся з датчанамі.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў бронзавага веку (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), што жылі ў Італіі. Назва ад Апенінскага п-ва. Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй на высакагорных пашах, жыло ў пячорах і на ўмацаваных паселішчах. Прылады вырабляліся з косці, рогу і каменю; бронзавыя рэчы трапляюцца адносна рэдка. Характэрны групавыя пахаванні паводле абраду трупапалажэння. Кераміка — цемнаглянцавая, упрыгожаная стужачным арнаментам з белай інкрустацыяй.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)