БРО́НЗАВЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,

парода індыкоў, выведзеная ў 1930-я г. адборам бронзавых індыкоў па жывой масе і шыракагрудасці. Гадуюць 2 разнавіднасці, створаныя ў Вялікабрытаніі і ЗША. Пашыраны ў ЗША і краінах Еўропы, у б. СССР завезены ў 1946. Выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых парод, ліній і гібрыдаў індыкоў.

Апярэнне птушак чорнае з бронзавым адлівам. Жывая маса самцоў 15—16, самак 8—9 кг. Яйцаноскасць у мацярынскіх лініях 70—90 яец. Маса яйца 80—90 г.

Бронзавы шыракагруды індык.

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГО́НА,

у грэчаскай міфалогіі дачка фіванскага цара Эдыпа. Не пакінула сляпога бацьку і ў выгнанні. Пасля яго смерці вярнулася ў Фівы і насуперак забароне дзядзькі — цара Крэонта, пахавала брата Палініка, які загінуў у барацьбе за ўладу ў Фівах. За гэта была жывая замуравана ў каменную пячору, дзе скончыла самагубствам. Міф пра Антыгону выкарысталі ў л-ры Сафокл, Ж.​Расін, Б.​Брэхт, у музыцы К.​В.​Глюк, Ф.​Мендэльсон, К.​Сен-Санс і інш.

Антыгона. Фрагмент размалёўкі апулійскай амфары. 4 ст. да н.э.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МЯСНЫ́ ТЫП свіней.

Створаны ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі на шматпароднай аснове, з удзелам буйной белай, эстонскай беконнай парод, ландраса і шведскага йоркшыра. Зацверджаны ў 1990. Гадуюць беларускі мясны тып на свінагадоўчых фермах і племзаводах рэспублікі, выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання.

Свінні буйной канстытуцыі з моцным, шырокім, глыбокім і падоўжаным тулавам. Масць белая. Жывая маса дарослых кныроў 310 кг, свінаматак 270 кг, даўж. тулава адпаведна 180 і 165 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос. Маладняк мае высокую энергію росту.

Свіння беларускага мяснога тыпу.

т. 2, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАСПАДАРЫ́»

(«Гаспадары, для Вас пішам гэта апавяданне...»),

бел. ананімная брашура. Выйшла нелегальна асобным выданнем без тытульнага ліста. Надрукавана лацінкаю. Налічвае 8 стар. празаічнага тэксту. Мяркуецца, што твор надрукаваны ў Кракаве. Прысвечана падзеям, што разгарнуліся 9.11.1893, калі царскія ўлады закрывалі касцёл у мяст. Крожы (Кражай) у Літве. Сяляне аказалі супраціўленне, іх схапілі і судзілі ў Віленскай суд. палаце. Багацце лексікі, трапныя фразеалагізмы, жывая гутарковая мова даюць падставу прыпісаць гэта выданне Ф.​Багушэвічу. Брашура зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

С.​Х.​Александровіч.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕРФЕ́КТ (ад лац. imperfectum незакончаны),

у індаеўрапейскіх мовах простая дзеяслоўная форма прошлага часу, якая абазначала працяглае дзеянне ў мінулым. У стараслав. і стараж.-рус. мовах І. абазначаў незакончанасць або шматразовасць і ўтвараўся ад асновы інфінітыва з дапамогай суфікса «ѣах->-аах- (-яах-)>-ах- (-ях-)»: «несѣахъ> несяахь> несяхъ» — «я нёс» ці «я насіў». У 12—13 ст. ва ўсх.-слав. мовах перастаў быць жывой формай. Ролю І. выконваюць дзеясловы незакончанага трывання. У сучасных слав. мовах І. як жывая форма захоўваецца ў балг. і македонскай мовах.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДА коз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.

Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНОВІ́Ч (Адольф Усцінавіч) (н. 15.6.1940, в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). Да 1989 працаваў мастаком на Аршанскім ільнокамбінаце. З 1991 у час. «Полымя». Дэбютаваў вершамі ў 1957. З 1970 выступае як празаік. Паказвае жыццё сучаснай бел. вёскі, складанае і супярэчлівае, няпростыя чалавечыя лёсы. Сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей — асн. пафас лепшых яго твораў, якія вызначаюцца дакладнымі псіхал. партрэтамі герояў, увагай да выразных дэталяў, жывой нар. мовы.

Тв.:

Высокі падмурак. Мн., 1978;

Агні хат. Мн., 1986;

Жывая душа. Мн., 1993.

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ БЛАКІ́ТНЫ ТРУС,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Аўстрыі ў канцы 19 ст. метадам узнаўленчага скрыжавання жывёл пароды бельгійскі волат з дробнымі блакітна-шэрымі мясц. трусамі. Парода вельмі пашырана ў краінах Еўропы. На Беларусі гадуюць аматары.

Трусы сярэдняй велічыні з падоўжаным тулавам і моцным касцяком, даўж. цела 52—56 см і больш, ахоп грудзей 35—37 см, сярэдняя жывая маса 4,5 кг. Валасяное покрыва нармальнага шэрснага тыпу, бліскучае, з аднароднай шыза-блакітнай афарбоўкай. Шкуркі выкарыстоўваюць для імітацыі пад каштоўнае футра пушных звяроў і ў натуральным выглядзе.

Венскі блакітны трус.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр. б. СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.

Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.

Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.

Белы волат.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРО́К,

парода свіней мяснога кірунку. Выведзена ў 1860 у ЗША, дзе і цяпер найб. пашырана. На Беларусі гадуюць на племянной ферме ў Гродзенскім р-не з 1987. Выкарыстоўваюць у прамысл. скрыжаванні і пры стварэнні спец. мясных ліній.

Жывёлы з шырокімі і глыбокімі грудзямі, доўгім тулавам, аркападобнай спінай і звіслым крыжам. з вял. кумпякамі. Масць ад цёмна- да светла-чырвонай і залаціста-рыжая. Жывая маса дарослых кныроў да 277, матак 245 кг, даўж. тулава адпаведна 171 і 162 см. Пладавітасць 9—10 парасят за апарос.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)