ЧЭ́РКАС Леанід Антонавіч (н. 1.1.1937, в. Доктаравічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў БДУ (1959). З 1964 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1969—71 і 1981—98 заг. кафедры). Навук. працы па якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўн., тэорыі нелінейных ваганняў перыяд. сістэм. Распрацаваў алг. метады даследавання лімітавых цыклаў двухмерных аўтаномных сістэм.

Тв.:

Условия центра для одного уравнения Льенара // Дифференциальные уравнения. 1976. Т. 12, № 2;

Методы оценки числа предельных циклов автономных систем // Там жа. 1977. Т. 13, № 5;

Функция Дюлака полиномиальных автономных систем на плоскости // Там жа. 1997. Т. 33, № 5.

Л.С.Чэркас.

т. 17, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКІЯ ШЫРО́ТЫ,

умоўная назва зоны на паверхні зямнога шара, размешчанай паміж 40° паўн. ш. і той жа шыратой Паўд. паўшар’я; агульная назва трапічных і субтрапічных шырот.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),

працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАХ Валерый Іванавіч (н. 14.2.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гігіены харчавання. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Данецкі мед. ін-т (1966, Украіна). З 1985 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1993 дырэктар Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспечнасці прадуктаў харчавання. Навук. працы па выяўленні ксенабіётыкаў у прадуктах харчавання і іх сутачнай нагрузцы на арганізм, харч. і біял. каштоўнасці традыц. прадуктаў харчавання, узаемасувязі паміж захворваннем, нараджальнасцю, смяротнасцю і фактычным харчаваннем насельніцтва.

Тв.:

Спасибо зверю, птице, рыбе. Мн., 1982 (разам з Л.​І.​Сцякольнікавым);

Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985 (з ім жа);

Целебные кладовые природы. 2 изд. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ СУ́ТКІ,

прамежак часу паміж дзвюма паслядоўнымі аднайм. кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства на адным і тым жа геагр. мерыдыяне; прамежак часу, роўны перыяду вярчэння Зямлі адносна зорак. Гл. таксама Суткі.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ТО́ЛЕВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1897—1914 у Віцебску. Вырабляў дахавы і ізаляцыйны толь, які насычалі льняным алеем, што выраблялі на гэтым жа з-дзе. Меў паравы рухавік, працавала 60 рабочых (1913).

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́СТА,

курортны пасёлак на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. З 1961 у складзе курорта Сочы (там жа гл. характарыстыку клімату). Мінер. крыніцы сульфідных і ёдабромных вод. Лечаць захворванні органаў кровазвароту, апоры і руху, нерв. сістэмы.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАТО́ЎСКІ Ігар Дзмітрыевіч (н. 25.10.1939, Мінск),

бел. біяфізік. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-р біял. н. (1979), праф. (1989). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1964 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі (з 1985 дырэктар), адначасова з 1988 у БДУ. Навук. працы па вывучэнні структурна-мембранавых механізмаў рэгуляцыі фотабіял. і рэцэптарных рэакцый, ролі іонаў кальцыю ў механізмах фотатрансдукцыі жывёльных і раслінных сістэм.

Тв.:

Введение в молекулярную фотобиологию. Мн., 1971 (разам з С.​В.​Коневым);

Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979 (з ім жа);

Структурная динамика фоторецепторного аппарата. Мн., 1986 (з ім жа);

Транспорт ионов в фоторецепторной клетке. Мн., 1990 (разам з У.​І.​Хаўратовічам, Л.​А.​Баранавай);

Фитохром — регуляторный фоторецептор растений. Мн., 1992.

І.​Дз.Валатоўскі.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІПО́ВІЧ Мікалай Фаміч (н. 22.2.1942, г. Свіслач Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1983), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1965). У 1981—89 працаваў у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1989 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па сасудзістай паталогіі пазваночніка і ніжніх канечнасцей, вертэбрагенных захворваннях нерв. сістэмы і інш.

Тв.:

Системные нарушения при неврологических проявлениях поясничного остеохондроза. Мн., 1998 (разам з А.​М.​Філіповічам);

Концепция демиелинизации при рассеянном склерозе и тактике лечения больных (з ім жа) // Мед. новости. 2001. №12;

Клиника и диагностика мышечно-тонических и миофасциальных синдромов поясничного остеохондроза на санаторном этапе (разам з А.​І.​Драздовым) // Там жа.

т. 16, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАКАЦІ́ХІН Мікалай Мікалаевіч (13.10.1896, Масква — 5.4.1940),

бел. мастацтвазнавец, педагог; адзін з заснавальнікаў бел. мастацтвазнаўства. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914—18). З 1918 інструктар аддзела Наркамасветы па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны ў Маскве, з 1919 лектар пры палітаддзеле Арлоўскай ваен. акругі. З 1920 у Харкаве, навук. супрацоўнік музея, заг. перакладчыцкай камісіі пры навук.-тэарэт. аддз. Наркамасветы Украіны, чл. праўлення Усеўкр. саюза пісьменнікаў. З 1921 у Мінску. З 1922 асістэнт кафедры гісторыі мастацтваў БДУ, з 1923 выкладаў у ім курс па гісторыі бел. мастацтва. Адначасова з 1925 у Інбелкульце: навук. сакратар секцыі бел. мастацтва, з 1926 чл.-супрацоўнік камісіі па гісторыі мастацтваў і стыль-рэдактар выдавецкага аддзела, з 1927 навук. сакратар па вывучэнні мастацтва Беларусі, старшыня камісіі гісторыі мастацтваў (у 1929—30 у БелАН). 18.7.1930 арыштаваны, сасланы ў г. Белебей (Башкортастан). Рэабілітаваны ў 1956. Даследаваў бел. архітэктуру 11—19 ст., манум. жывапіс полацкіх храмаў, іканапіс 17—18 ст., стараж.-бел. гравюры, мастацтва кніг Ф.​Скарыны і інш. Вывучаў творчасць мастакоў І.​Ахрэмчыка, В.​Волкава, А.​Грубэ, У.​Кудрэвіча, М.​Філіповіча і інш. Выпрацаваў навук. канцэпцыю гісторыі бел. мастацтва, асн. кірункі яго развіцця і перыядызацыі. Увёў ва ўжытак паняцці «беларускае адраджэнне», «беларускае барока» і «беларуская готыка». Адзін з арганізатараў 1-й Усебел. маст. выстаўкі (1926) і стваральнікаў музейных збораў на Беларусі. У канцы 1920-х г. даследаваў вадзяныя знакі Метрыкі ВКЛ, манеты ВКЛ 16—17 ст. Аўтар прац «Фелікс Валатон» (1918?), «Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII ст.» (1925), «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны» (1926), «Беларуская архітэктура ў XI—XII ст.» (1927), «Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны» (1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928), «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI—XVII стагоддзяў» (усе 1930-я г.; у рукапісе). Разам з В.​Ластоўскім апрацаваў паказальнік «Сучаснае беларускае мастацтва: Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929). Аўтар артыкула «Беларускае мастацтва» для 1-га выд. Вял. Сав. Энцыклапедыі (т. 5, 1927).

Тв.:

Иллюстрации Даниеля Ходовецкого к «Буре» Шекспира // Працы БДУ. 1923. №4—5;

1926. №12;

Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925. №1;

Матывы краязнаўства ў нашым сучасным мастацтве: (3 вынікаў Усебел. выстаўкі) // Там жа. 1926. №2—3;

Замак у Рагачове // Там жа. №10—11;

Матэрыялы да гісторыі беларускага малярства XVIII сталецця // Віцебшчына. Віцебск, 1925—28. Т. 1—2;

Калі радзіўся Францішак Скарына // Полымя. 1925. №5;

Сучаснае мастацтва Беларусі // Там жа. 1926. №6;

Кнігапіс // Там жа. №7;

На шляхах да новага беларускага мастацтва: (Нарыс творчасці Міхася Філіповіча) // Там жа. 1927. №2;

Беларускае мастацтва ў гістарычнай і археалагічнай літаратуры // Там жа. №6, 8;

Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII—XVIII сталеццяў у Мінску // Зап. Аддз. гуманіт. навук. Мн., 1928. Кн. 6. Працы камісіі гісторыі мастацтва, т. 1;

Рыгор Мядзведзкі — невядомы беларускі маляр канца XVIII сталецця // Там жа.

Літ.:

Ліс А. Мікола Шчакаціхін: Хараство няпазнанай зямлі. Мн., 1968;

Яго ж. Мікола Шчакаціхін // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;

Матэрыялы: Да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна, 1896—1940. Мн., 1996;

Чэбан І. Уплыў даследаванняў М.​Шчакаціхіна на развіццё сучаснага мастацтвазнаўства // Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка. Мн., 1998;

Яе ж. Праблемы скарыназнаўства ў мастацтвазнаўчай спадчыне М.​Шчакаціхіна // На шляху да сталасці: Стан і перспектывы развіцця бел. мастац. крытыкі. Мн., 2001.

І.​Л.​Чэбан.

М.М.Шчакаціхін.

т. 17, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)