ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),
арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Руская раўніна. Ва Усх. і часткова Зах. Еўропе, адна з найб. на зямным шары. Размешчана паміж Белым і Баранцавым на Пн, Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі на Пд, Скандынаўскімі гарамі на ПнЗ, гарамі Цэнтр. Еўропы і Карпатамі на З і ПдЗ, Каўказам на ПдУ, Уралам і Мугаджарамі на У. Пл. 3,8 млн.км². Найб.выш. на Кольскім п-ве, у Хібінах (да 1191 м), найменшая — на ўзбярэжжы Каспійскага м. (28 м ніжэй узр. м.). Геаструктурная аснова раўніны — дакембрыйскі крышт. фундамент Усходне-Еўрапейскай платформы, перакрыты асадкавымі адкладамі рознага ўзросту. Няроўнасці фундамента абумоўліваюць наяўнасць асн. форм рэльефу. Мае ўзвышшы (Валына-Падольскае, Прыволжскае, Прыдняпроўскае, Сярэднярускае, Ціманскі краж і інш.) і нізіны (Палеская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская, Прычарнаморская, Пячорская). На рэльеф паўн. і паўн.-зах.ч.вял. ўплыў зрабілі зледзяненні — характэрны плоскія міжрэччы з участкамі марэнна-ўзгорыстага рэльефу. На Пд ад мяжы зледзянення — рэльеф парэзаны ярамі і лагчынамі, якія далей змяняюцца марскімі акумуляцыйнымі раўнінамі. Большая ч. раўніны адносіцца да вобласці ўмеранага пояса, дзе назіраецца паступовы пераход ад марскога клімату да кантынентальнага. Сярэднія т-ры студз. ад -3, -5 °C на З да -22 °C на ПнУ; ліп. ад 9 °C на Пн да 25 °C на ПдУ. Ападкаў за год 600 мм і больш на З, 400 мм на У, да 200 мм на Пн, 150 мм на ПдУ. Рэкі паўн.ч. належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак. (Анега, Мязень, Паўн. Дзвіна, Пячора), зах. і паўд.ч. да Балтыйскага м. (Вісла, Зах. Дзвіна, Нёман і інш.).
Чорнага м. (Днестр, Дняпро, Паўд. Буг) і Азоўскага м. (Дон); Волга і Урал упадаюць у Каспійскае мора. Буйныя азёры — Анежскае, Ладажскае і інш. Характэрна выразная гарыз. занальнасць з Пн на Пд. Мохава-лішайнікавыя тундры ўзбярэжжа Баранцава м. на Пд змяняюцца лесатундрай, далей лясная зона — цёмнахваёвая тайга і мяшаныя лясы, якія паступова пераходзяць на Пд у лесастэпавую і стэпавую зоны. На Прыкаспійскай нізіне — паўпустыні і пустыні. У межах раўніны Астраханскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Асканія-Нова, нац. парк Белавежская пушча, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Еўрапейская сістэма знакаў і дарожных паказальнікаў 4/587
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПАТЭ́НТНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (ЕПА),
рэгіянальная арганізацыя, задачай якой з’яўляецца выдача еўрап. патэнтаў на аснове норм агульных для ўсіх удзельнікаў краін Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. Засн. ў 1977. Асн. мэта — спрашчэнне справаводства па патэнтных заяўках у Еўропе: замест некалькіх патэнтных заявак на розных мовах можна падаць заяўку на адной мове і весці справаводства ў адным ведамстве для набыцця патэнтаў у некалькіх еўрап. дзяржавах. Месцазнаходжанне ЕПА — г. Мюнхен (Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),
орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Руская платформа,
старажытная (дарыфейская) глыба кантынент. зямной кары (кратон), якая складае ядро Еўрап. мацерыка. Уваходзіць у склад Еўразіяцкай літасфернай пліты. Тэктанатып стараж. платформ. Мае форму няправільнага пяцівугольніка пл. каля 6 млн.км². Абмежавана насовамі і покрывамі складкавых збудаванняў: байкалід (рыфейскі Ціман), каледанід (Скандынавія, Польшча і Украіна — Тэйсера—Торнквіста лінія), герцынід (Урал, Перадкаўказзе, Прычарнамор’е), альпід (Карпаты). Некат. даследчыкі ўключаюць у склад платформы Баранцаваморска-Пячорскую пліту. Фундамент платформы складзены з крышт. моцна метамарфізаваных, змятых у складкі і магматычных парод архею — ніжняга пратэразою. У фундаменце адны даследчыкі вылучаюць 3 сегменты паводле ўзросту горных парод: на ПнЗ — Фенаскандыя (у асн. раннепратэразойскі), на ПдЗ — Сарматыя і У — Волга-Уралія (пераважна архейскі); іншыя вылучаюць 3 сегменты паводле рэчыўнага складу: зах. і ўсх. сегменты (пераважна складзеныя з гранулітавых комплексаў) і цэнтр. (амфібалітава-гнейсавы).
На ПнЗ і Пд платформы фундамент выходзіць на паверхню Зямлі і ўтварае Балтыйскі шчыт і Украінскі шчыт. Астатняя ч. платформы перакрыта платформавым чахлом Рускай пліты, на крайнім ПдЗ — Валына-Падольскай пліты. На З Рускай пліты ў скляпенневых ч.Беларускай антэклізы і Варонежскай антэклізы фундамент залягае каля паверхні Зямлі, часам утварае агаленні. На У пліты найб. буйная Волга-Уральская антэкліза. Цэнтр.ч. Рускай пліты займае Маскоўская сінекліза, якая на ПнУ пераходзіць у Мезенскую. На ўсх. ускраіне пліты Камска-Бельскі перыкратонны прагін, на зах. — Балтыйска-Прыднястроўская зона перыкратонных прагінаў, у складзе якой Балтыйская сінекліза, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна. На ПдУ платформы Прыкаспійская ўпадзіна (найб. глыбокая). Паміж антэклізамі шэраг позніх (палеазойскіх) аўлакагенаў: Прыпяцка-Данецкі, Вяцкі, Дона-Мядзведзіцкі. У мезазоі і раннім кайназоі над Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам утварылася Прыпяцка-Дняпроўская сінекліза. Перад горнымі збудаваннямі Урала і Карпат утварыліся Перадуральскі і Перадкарпацкі краявыя прагіны. Праз усх.ч. Балтыйскага шчыта, Латвійскую і Палескую седлавіны, Беларускую антэклізу праходзіць Балтыйска-Украінская зона прыўзнятага залягання фундамента (гал. субмерыдыянальная тэктанічная вось платформы). Платформавы чахол магутнасцю да 5—6 км, радзей да 10—20 км, складзены з асадкавых адкладаў, радзей эфузіўных утварэнняў рыфею — фанеразою. Чахол падзяляюць на структурныя мегакомплексы: квазіплатформавы (гоцкі і дальсландскі комплексы ніжняга — сярэдняга рыфею; асадкава-эфузіўны), катаплатформавы (ніжнебайкальскі комплекс верхняга рыфею — ніжняга венду; эфузіўна-асадкавы) і ортаплатформавы (верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі, кімерыйска-альпійскі комплексы верхняга венду — антрапагену; асадкавы, часткова эфузіўны). З пародамі фундамента звязаны радовішчы жал. руды (Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія і інш.), руд нікелю, медзі, тытану; слюды, пегматыты, паклады апатытаў і інш. У асадкавым чахле паклады гаручых газаў і нафты (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн і інш.), каменнай і калійных солей (Прыпяцкі саляносны басейн і інш.), выкапнёвых вуглёў (Данецкі вугальны басейн і інш.), фасфарытаў, баксітаў, буд. сыравіны, прэсных і мінер. вод і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (ЕКП),
міжнародны рэгіянальны прафцэнтр. Створаны 8.2.1973 у Бруселі (Бельгія). Аб’ядноўвае прафсаюзы с.-д. і хрысц. кірунку зах.-еўрап. краін. У апошнім кангрэсе (1995) удзельнічала 79 прафцэнтраў (больш за 46 млн.чал.) з 22 краін. Кіруючыя органы: кангрэс, выканком. сакратарыят на чале са старшынёй, ген. сакратаром і яго намеснікам. Гал. мэты ЕКП — прадстаўніцтва і абарона сац., эканам. і культ. інтарэсаў працоўных на еўрап. узроўні ў цэлым і ва ўсіх еўрап. ін-тах; барацьба за захаванне і ўмацаванне дэмакратыі ў Еўропе і інш. ЕКП ажыццяўляе работу на галіновым узроўні праз еўрап.прафс. камітэты, кіруе створаным у 1978 Еўрап.прафс. ін-там — цэнтрам дакументацыі і даследаванняў па прафс. і сац.-эканам. пытаннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,
платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.