ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,
ранняя форма паліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.Г.Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЕ́НКА Дзям’ян Аляксандравіч
(н. 27.12.1925, в. Цеснавое Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1957), Мінскую ВПШ (1959). З 1944 у органах унутр. спраў, з 1971 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы дысцыпліны, законнасці, дэмакратыі ў сферы дзярж. кіравання. Аўтар дапаможнікаў і падручнікаў, метадычных распрацовак. Асн. працы: «Асноўны Закон і далейшае развіццё дэмакратыі» (1981), «Дзяржаўная дысцыпліна: сутнасць, функцыі, значэнне» (1988), «Прававая дзяржава і дысцыпліна» (1991).
т. 5, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РСКІ (Warski) Адольф Ежы
(сапр. Варшаўскі; 20.4.1868, Варшава — 21.8.1937),
дзеяч польск. рэв. руху. Удзельнічаў у арганізацыі Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага (1893), потым Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), чл. яе Гал. праўлення. У 1892—1904 у эміграцыі ў Францыі, Германіі. Удзельнік рэв. падзей у Польшчы 1905—07. Уваходзіў у склад ЦК РСДРП (з 1906). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Камуністычнай партыі Польшчы. З 1928 дэпутат сейма ад кампартыі. Удзельнік І з’езда КПЗБ (ліп. 1928). У 1929 эмігрыраваў у СССР. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1956.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ЗЛУ́ЧНАСЦЬ
(БХДЗ),
палітычная партыя. Утворана ў чэрв. 1991. Абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Кіруючы орган — каардынацыйная рада. Асн. мэта БХДЗ — духоўна-маральнае, нац., паліт. і эканам. адраджэнне Беларусі на прынцыпах негвалтоўнасці, плюралізму, прыватнай уласнасці, хрысц. брацтва з усімі народамі. Злучнасцю ў 1991 адноўлена выданне газ. «Беларуская крыніца».
т. 2, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ
(БНП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГО́ЕВА ГРУ́ПА,
першая сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1883—87. Створана ў Пецярбургу Дз.Благоевым, з 1884 наз. «Партыя рускай сацыял-дэмакратыі». Налічвала да 30 чал., пераважна студэнтаў. Пасля ўстанаўлення сувязі з групай «Вызваленне працы» стала наз. «Пецярбургская група партыі рускіх сацыял-дэмакратаў». Група першай арганізавала каля 15 рабочых гурткоў; у 1885 наладзіла выпуск у Расіі с.-д. нелегальнай газ. «Рабочий» (выйшлі 2 нумары). Разгромлена паліцыяй.
т. 3, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГУМАНІТА́РНАЯ ПА́РТЫЯ
(БГП),
палітычная партыя, якая ставіць за мэту гуманізацыю дзяржавы і грамадства. Утворана ў 1994. Дзейнічае на прынцыпах дэмакратыі і публічнасці. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Дасягненне праграмных задач бачыць ва ўдзеле ў органах дзярж. улады, выдавецкай дзейнасці, у правядзенні лекцый, мітынгаў, дэманстрацый, вулічных шэсцяў, пікетаў і інш. Для вырашэння сац. праблем лічыць неабходным выкарыстанне патэнцыялу, закладзенага у самім чалавеку, лепшых інтэлектуальных сіл народа.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Р (Aulard) Франсуа Віктор Альфонс
(19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛЕ́ (Varlet) Жан Франсуа
(14.7.1764, Парыж — каля 1832),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 4, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ Вацлаў Мартынавіч
(1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)