РОД,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог, родапачынальнік жыцця. Увасабляў адзінства старажытнаслав. роду і дух продкаў, шанаваўся як апякун сям’і і дома. Узгадваўся ўслед за гал. язычніцкімі багамі разам з жаночымі божаствамі — рожаніцамі, якія вызначалі працяг роду і долю нованароджаных. Р. і рожаніцам прыносілі ахвяры ежай (кашамі, хлебам, сырамі) і пітвом (мёдам).

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДУНЫ́,

страва, вядомая ў беларусаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. Робяцца з таркаванай бульбы, крутога пшанічнага, жытняга, грэцкага або інш. цеста. Напаўняюцца сырым сечаным мясам з прыправамі ці скваркамі, садавінаю, ягадамі, а таксама вараным бобам, гарохам, цёртым макам, рэпчатай цыбуляй і інш. Згатаваныя ставяць у лёгкі дух. Падаюць у тлушчы, смятане ці булёне.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РА, маруха, мора, кікімара,

у славянскай міфалогіі злы дух, першапачаткова, як і слав. багіня Марэна, увасабленне смерці, мору. Пазней М. часткова страціла сувязь са смерцю, але захавала шкодны для чалавека характар. У беларусаў М. — назва нечысці і чучала (называюць таксама Купалай і Марэнай), якое ў ноч на Івана Купалу спальваюць на вогнішчы або топяць у вадзе (гл. Купалле).

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ЗМ (ад грэч. monos адзін, адзіны),

філасофскі спосаб разгляду разнастайнасці з’яў свету, у адпаведнасці з якім усё існуючае мае адзіны пачатак (субстанцыю). Матэрыялістычны М. такім пачаткам лічыць матэрыю, ідэалістычны — дух, ідэю і інш. Процілегласць М. — дуалізм (прызнае 2 незалежныя пачаткі) і плюралізм (зыходзіць з мноства пачаткаў). Гал. праблему філас. М. складае разуменне ўзаемаадносін матэрыяльнага і ідэальнага, вырашэння асноўнага пытання філасофіі.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМІ́ЗМ [ад лац. anima (animus) дух, душа],

вера ў існаванне духаў і душ, у іх уплыў на жыццё людзей і жывёл, на прадметы і з’явы навакольнага свету. Узнік у першабытным грамадстве і лёг у аснову пазнейшых рэліг. вераванняў; састаўны элемент кожнай сучаснай рэлігіі. Тэрмінам «анімізм» абазначаюць і тэорыю ўзнікнення рэлігіі, распрацаваную англ. антраполагам Э.​Тайларам (1832—1917), якая зводзіць рэлігію да індывід. псіхалогіі чалавека, не ўлічвае сац. перадумоў яе паходжання.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТ ((Pratt) Джэймс Бісет) (22.6.1875, г. Элмайра, ЗША — 15.1.1944),

амерыканскі філосаф, гісторык рэлігіі і педагог; адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Канцэпцыі крытычнага рэалізму злучаў з ідэямі персаналізму і тэорыяй эмерджэнтнай эвалюцыі. Займаўся гісторыяй, псіхалогіяй і сацыялогіяй рэлігіі. Разглядаў рэліг. вераванні як гіст. ўтварэнні, але лічыў, што рэлігія, як неадольнае імкненне чалавека спасцігнуць «найвышэйшую рэальнасць» і выразіць сваю эмацыянальную ацэнку яе, вечная. Адзін з аўтараў зб. «Нарысы крытычнага рэалізму» (1920), аўтар прац «Матэрыя і дух» (1922), «Персаналістычны рэалізм» (1937), «Натуралізм» (1939) і інш.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКАНЯ́Н (Арус Тыгранаўна) (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.​Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.​Сіманава).

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТАШВІ́ЛІ (Ніколаз Мелітонавіч) (27.12.1817, Тбілісі — 21.10.1845),

грузінскі паэт-рамантык. Літ. спадчына Бараташвілі — паэма і вершы (каля 40), пераважна філас. і інтымнай тэматыкі. У творах («Мерані», «Мая малітва», «Магіла цара Іраклія», «Роздум на беразе Куры», паэма «Лёс Грузіі» і інш.) складаны ўнутр. свет чалавека, мара пра нац. свабоду Грузіі. У асобных вершах матывы адчаю, песімізму, адзіноты («Адгукніся, душа», «Злы дух»). Паэзіі Бараташвілі ўласцівыя псіхалагізм, лірызм, экспрэсіўнасць, пластычнасць, музычнасць. На бел. мову яго творы перакладалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, Е.​Лось, Я.​Семяжон і інш.

Н.М.Бараташвілі.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЙ,

1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.

2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)