парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННЫЯ КАРМЫ́,
прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў А і групы В; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я РЭСУ́РСЫ,
запасы драўніны і інш. прадуктаў лесакарыстання ў сукупнасці з ахоўнымі і грамадска карыснымі якасцямі лясоў; адзін з найважнейшых відаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў. Адрозніваюць Л.р. расліннага (драўняныя і недраўняныя) і жывёльнага (уваходзяць у паляўнічы дзяржаўны фонд) паходжання. Недраўняныя падзяляюцца на харч. (ядомыя грыбы, ягады, плады, травы, карані, прадукты ляснога пчалярства), кармавыя (галінкавы корм, трава, ігліца, жалуды і інш.), тэхнічныя (жывіца, таніны, арган. фарбавальнікі і інш.), лекавыя. Сусветны запас драўніны больш за 300 млрд.м³. На Беларусі агульны запас драўніны 1,1 млрд.м³, эксплуатацыйны 81,5 млн.м³, сярэднегадавы прырост 25 млн.м³ (1997); пл. грыбных угоддзяў 30—35% ад пл. дрэвастояў; рэсурсы ў розныя гады (тыс.т): грыбоў 55—70, журавін 6,5—31, брусніц 10,6—12, чарніц 48—64; у паляўнічых угоддзях 12,7 тыс. ласёў, 3,8 тыс. высакародных аленяў, 25,7 тыс. дзікоў, 40,5 тыс. казуль, 22,8 тыс. баброў, 2,9 тыс. выдраў, 300 глушцоў, 2,1 тыс. ваўкоў (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНІ́НА, ксілема,
тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.
Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл.Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;