ГІСТАГРА́МА (ад грэч. histos, тут слупок + ...грама),
слупковая дыяграма, від графічнага адлюстравання статыстычнага размеркавання якой-небудзь велічыні па колькаснай прыкмеце. Будуецца як сукупнасць сумежных прамавугольнікаў на адной прамой, плошча кожнага з якіх прапарцыянальная частаце знаходжання дадзенай велічыні ва ўсёй сукупнасці. У некаторых выпадках гістаграму можна лічыць шуканай функцыяй шчыльнасці размеркавання імавернасцей (гл.Матэматычная статыстыка). Выкарыстоўваецца ў апрацоўцы фіз. інфармацыі для выдзялення сігналу з шуму, пры аўтам. распазнаванні вобразаў, для скарачэння аб’ёму даных і інш.
С.У.Доўнар.
Гістаграма размеркавання дыяметра дэталей: а — інтэрвал групоўкі 0,05 мм; б — інтэрвал групоўкі 0,25 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж.звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл.Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖУРНА́Л МИНИСТЕ́РСТВА НАРО́ДНОГО ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,
часопіс Міністэрства нар. асветы Расіі. Выдаваўся ў 1834—1917 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў матэрыялы мін-ва (афіц. частка) і артыкулы па нар. асвеце, класічнай філалогіі, гісторыі, л-ры і фальклоры (неафіц. частка). З публікацыямі пра Беларусь выступалі М.В.Доўнар-Запольскі, Ф.І.Леантовіч, П.М.Жуковіч, Я.Ф.Карскі, М.П.Шпілеўскі і інш. У часопісе змешчаны рэцэнзіі на працы М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, М.Федароўскага, П.В.Шэйна і інш. У 1837—55 друкаваў «Паказальнік новых кніг», што дало пачатак дзярж.бібліягр. рэгістрацыі.
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі ВКЛ 14—16 ст. Выдадзены ў Маскве (вып. 1, 1899; т. 2, 1897) М.В.Доўнар-Запольскім. Змешчаны дакументы на старабел. і лац. мовах з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага: прывілеі гарадам на магдэбургскае права, велікакняжацкія граматы на землі, інвентары, матэрыялы Віленскіх 1563 і 1565, Гарадзенскіх 1567 і 1568, Люблінскага 1569 вальных соймаў, апісанне межаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1523, попіс гарадоў ВКЛ з указаннем колькасці воінаў, адпраўленых імі на вайну (каля 1513), кантракты на арэнду велікакняжацкіх мытняў, корчмаў, прыходна-расходныя кнігі велікакняжацкіх пісараў, уставы сялянам гаспадарскіх уладанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,
адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖИВА́Я СТАРИНА́»,
часопіс. Выдаваўся ў 1890—1916 у Пецярбургу аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва на рус. мове 4 разы ў год. Друкаваў даследаванні і матэрыялы па фальклору і этнаграфіі народаў Расіі, а таксама замежжа. Асн. ўвагу надаваў апісанню побыту, абрадаў, жылля, адзення, нар. медыцыне. З артыкуламі, прысвечанымі бел. фальклору і этнаграфіі, выступалі У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі («Заметкі па беларускай этнаграфіі»), Я.Ф.Карскі, М.М.Косіч («Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні»), Е.Р.Раманаў, М.А.Саковіч, А.К.Сержпутоўскі, П.В.Шэйн. Сярод публікацый — рэцэнзіі на працы бел. фалькларыстаў і этнографаў, справаздачы па этнагр. экспедыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»
(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),
бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕРА́ТА»,
вакальная група Бел. філармоніі. Створана ў 1986. Кіраўнікі А.Шыкуноў (з 1986), І.Мельнікаў (з 1995). У складзе групы (1998): В.Вараб’ёва, Т.Дробышава, Ю.Караткевіч, Г.Гардынец, А.Доўнар, А.Бурдзялёў. Першапачаткова рэпертуар уключаў харавыя акапэльныя творы 14—20 ст., з 1988 — джазавыя стандарты. У 1989 канцэртнай праграмай «Музыка падсвядомасці» акрэслены асн. кірунак групы: уласныя кампазіцыі (у т. л. В.Вараб’ёвай), якія спалучаюць спевы а капэла з тэхнікай мікрафонных спеваў і адначасовай апрацоўкай галасоў электронікай. Творчая вяршыня калектыву — пастаноўка містэрыі «Бог сярод нас» Шыкунова (1995). З 1996 «К.» супрацоўнічае з Дзярж. канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга, выконвае апрацоўкі эстр. песень. У рэпертуары некалькі разнапланавых праграм: ад старадаўняй духоўнай музыкі да авангарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́НІКІ,
палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.