ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.

Літ.:

Акимушкин И.И. Первопоселенцы суши. М., 1972;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Павукападобныя: 1 — павук-кругапрад нефіла плямістая; 2 — павук-скакун геліяфанус; 3 — сенакосец абідосус; 4 — павук-бакаход; 5 — вадзяны клешч піёна; 6 — ілжэскарпіён пячорны.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́ЛЬ (Пятрусь) (Пётр Міхайлавіч; 25.8.1932, в. Крушыняны Беластоцкага ваяв., Польшча — 31.8.1996),

бел. паэт. Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1953), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). Працаваў у газ. «Гродзенская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», час. «Маладосць» (1957—60, 1980—83). З 1966 заг. літ. часткі Бел. рэсп. тэатра юнага гледача, з 1975 літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Імкненне раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка — асноўнае ў паэзіі М. Ёй уласцівы метафарычна асацыятыўная вобразнасць, алегарычнасць, выкарыстанне сродкаў іроніі і сатыры: зб-кі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы стол» (1964), «Акно» (1967), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1980), «Смак яблыка» (1981; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1984), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Аўтар п’ес «За лясамі дрымучымі» (з А.Вольскім, 1958), «Адчыніце, казляняткі!» (1970), «Дай вады, калодзеж!» (1971), «На ўсіх адна бяда» (1974; усе паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача), «Марынка-крапіўніца» (з А.Вольскім, 1962, паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі). Выдаў кніжкі для дзяцей «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (1983), «Чарадзейная скарбонка» (1987), «Я гатую абед» (1989). На бел. мову пераклаў анталогію сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зб-к вершаў М.Валека «Крылы», А.Шасцінскага «Помню і люблю» (абедзве 1978) і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1982;

Выбранае. Мн., 1994;

Заручыны. Мн., 1979.

Літ.:

Грачанікаў А Адлегласць ад сяўбы да жніва... // Полымя. 1976. № 4;

Баравікова Р. Адчуванне часу і дарогі // Маладосць. 1980. № 5.

А.С.Гурская.

П.Макаль.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)