ЭТА́П (франц. étape),
1) прамежак часу, перыяд, адзначаны якой-н. падзеяй.
2) Асобная частка чаго-н., пэўны адрэзак шляху, дыстанцыя (напр. Э. у спарт. спаборніцтвах).
3) Стадыя якога-н. працэсу, ступень у развіцці чаго-н.
4) У гісторыі — сістэма перапраўкі арыштантаў з канвоем да пэўнага месца ссылкі з часовымі прыпынкамі для начлегу і днёўкі ў т.зв. этапнай турме; была пашырана ў Расіі ў 19 ст. Найб. вядомы Э. ў Сібір, якія складаліся з партый арыштантаў (20—100 чал.). Сістэма Э. замацавана ў «Статуце аб этапах у сібірскіх губернях» (1822), складзеным М.М.Спяранскім; праіснавала да Лютаўскай рэвалюцыі 1917.
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯЧЭ́ННЕ,
рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.
Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНІ́ЗМ (позналац. cynismus ад грэч. kynismos вучэнне кінікаў),
бессаромныя, нахабныя паводзіны ў адносінах да чаго-н., прасякнутыя пагарджаннем да норм грамадскай маралі; нігілістычнае стаўленне да здабыткаў агульначалавечай культуры. Ц. у паводзінах і перакананнях найб. характэрны для людзей, якія імкнуцца дасягнуць сваіх эгаістычных мэт любымі сродкамі.
т. 17, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).
2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 106 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 106 Вт, 1 МэВ = 106 эВ.
т. 10, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗЭМПЛЯ́Р (лац. exemplar узор),
1) асобны прадмет з шэрагу аднародных прадметаў, асобная адзінка чаго-н. (напр., сігнальны Э. з’яўляецца ўзорам для інш. Э. пэўнага выдання).
2) Асобны прадстаўнік якой-н. пароды, віду, разнавіднасці (жывёлы ці расліны).
3) У пераносным сэнсе — асоба, якая вызначаецца незвычайнымі, часцей адмоўнымі ўласцівасцямі.
т. 18, кн. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯХА́,
1) шост, тычка, звычайна з пучком травы або галінак на канцы для абазначэння мяжы зямельных участкаў, напрамку ў полі.
2) Вяха плывучая — навігацыйны знак у выглядзе шаста з флажком ці з якой-небудзь фігурай (шар, конус і інш.) пэўнай афарбоўкі, замацаваны на заякараным паплаўку. Выкарыстоўваюць для абазначэння навігацыйных небяспечнасцей, месцаў стаянкі суднаў, правядзення работ і інш. 3) Важны этап у развіцці чаго-небудзь (напр., гісторыі).
т. 4, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,
карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.
т. 13, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,
верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.
От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)
Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.Танка, «Мысль і слова» С.Дзяргая і інш.).
А.А.Майсейчык.
т. 13, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФО́ННЫ АЎТААДКА́ЗЧЫК,
аўтаматычная прылада для адказу на тэлеф. выклік пры адсутнасці абанента і запісу перададзенага па тэлефоне паведамлення. Складаецца з дыктафона, прылады кіравання і прыстаўкі для ўзгаднення ўваходу дыктафона з тэлеф. лініяй.
Сігнал выкліку паступае на прыладу кіравання, якая ўключае дыктафон на ўзнаўленне тэксту папярэдне запісанага адказу абанента, пасля чаго дыктафон пераключаецца на запіс перададзенага паведамлення. Па заканчэнні запісу дыктафон выключаецца і Т.а. пераключаецца ў рэжым гатоўнасці да прыёму наступнага выкліку.
т. 16, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́Р (франц. barriére),
1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.
2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт. бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.
4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)