ФОТАЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ від люмінесцэнцыі, узбуджанай аптычным выпрамяненнем. Вылучаецца пасля заканчэння выкліканых святлом працэсаў рэлаксацыі і ўстанаўлення квазіраўнавагі.

Звычайна даўжыня выпрамененай хвалі большая за даўжыню хвалі ўзбуджальнага святла (правіла Стокса). Адносіны колькасці выпрамененых квантаў да колькасці паглынутых Ф. (квантавы выхад) вызначаюцца Вавілава законам. Для крышталефасфораў характэрна нелінейная залежнасць Ф. ад інтэнсіўнасці ўзбуджэння. Ф. выкарыстоўваецца ў люмінесцэнтных лямпах, для люмінесцэнтных аналізу, дэфектаскапіі і інш.

т. 16, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРЫ́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, якая разыходзіцца радыяльна ад крыніцы ваганняў ці збягаецца да прыёмніка. Фронт хвалі — сфера.

Адрозніваюць сіметрычную С.х., што распаўсюджваецца ў аднародным непаглынальным асяроддзі, апісваецца ўраўненнем: u ( r , t ) = A r e e ( ω t ± kr ) , дзе A/r — амплітуда, ωt±kr — фаза хвалі, ω — кругавая частата, r — адлегласць ад крыніцы, k = 2π/λ — хвалевы лік, λ — даўжыня хвалі), і несіметрычную С.х., якая мае сферычныя хвалевыя паверхні, амплітуда яе залежыць ад вуглавых каардынат (гл. Сферычная сістэма каардынат). Такія хвалі фарміруюцца звычайна ў аднародным асяроддзі на дастаткова вял. адлегласцях ад крыніцы хваль. Падборам вуглавога размеркавання інтэнсіўнасці можна сканцэнтраваць С.х. ўнутры пэўнага цялеснага вугла, што адбываецца, напр., у накіраваных антэнах.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЎНГО́ФЕРА ДЫФРА́КЦЫЯ,

дыфракцыя плоскай светлавой хвалі на неаднароднасці, напр., вузкай шчыліне ці адтуліне ў экране. Назіраецца, калі характэрныя памеры неаднароднасці значна меншыя за дыяметр 1-й зоны Фрэнеля (гл. Фрэнеля дыфракцыя); выконваюцца суадносіны b ≪ λz , дзе b — шырыня шчыліны, z — адлегласць ад экрана да пункта назірання, λ — даўжыня хвалі. Пры гэтым паралельны пучок прамянёў пераўтвараецца ў разбежны з вуглом разбежнасці прыкладна роўным λ/b. Такі спосаб назірання дыфракцыі святла прапанаваў І.Фраўнгофер (адсюль назва).

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУПАВА́Я СКО́РАСЦЬ хваль, скорасць руху групы або цуга хваль, якія ўтвараюць у кожны момант часу лакалізаваны ў прасторы хвалевы пакет. Прыбліжана характарызуе распаўсюджанне негарманічных хваль. Пры адсутнасці паглынання групавая скорасць роўная скорасці пераносу энергіі хвалі (скорасці перадачы сігналу). Групавая скорасць u звязана з фазавай скорасцю v формулай Рэлея: u = v − λ dv dλ , дзе λ — даўжыня хвалі; u = v, калі адсутнічае дысперсія хваль ( dv dλ = 0 ) . Групавая скорасць выкарыстоўваюць пры вымярэнні далёкасці ў гідра- і радыёлакацыі, пры зандзіраванні атмасферы, у сістэмах кіравання касм. аб’ектамі і інш.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ТОК,

пераменны эл. ток, які адносна павольна змяняецца так, што для імгненных яго значэнняў з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току (Ома закон, Кірхгофа правілы і інш.). Мае аднолькавае значэнне ва ўсіх сячэннях неразгалінаванага ланцуга.

Пры разліках неабходна ўлічваць узнікненне (пры зменах току) эрс індукцыі, а індуктыўнасці, ёмістасці і супраціўленні ўчасткаў ланцугоў можна лічыць засяроджанымі параметрамі. Умовы квазістацыянарнасці (гл. Квазістацыянарны працэс) зводзяцца да малых велічынь геам. памераў эл. ланцуга ў параўнанні з даўжынёй хвалі пераменнага току. Напр., токі прамысл. частаты (частаце 50 Гц адпавядае даўжыня эл.-магн. хвалі 6000 км) лічацца К.т., за выключэннем токаў у лініях далёкіх перадач, для якіх гэтыя ўмовы не выконваюцца.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЯ́ЧАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, якая ўзнікае ў выніку інтэрферэнцыі хваль, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках і маюць аднолькавую амплітуду і частату. У С.х., у адрозненне ад бягучай хвалі, энергія не пераносіцца, а адбываецца перапампоўванне аднаго віду энергіі ў другі, напр., кінетычнай у патэнцыяльную, эл. у магн. (адсюль назва).

С.х. ўзнікаюць пры адбіцці хваль ад перашкод ці неаднароднасцей у газападобным, вадкім ці цвёрдым асяроддзі, а таксама ў вакууме (для эл.-магн. хваль) пры накладанні адбітай і прамой хваль. Розныя ўчасткі С.х. маюць аднолькавую фазу і розныя амплітуды, залежныя ад рознасці фаз прамой і адваротнай хвалі. Пункты С.х. з максімальнай амплітудай ваганняў наз. пучнасцямі, з амплітудай, роўнай нулю, — вузламі. Адлегласць паміж суседнімі вузламі (пучнасцямі) роўныя λ/2, а паміж суседнімі вузлом і пучнасцю — λ/4, дзе λ — даўжыня бягучай хвалі. С.х. ўзнікаюць у ЗВЧ антэнах, хваляводах, рэзанатарах.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁХВА́ЛІ,

электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.

Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл. Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш. Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ГА—ВУ́ЛЬФА ЎМО́ВА,

вызначае напрамак узнікнення максімумаў інтэнсіўнасці пры дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на крышталях; аснова рэнтгенаўскага структурнага аналізу. Устаноўлена ў 1913 незалежна У.Л.Брэгам і Г.В.Вульфам. Паводле Брэга—Вульфа ўмовы 2dsinΘ = mλ, дзе d — адлегласць паміж адбівальнымі (крышталеграфічнымі) плоскасцямі, Θ — вугал паміж праменем, што падае, і адбівальнай плоскасцю (брэгаўскі вугал), λ — даўжыня хвалі выпрамянення, m — цэлы дадатны лік (парадак адбіцця). Брэга—Вульфа ўмова дае магчымасць вызначыць велічыню d (λ звычайна вядома, вугал Θ вымяраецца эксперыментальна). Брэга—Вульфа ўмова выконваецца таксама пры дыфракцыі γ-выпрамянення, электронаў, нейтронаў на крышталях, эл.-магн. выпрамянення радыё- і аптычнага дыяпазонаў на перыядычных структурах, пры дыфракцыі светлавых хваляў на ультрагуку.

Да арт. Брэга-Вульфа ўмова.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУ́К (ад ультра... + гук),

неўспрымальныя чалавечым вухам пругкія хвалі з частатой ваганняў прыблізна ад 15—20 кГц да 10​6 кГц. Вобласць частот ад 10​6 кГц да 10​9—10​10 кГц наз. гіпергукам. У. падзяляюць на 3 дыяпазоны: нізкіх частот (15—100 кГц), сярэдніх (100—10​4 кГц) і высокіх (10​4—10​6 кГц). Высокая частата і малая даўжыня ультрагукавой хвалі вызначаюць спецыфічныя асаблівасці У.: магчымасць распаўсюджвання накіраванымі пучкамі і іх факусіравання, генерацыі магутных хваль, якія пераносяць значную мех. энергію. Уласцівасці У. вывучаюць акустыка, акустаэлектроніка, гідраакустыка, нелінейная акустыка. У. выкарыстоўваецца ў многіх галінах навукі (у фіз., фізіка-хім., біял. даследаваннях) і тэхнікі (ультрагукавая апрацоўка, ультрагукавая зварка, ультрагукавая дэфектаскапія). З дапамогай У. ажыццяўляецца гукабачанне, гідралакацыя, падводная сувязь, паскарэнне хіміка-тэхнал. працэсаў, сушкі, ачысткі і інш. (гл. Ультрагукавая тэхніка); у медыцыне — дыягностыка, тэрапеўтычнае (гл. Ультрагукавая тэрапія) і хірургічнае лячэнне.

Малая даўжыня хваль У. дазваляе даследаваць іх распаўсюджванне метадамі геаметрычнай акустыкі, вызначаць малекулярныя ўласцівасці рэчыва метадамі малекулярнай акустыкі. Распаўсюджванне У. ў многіх вадкасцях і газах суправаджаецца рознымі з’явамі: рэлаксацыяй акустычнай, паглынаннем гуку, акустычнай кавітацыяй і інш. У. нізкіх частот выкарыстоўваюць у газах, вадкасцях і цвёрдых целах, сярэдніх і высокіх частот — у вадкасцях і цвёрдых целах. Генерыруюць У. эл.-мех. і мех. выпраменьвальнікамі (гл. Ультрагукавы генератар). Для павышэння інтэнсіўнасці У. робяць факусіроўку гуку, амплітуду ваганняў павышаюць з дапамогай акустычных канцэнтратараў.

Літ.:

Бергман Л. Ультразвук и его применение в науке и технике: Пер. с нем. 2 изд. М., 1957;

Физика и техника мощного ультразвука. Т. 1—3. М., 1967—70;

Труэлл Р., Эльбаум Ч., Чик Б. Ультразвуковые методы в физике твердого тела: Пер. с англ. М., 1972;

Эльпинер И.Е. Биофизика ультразвука. М., 1973;

Викторов И.А. Звуховые поверхностные волны в твердых телах М., 1981;

Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Ультразвук и пластичность. Мн., 1976.

У.​У.​Клубовіч, А.​В.​Сцепаненка.

Ультрагук: а — факусіроўка ультрагукавога пучка ў вадзе плоскаўвагнутай лінзай; б — выпрамяненне падоўжных хваль L пласцінкай. якая вагаецца па таўшчыні. у цвёрдае цела: 1 — вадкасць для акустычнага кантакту; 2 — металічныя электроды; 3 — кварцавая пласцінка таўшчынёй /2 даўжыні хвалі; 4 — генератар электраваганняў; 5 — цвёрдае цела.

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННАЯ І ІО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел фізікі, у якім вывучаюцца законы распаўсюджвання пучкоў зараджаных часціц (электронаў, іонаў) у макраскапічных эл. і магн. палях, а таксама праблемы іх факусіроўкі, адхілення і фарміравання відарысаў. Па аналогіі са светлавой оптыкай Э. і і.о. падзяляецца на геам. і хвалевую.

У геаметрычнай Э. і і.о. мяркуюць, што даўжыня хвалі, напр., электронаў (гл. Хвалі дэ Бройля) малая і не ўплывае на іх траекторыю; г.зн., што паводзіны пучкоў зараджаных часціц у эл. і магн. палях (гл. Электронныя лінзы) аналагічныя паводзінам светлавых пучкоў у неаднародных асяроддзях; скажэнні відарысаў (аберацыі) аналагічныя аберацыям аптычных сістэм і г.д. У хвалевай оптыцы вывучаюць пытанні, у якіх улічваецца дыфракцыя зараджаных часціц (напр., такія, як раздзяляльная здольнасць электронных мікраскопаў), фарміраванне электронных і іонных пучкоў-зондаў найменш магчымых памераў. Э. і і.о. з’яўляецца асновай пры канструяванні шырокага класа прылад: электронна-прамянёвых трубак, электронных мікраскопаў, сістэм электроннай зваркі і апрацоўкі матэрыялаў, мас-спектрометраў, электронных спектрометраў, паскаральнікаў зараджаных часціц і інш.

Літ.:

Глезер В. Основы электронной оптики: Пер. с нем. М., 1957;

Кельман В.М., Явор С.Я. Электронная оптика. 3 изд. Л., 1968;

Хокс П., Каспер Э. Основы электронной оптики: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1993.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 18, кн. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)