БІСКВІ́Т
(франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),
1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.
2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.
т. 3, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮ́КСБУРГІ
(ням. Glücksburg, лац. Glücksborg),
Шлезвіг-Гольштэйн-Сёнерборг-Глюксбургі, дацкая, нарв. і грэч. каралеўскія дынастыі. У Даніі правілі Глюксбургі: Крысціян IX [1863—1906], Фрэдэрык VIII [1906—12], Крысціян Х [1912—47], Фрэдэрык IX [1947—72], Маргрэтэ II з 1972; у Нарвегіі: Хокан VII [1905—57], Улаф V [1957—1991], Харальд V [з 1991]; у Грэцыі: Георг І, Канстанцін І [1913—17, 1920—22], Аляксандр [1917—20], Георг II, Канстанцін II [1964—74].
т. 5, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АТЛАНТЫ́ЧНЫ ВАЛ»,
сістэма доўгатэрміновых ваенных умацаванняў, створаных Германіяй у 1940—44 уздоўж еўрап. ўзбярэжжа ад Даніі да Іспаніі (даўж. больш за 4 тыс. км, буд-ва не было завершана). Уяўляў сабой лінейную (без эшаланіравання ўглыб) сістэму абарончых збудаванняў са слаба ўмацаванымі ўчасткамі. Быў прарваны англа-амер. войскамі ў чэрв. 1944 пры высадцы ў Нармандыі.
т. 2, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДЫ,
у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.
т. 3, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНХАЛЬМ
(Bornholm),
востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс. чал. (1994). Складзены ў паўн. ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТАРПЫ
(Gottorp),
Гольштэйн-Готарпы, каралеўская дынастыя ў Швецыі ў 1751—1818. У 1761 готарпскі герцаг Карл Пётр Ульрых стаў рус. царом пад імем Пятра III (правіў у 1761—62). У 1773 сын Кацярыны II і Пятра III готарпскі герцаг Павел І абмяняў уладанні Готарпаў у Шлезвіг-Гольштэйне на Ольдэнбург і Дэльменгорст, якія належалі Даніі.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕР (Bajer) Фрэдрык
(21.4.1837, Вестэр-Эгед, Данія — 22.1.1922),
дацкі паліт. дзеяч, публіцыст. У 1870 заснаваў Асацыяцыю скандынаўскіх свабодных дзяржаў, якая ставіла за мэту аб’яднанне паўн. народаў у федэрацыю. У 1872—95 член дацкага парламента. У 1882 заснаваў Асацыяцыю нейтралітэту Даніі. У 1893 выбраны ў Савет Міжпарламенцкага саюза, дзе прадстаўляў Нарвегію, Данію і Швецыю. У 1891—1907 старшыня праўлення Міжнар. бюро міру. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з К.Арнальдсанам).
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГЦЯ́НСКІ СКАРБ Знойдзены ў 1957 на ўскраіне в. Дзягцяны Капыльскага р-на Мінскай вобл. Ухаваны каля 1050. Складаўся з 21 фрагмента сярэбраных ювелірных вырабаў з дробным зярненнем і сканню, 320 дэнарыяў Англіі (10 экз.), Венгрыі (3), Герм. імперыі (165), Даніі (1), Чэхіі (123), нявызначаныя (4), імітэты манет Англіі (3) і Германіі (9), фрагменты куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата (2). Па колькасці чэшскіх дэнарыяў скарб не мае аналагаў на тэр. Усх. Еўропы.
т. 6, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.
Створана ў 1937 у г. Бабруйск як арцель «8 Сакавіка», з 1960 ф-ка маст. вырабаў. Спецыялізуецца на выпуску строчана-вышытых вырабаў верхняга жаночага адзення, сталовай і пасцельнай бялізны, вырабаў макрамэ і трыкатажных, дзіцячага, жаночага і мужчынскага асартыменту. Створаны ўчасткі ручной вышыўкі, ткацтва і вязання. Жаночыя і дзіцячыя жакеты, джэмперы, камізэлькі ўпрыгожваюцца разнастайным па форме і маст. вырашэнні бел. арнаментам. Вырабы ф-кі экспанаваліся ў Англіі, Германіі, Даніі, Італіі, ЗША.
т. 2, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬМАН (Dahlmann) Фрыдрых Крыстаф
(13.5.1785, г. Вісмар, Германія — 5.12.1860),
нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Д-р філасофіі (1910). Праф. Кільскага (1812—29), Гётынгенскага (1829—37), Іенскага (1838—42) і Бонскага (з 1842) ун-таў. Адзін з распрацоўшчыкаў канстытуцыі каралеўства Гановер 1833. У рэвалюцыю 1848—49 у Германіі дэп. Франкфурцкага нацыянальнага сходу 1848—49, адзін з лідэраў «малагерманцаў» — прыхільнікаў аб’яднання герм. зямель (без Аўстрыі) пад вяршэнствам Прусіі. Аўтар прац «Крыніцазнаўства нямецкай гісторыі» (1830), «Гісторыя Даніі» (т. 1—3, 1840—43), «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (1844), «Гісторыя Французскай рэвалюцыі» (1845) і інш.
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)