МАНЕФО́Н (грэч. Manethon; 2-я пал. 4 ст. да н.э., г. Самануд, Егіпет — пач. 3 ст. да н.э.),
старажытнаегіпецкі гісторык, вярхоўны жрэц у Геліопалі. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Егіпта» (захаваліся толькі ўрыўкі ў творах Іосіфа Флавія і гісторыкаў царквы Афрыкана і Еўсевія). М. належыць прыняты і цяпер у навуцы падзел гісторыі Егіпта на 30 дынастый фараонаў і на перыяды Старажытнага, Сярэдняга і Новага царстваў.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХІ́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т (МГАІ),
вышэйшая навуч. ўстанова ў СССР у 1930—91 (да 1932 наз. Ін-т архівазнаўства). Засн. паводле пастановы ЦВК і СНК СССР ад 3.9.1930. Рыхтаваў гісторыкаў-архівістаў для працы ў НДІ і архівах, спецыялістаў у галіне справаводства і навук.-тэхн. інфармацыі. У 1987 меў 3 ф-ты (архіўнай справы, дзярж. справаводства, навук.-тэхн. інфармацыі), 3 тыс. студэнтаў. У 1991 на базе МГАІ засн. Рас. гуманіт. ун-т.
т. 10, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (?—1088),
царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».
т. 11, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; 2 ст. н.э.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік. Нарадзіўся, верагодна, у Лідыі. Падарожнічаў па Італіі, Сардзініі, Корсіцы, Аравіі і Сірыі. Напісаная ім у 170-я г. праца «Апісанне Элады» — своеасаблівы даведнік пра найб. вядомыя помнікі гісторыі і культуры: Атыкі і Мегары (кн. 1), Карынфа (кн. 2), Пелапанеса (кн. 3—8), Беотыі і Факіды (кн. 9—10). Апрача асабістых уражанняў П. выкарыстаў творы гісторыкаў і географаў, паэтаў, якія не дайшлі да нашага часу.
т. 12, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ АРДА́, Ак-Арда,
удзел (улус) у складзе Залатой Арды ў 13—14 ст. На думку некаторых гісторыкаў, уключала Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ, Паўн. Прычарнамор’е, стэпы Казахстана (улус хана Шыбана), інш. лічаць, што Белая Арда займала землі па ніжнім цячэнні Сырдар’і і належала нашчадку хана Арды. У 15 ст. на тэр. Белай Арды з’явіліся новыя дзярж. ўтварэнні: Нагайская Арда, узб. і каз. ханствы.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.
т. 3, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
савецкі штомесячны навукова-папулярны часопіс (працяг час. «Борьба классов»), Выдаваўся ў 1937—45 у Маскве на рус. мове Т-вам гісторыкаў-марксістаў пры Камуніст. акадэміі і яе Ін-там гісторыі; са снеж. 1941 орган Ін-та гісторыі АН СССР. У 1941 аб’яднаны з час. «Историк-марксист». Публікаваў артыкулы па гісторыі КПСС, СССР, Расіі і ўсеагульнай гісторыі, праблемах гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і выкладання гісторыі ў школе. Меў аддзел крытыкі і бібліяграфіі. У 1945 замест «И.ж.» пачаў выходзіць час. «Вопросы истории».
т. 7, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Іван Дзмітрыевіч) (1810, Масква — 1.12.1873),
рускі гісторык, славянафіл. З 1852 праф. Маскоўскага ун-та, сакратар Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Працы па гісторыі рус. сялянства, права, ваен. справы, летапісання. Даследаваў пытанні гісторыі Беларусі да 16 ст. У «Гісторыі Полацка ці Паўночна-Заходняй Русі...» (1872), прааналізаваў сац. і нац. склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Першы з рус. гісторыкаў даў этнагр. апісанне беларусаў, якіх называў крывічамі. Сабраў калекцыю стараж.-рус. рукапісаў.
Тв.:
Очерк истории Северо-Западного края России. Вильна, 1876;
Крестьяне на Руси. М., 1860.
т. 3, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІН (Ілья Мікалаевіч) (31.7.1818, г. Перм — 3.4.1896),
расійскі вучоны-ўсходазнавец. Скончыў Казанскі ун-т (1837). Праф. Казанскага (1846—55) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Працы па гісторыі, філалогіі, археалогіі краін Блізкага і Сярэдняга Усходу, у т. л. «Унутраны лад Залатой Арды (паводле ханскіх ярлыкоў)» (1850), «Падарожжа па Усходзе» (т. 1—2, 1850—52), склаў «Граматыку персідскай мовы» (1853), выдаў «Бібліятэку ўсходніх гісторыкаў» (1849—54), «Зборнік летапісаў» іранскага сярэдневяковага вучонага Рашыдадзіна (1858—88), «Рускі энцыклапедычны слоўнік» (т. 1—16, 1873—88), «Турэцкую хрэстаматыю» (т. 1—3, 1857—90).
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСТО́РИЯ ФА́БРИК И ЗАВО́ДОВ»
(«ИФЗ»),
назва спецыялізаванай серыі кніг па гісторыі рас. і сав. прадпрыемстваў і выдавецтва ў Маскве, якое яе выпускала ў 1931—38. Засн. пісьменнікам М.Горкім. У выданні серыі ўдзельнічалі Саюз пісьменнікаў СССР, Т-ва гісторыкаў-марксістаў, Ін-т гісторыі Камуніст. акадэміі і інш. На месцах дзейнічалі рэсп., абл. і заводскія камісіі «ИФЗ». Усяго за час існавання выд-ва выдадзена больш за 30 кніг серыі: зб-кі дакументаў, успаміны рабочых, нарысы і навук.-маст. манаграфіі. У 1938 выд-ва «ИФЗ» ліквідавана.
т. 7, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,
рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел. культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасці — паліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.
М.А.Матрунчык.
т. 2, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)