зімовыя алімпійскія гульні

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац. алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульнігуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

т. 2, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тур,

адзін круг танца; адна са ступеней выбараў; этап гульні, конкурсу.

т. 16, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФ

(англ. bluff),

выдумка, падман з мэтай выхвалення або запалохвання (ад назвы прыёму картачнай гульні ў покер).

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ЖА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць падлеткі зімой на стромкім, пакрытым ільдом схіле. Удзельнікі (колькасць не абмежавана) дзеляцца на 2 роўныя па колькасці атрады — «арду» і «дружыну». Дружыннікі размяшчаюцца на схіле, пасля чаго арда ідзе на штурм. Дружыннікі абараняюцца і спіхваюць уніз ардынцаў, а тыя імкнуцца сцягнуць за сабой і дружыннікаў. Пасля кожнага штурму арды сцягнутыя дружыннікі выбываюць з гульні, а каманды мяняюцца ролямі. Перамагае каманда, якая змагла вывесці з гульні ўсіх або большасць гульцоў каманды праціўніка.

Я.Р.Вількін.

т. 4, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАТЭ́КС,

від (служба) электрасувязі. Дазваляе карыстальніку атрымліваць на экране тэлевізара (або дысплея) графічную інфармацыю па каналах тэлефоннай сувязі са спец. банка даных; дазваляе таксама выконваць розныя паслугі: заказваць электронныя гульні, білеты на транспарт, праводзіць банкаўскія аперацыі і інш.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ «ЭВІ́СТАР».

Створаны ў 1964—67 у Віцебску. Асн. прадукцыя (1996): друкаваныя платы, тэхнал. абсталяванне для харч., лёгкай, аўтатрактарнай прам-сці, мед. абсталяванне, помпы, быт. свяцільні і электрапрылады, электронныя дзіцячыя гульні, мэбля і інш. тавары шырокага ўжытку.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў для водных відаў спорту. Уключае: адкрыты басейн для плавання, скачкоў у ваду і гульні ў воднае пола; прычалы і элінгі (памяшканні для захоўвання і рамонту спарт. суднаў); дапаможныя памяшканні і інш. Адна з буйнейшых станцый у Беларусі на р. Сож у Гомелі.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л

(ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 х 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя басктболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)