АЛЁХІН Мікалай Аляксандравіч

(н. 26.10.1954, Мінск),

бел. спартсмен (фехтаванне на шаблях). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), свету (1979, 1981) у камандным першынстве, уладальнік Кубка Еўропы (1982), чэмпіён СССР (1981, 1983).

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦІ́ШКА Алена Генадзеўна

(н. 8.3.1961, г. Кіславодск, Расія),

бел. спартсменка (акадэмічнае веславанне). Засл. майстар спорту (1984). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіёнка свету 1982, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1980), чэмпіянату свету (1985).

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІК Уладзімір Пятровіч

(н. 12.9.1959, г. Смалявічы),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду з вышкі). Сярэбраны (1980, Масква) і бронзавы (1976, Манрэаль) прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы (1977), СССР (1976, 1980). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕ́РАВА Наталля Маратаўна

(н. 16.4.1971, Мінск),

бел. спартсменка (тэніс). Засл. майстар спорту (1991). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), пераможца тэнісных турніраў: Уімблдонскага (Англія, двойчы), пяршынстваў Францыі, Аўстраліі і ў парным разрадзе. Неаднаразовая пераможца і прызёр інш. міжнар. турніраў.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э. рым. імператарам Феадосіем І.

2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар. спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл. табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).

Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.

Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.

Літ.:

Олимпийская энциклопедия. М., 1980.

Г.К.Кісялёў.

Алімпійскія гульні
Алімпіяды Год правядзення Месца правядзення Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I 1896 Афіны 13
II 1900 Парыж 21
III 1904 Сент-Луіс 12
IV 1908 Лондан 22
V 1912 Стакгольм 28
VI 1916 Берлін*
VII 1920 Антверпен 29
VIII 1924 Парыж 44
IX 1928 Амстэрдам 46
X 1932 Лос-Анджэлес 38
XI 1936 Берлін 49
XII 1940 Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII 1944 Лондан*
XIV 1948 Лондан 58
XV 1952 Хельсінкі 69
XVI 1956 Мельбурн 67
XVII 1960 Рым 84
XVIII 1964 Токіо 94
XIX 1968 Мехіко 113
XX 1972 Мюнхен 122
XXI 1976 Манрэаль 88
XXII 1980 Масква** 81
XXIII 1984 Лос-Анджэлес 140
XXIV 1988 Сеул 160
XXV 1992 Барселона 172
XXVI 1996 Атланта

* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.

Да арт. Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.
Да арт. Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.
Да арт. Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).
Да арт. Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).
Да арт. Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).

т. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЁНАК Дзмітрый Аляксандравіч

(н. 14.12.1971, Мінск),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1992). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 500 м (1992, Барселона), чэмпіён свету на дыстанцыі 200 м (1994). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з А.Масейкавым.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЗО́Ў Валерый Піліпавіч

(н. 20.10.1949, г. Самбар Львоўскай вобл.),

украінскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. Культуры (1971). Алімп. чэмпіён (1972, Мюнхен) у бегу на 100 м і 200 м, сярэбраны прызёр Алімп. гульняў 1972 у эстафеце 4 х 100 м, бронзавы прызёр Алімп. гульняў 1976 у бегу на 100 м і эстафеце 4 х 100 м. Неаднаразовы чэмпіён Еўропы і СССР у 1969—77. Рэкардсмен Еўропы і СССР у 1970—75. У 1986—91 нам., старшыня Дзяржкамспорту Украіны. З 1991 міністр па справах моладзі і фіз. культуры; прэзідэнт Нац. Алімп. к-та Украіны.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́НГУС

(ад лац. anus задні праход + lingo лізаць),

анілінкцыя, варыянт папярэдніх інтымных ласкаў у час любоўнай прэлюдыі, пры якой палавое ўзбуджэнне дасягаецца праз раздражненне заднепраходнай вобласці партнёра языком і губамі. У вышэйшых жывёл анілінгус — звычайная з’ява ў перыяд шлюбных гульняў і падрыхтоўкі да злучкі.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСІ́НСКІ Ігар Мікалаевіч

(н. 11.4.1963, г. Гродна),

бел. спартсмен (стралковы спорт). Засл. майстар спорту (1986). Скончыў Мінскае агульнавайск. вучылішча (1986). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1988), неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы ў асабістым і камандным заліку ў стральбе з малакалібернага пісталета, тройчы ўстанаўліваў сусв. Рэкорды.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬЦА (Balczó) Андраш

(н. 16.8.1939, с. Кандараш, Венгрыя),

венгерскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Алімпійскі чэмпіён у асабістым (1972) і камандных (1960, 1968) спаборніцтвах, чэмпіён свету ў асабістым першынстве (1963, 1965, 1966—67, 1969) і ў складзе каманды (1963, 1965—67, 1970). Неаднаразовы прызёр Алімп. гульняў і чэмпіянатаў свету.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)