ПАРО́Г ЧУ́ТНАСЦІ,
найменшае значэнне гукавога ціску, пры якім гук дадзенай частаты можа ўспрымацца вухам чалавека. Залежыць ад частаты гуку, узросту, фізіял. стану і трэніраванасці чалавека. Пры наяўнасці шуму ці інш. гукавых раздражненняў П.ч. дадзенага гуку павышаецца. П.ч. вывучаецца метадамі аўдыёметрыі. Іл. гл. да арт. Гук.
т. 12, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МА (ад лац. prima першая) у музыцы, 1) першая ступень дыятанічнай гамы; асноўны тон (гук) лада; ніжні гук акорда ў асноўным выкладанні.
2) Інтэрвал, які мае якасную велічыню 0 тонаў, колькасную — 1 ступень.
3) Першая партыя ў групах аднародных інструментаў аркестра або ансамбля (напр., 1-я скрыпка, 1-я флейта).
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел. літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).
М.Р.Прыгодзіч.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАМІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́ (стараж.-ірл. ogam, ogum),
літарнае пісьмо кельтаў і піктаў на Брытанскіх а-вах. Вядома па надпісах з 4 ст. Аснова агамічнага пісьма — лінія, на якую наносіліся кропкі і штрыхі. Літара складалася з сукупнасці аднолькавых (ад 1 да 5) штрыхоў (зычны гук) ці кропак (галосны гук). Паходжанне невядома. Выцеснена лацінкай, але як тайнапіс у Ірландыі захавалася да 17 ст.
т. 1, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О,
шаснаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай О («он»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ο («омікрон»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала галосны гук «о» пасля цвёрдых зычных («народъ», «столъ), мела лічбавае значэнне «семдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «о» задняга рада сярэдняга пад’ёму ў пачатку слоў і пасля цвёрдых зычных пад націскам («Орша», «родны»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Г,
чацвёртая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Г («глаголь»), утворанай графічным відазмяненнем візант. («гама»). У старабел. графіцы абазначала фрыкатыўны заднеязычны гук «г», а ў складзе дыграфа «кг» перадавала выбухны «г» у запазычаных словах («кганак», «паракграф»). У сучаснай бел. мове абазначае і фрыкатыўны заднеязычны («гара», «глеба»), і выбухны («гонты», «гузікі») гук, а таксама глухі заднеязычны «х», які ўтвараецца ў выніку аглушэння «г» на канцы слоў і перад глухімі зычнымі («мурог», «лёгкі»).
А.М.Булыка.
т. 4, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЕ́Ц (Віктар Сямёнавіч) (10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1988.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;
Бел. пер. — Гук павуцінкі: Аповесць. Мн., 1974.
В.А.Чабаненка.
т. 3, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д,
пятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).
А.М.Булыка.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Й,
адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Н («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (s); «уйти» — уsти», «сеймъ» — «сеsмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).
А.М.Булыка.
т. 7, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫ ТОН,
асноўны тон муз. настройкі. За Н.т. прыняты гук «ля» першай актавы з частатой 440 Гц, які ўзнаўляецца эталонным камертонам. Па Н.т. ўстанаўліваюць муз. строй інструментаў.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)