АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),

Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн. км². Нас. 18 млн. чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г. Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).

Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.

Прырода. Гл. ў арт. Аўстралія і Тасманія.

Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс. чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн. чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².

Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.

Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.​Янсзан (1606) і А.​Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.​Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.​Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г. англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн. чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст. англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.

Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд. ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш. міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.

Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд. т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд. т (штат Вікторыя), нафты 279 млн. т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс. т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд. т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд. т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн. т, нікелю 2,1 млн. т, свінцу 15,9 млн. т, цынку 26,3 млн. т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн. т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд. м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн. кВт, выпрацоўка 150 млрд. кВтгадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс. т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн. т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс. т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн. т. Харч. прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс. т, сыру 176 тыс. т, цукру 3,6 млн. т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн. гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс. т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн. т у 1990, 9,6 млн. т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс. т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс. т. Улоў рыбы 227,3 тыс. т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс. км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс. км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд. Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд. Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш. Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.

Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс. чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс. чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс. чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс. чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.

Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст. Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.​Харпур, Г.​Кендал, А.​Л.​Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.​Э.​Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.​Колінз, М.​С.​Франклін, К.​С.​Прычард, В.​Э.​Палмер, Б.​К.​Пентан, Ф.​Харды, Э.​Д.​К’юзек, А.​Маршал, М.​Брэнд, Р.​Лоўлер і інш.; паэзія — Б.​О’Даўд, М.​Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.​А.​Райт, Д.​А.​Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.​Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.​Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.​Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.​М’юды, Р.​Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.​Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.​Уокер, Дж.​Дэйвіс, празаік К.​Джонсан і інш.).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.​Х.​Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер. арх. У.​Б.​Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.​Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.​Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.​Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.​Л.​Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.​Т.​Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.​У.​Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.​У.​Робертс, А.​Стрытан, Ф.​Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.​Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.​Добела, Дж.​Р.​Драйсдэйла, Н.​Куніхана, скульптара Л.​Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.​Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.

Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.

Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.​Хіл, Э.​Хатчэсан, Э.​Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.​Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.​Антыл (балет «Каробары», 1946), К.​Дуглас, Э.​Л.​Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.​Вердэр, М.​Уільямсан, Р.​Міл, Л.​Сіцкі, А.​Бенджамін, Р.​Эдвардс, Д.​Уільямс, А.​Болт, М.​Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.​Хейнцэ, піяністаў — Э.​Хатчэсан, Р.​Вудвард; спевакоў — Дж.​Сазерленд, з абарыгенаў — Х.​Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.

Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.​С.​Копін, Д.​Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес. аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.​Хіберт, Дж.​К.​Уільямсан, А.​Бура, Б.​Хемфрыс і інш. Гал. тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац. ін-т драм. мастацтваў (Мельбурн).

Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.​Р.​Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал. нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал. ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.​Борэсфард, Т.​Берстэл, К.​Хенем, М.​Тэрнхал, П.​Бенет, акцёры С.​Таўл, Х.​Гібсан, Л.​Хант і інш.

Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел. нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл. бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».

Літ.:

Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;

Австралийская литература: Сб. статей. М., 1978;

McConnel U. Myths of the Munkan. Melbourne, 1957;

Strehlow T.G.A. Aranda traditions. Ch. 1. Melbourne, 1947;

Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;

Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка), В.​В.​Халіпаў (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).

Герб і сцяг Аўстраліі.
Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.
Да арт. Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.
Аўстралія. Даліна Бараса.
Да арт. Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.
Да арт. Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.
Да арт. Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.
Да арт. Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт. Аўстралія. Горад Брысбен.
Да арт. Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.
Да арт. Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.
Да арт. Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.

т. 2, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс. км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс. км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс. чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г. Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).

Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх. суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.

Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш. мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс. чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц. яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр. паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс. км²) і яўрэйскую (14,1 тыс. км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г. Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс. км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл. Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.

У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс. км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс. чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на ​2/3 за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.​Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж І. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр. араб. партыя і інш. Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд. кВтгадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн. т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн. т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс. т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сць ваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш. Хім. прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн. т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч. прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс. га, у т. л. больш за 220 тыс. га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л. кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс. га, інш. фрукты — каля 55 тыс. га, палявыя культуры — каля 230 тыс. га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс. га, кветкі — каля 2 тыс. га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс. га. Штогадовы збор (тыс. т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн. тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс. л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс. км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс. міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд. дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд. дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал. гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс. чал., рэзерву — 430 тыс. чал. У сухап. войсках 134 тыс. чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс. артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс. чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс. чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж. рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн. ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр. ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.​Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац. б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац. цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-ка Н.-д. ін-та імя Х.​Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр. муз. б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш. Н.-д. работу праводзяць Н.-д. ін-т імя Х.​Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д. работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб. інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.

Літаратура. Да канца 19 ст. л-ра яўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл. Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.​Д.​Гордан, І.​Х.​Брэнер, Х.​Н.​Бялік, Ш.​Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.​Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.​Шлёнскага, Н.​Альтэрмана, Л.​Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.​Ц.​Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.​Шалома і А.​Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.​Мосінзана, М.​Шаміра, С.​Ізхара, Н.​Шахама і інш.). З 1960-х г. цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.​Б.​Іехошуа і А.​Оза). Проза А.​Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.​Аміхай. Н.​Зах, Д.​Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.​Бен-Нера, Я.​Шабтая, Д.​Шыца, Ш.​Харэвен, Х.​Беера, паэзіі Я.​Гурвіца, М.​Візелціра, А.​Шабтая, І.​Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.​Кішона.

Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц. арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.​Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.​Рэхтэры, Д.​Кармі, М.​Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.​Мансфельд, Д.​Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.​Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.​Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.​Лупентэлер, Г.​Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.​Кармі, А.​Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац. маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.​Шэмі, І.​Сімон, Х.​Атар, А.​Левін, графікі А.​Эльвейл, Ш.​Вейль, Я.​Штэйнхард, скульптары Х.​Арлова, М.​Цыфер, Б.​Лішанская, Я.​Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.​Ароху, Ш.​Себу, скульптарам З.​Бен-Цві, І.​Данцыгеру, Д.​Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар. маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.​Агам, скульпт. Р.​Царфаці, І.​Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.​Безем, А.​Кахане, графіка А.​Ашайіма, А.​Пана, М.​Шатры, Ш.​Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.​Капелян, М.​Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.

Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац. муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр. муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр. сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз. т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар. муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.​Лаўры) і ўсх. (Э.​Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.​Бен-Хаім, М.​Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз. авангард (М.​Капытман, Э.​Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац. т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз. ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.​Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).

Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.​Равіна, А.​Мескін, Ш.​Фінкель, М.​Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.​Бунім, П.​Фрай, А.​Халфі, Х.​Мірон, З.​Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац. т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.​Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.​Эвен-Ора і інш.

Кіно. Уласная кінавытворчасць у І. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.​Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.​Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.​Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.​Габісан, Э.​Фокс, Х.​Азулай, Ш.​Хасфары, О.​Бен-Дор-Ніў, М.​Бат-Адам, А.​Даян, Д.​Вольман, А.​Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.​Рыбенбах, Д.​Бен-Шытрыт, А.​Птай, Дж.​Шлец, А.​Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.

Літ.:

Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ. М., 1993;

Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;

Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;

Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;

Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ. М., 1994;

Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].

Г.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​В.​Сініла (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Ізраіля.
Да арт. Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.
Да арт. Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Д.​Кармі, І.​Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Ш.​Себа. Пастух. 1959.
Да арт. Ізраіль. Ш.​Бек. Партрэт. 1970.
Да арт. Ізраіль. А.​Левін. Від. 1924.
Да арт. Ізраіль. А.​Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.
Да арт. Ізраіль. А.​Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.
Да арт. Ізраіль. Н.​Безем. Ільвіная брама. 1976.
Да арт. Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)