ПАРАГРЫПО́ЗНАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, парагрып,
вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое характарызуецца запаленнем дыхальных шляхоў, пераважна гартані. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Прыкметы: катаральныя з’явы (кашаль, асіпласць голасу, слізістыя выдзяленні з носа), павышэнне т-ры цела; ларынгіт з магчымым развіццём несапраўднага крупу ці ларынгатрахеіту; гаўклівы кашаль, задышка. Ускладненні: пнеўманія, запаленне сярэдняга вуха і прыдаткавых пазух носа. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 12, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРЛЮ́ДЫЯ (ад лац. inter паміж + ludus ігра),
1) устаўная інструментальная ці вакальна-інструментальная п’еса паміж актамі драм. або муз. спектакля. Часцей наз. інтэрмедыяй.
2) Невял. п’еса, якая падзяляе або звязвае асн. часткі муз. твора. Сустракаецца ў муз.-сцэн. («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), цыклічных («Ludus tonalis» П.Хіндэміта) творах, як частка сюіты («Мадрыгал» для голасу з фп. М.Мяскоўскага), а таксама ў фугах, паміж строфамі харала. Тэрмін «І.» часам ужываюць у значэнні інтэрмецца.
т. 7, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],
сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел. літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.
т. 7, с. 590
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕ́Т А́КЦЫЙ,
доля агульнай сумы выпушчаных акцый, якая належыць яе трымальніку (уладальніку) і дае яму права рашаючага голасу на сходзе акц. т-ва, а таксама магчымасць кантраляваць яго дзейнасць, быць фактычным гаспадаром т-ва, распараджацца капіталам (сродкамі) астатніх яго ўдзельнікаў. Тэарэтычна гэта доля (частка) вызначаецца ў памеры 51% ад агульнай сумы акцый, але пры значным распаўсюджанні дробных акцый дастаткова валодаць 20—30% (часам і менш), каб поўнасцю кантраляваць дзейнасць т-ва.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУП (англ. croup ад шатл. croup каркаць),
пашкоджанне гартані з сімптомамі ўдушша, гаўклівага кашлю і ахрыплага голасу. Развіваецца пры запаленні слізістай абалонкі гартані пры інфекц. і запаленчых хваробах, алергіі, траўмах. Бывае К. сапраўдны (пры дыфтэрыі) і несапраўдны (выкліканы інш. прычынамі; пры алергічным ацёку падскладкавай вобласці гартані развіваецца раптоўна). К. прыводзіць да стэнозу гартані рознай ступені, іншы раз да ўдушша і смерці. Лячэнне: пры сапраўдным — процідыфтэрыйная сываратка, пры несапраўдным — сімптаматычныя сродкі, іншы раз — хірургічнае.
П.А.Цімашэнка.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛЬДА́Н ((Roldán) Амадэа) (12.12.1900, Парыж — 2.3.1939),
кубінскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог, адзін з заснавальнікаў афра-кубінскага кірунку ў нац. музыцы і кампазітарскай школы Кубы. Скончыў Мадрыдскую кансерваторыю (1915). З 1919 у Гаване, з 1920 дырыжор аркестра Нац. т-ра, з 1923 скрыпач-канцэртмайстар, з 1932 гал. дырыжор Філарманічнага аркестра. З 1935 праф., з 1936 дырэктар Муніцыпальнай кансерваторыі (прысвоена імя Р.). Аўтар балетаў, твораў для арк., для хору, для голасу і інстр. суправаджэння, музыкі для дзяцей і інш.
т. 13, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),
спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.
т. 6, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),
у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (13.12.1900, г. Замасць, Польшча — 1.10.1970),
расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1944). У 1934—49 саліст Укр. т-ра оперы і балета, у 1950—56 — Вял. т-ра. Дзякуючы моцнаму голасу прыгожага мяккага тэмбру, выразнай дыкцыі, псіхал. адухоўленасці выканання стварыў галерэю яскравых запамінальных вобразаў: князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Ялецкі, Мазепа («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Нагульнаў («Узнятая цаліна» І.Дзяржынскага), Шчорс («Шчорс» Б.Ляташынскага).
т. 7, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫНГІ́Т [ад грэч. larynx (laryngos) гартань],
запаленне слізістай абалонкі гартані. Адрозніваюць Л. востры і хранічны. Востры Л. бывае пры вял. нагрузцы на голас, вострай рэспіраторнай інфекцыі, алергічным пашкоджанні, пры адры, грыпе, дыфтэрыі, шкарлятыне. Запаленчы працэс можа пашкоджваць слізістую абалонку трахеі (ларынгатрахеіт). Асн. сімптомы — сухасць, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, парушэнне голасу. Пры вострым Л. іншы раз узнікае ацёк падскладкавай вобласці (найчасцей у дзяцей) са стэнозам дыхальных шляхоў да асфіксіі. Прычына хранічнага — частыя вострыя Л. Лячэнне вострага Л. тэрапеўт. і фізіятэрапеўт., а таксама рэфлекторная тэрапія.
П.А.Цімашэнка.
т. 9, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)