Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧЫ,
геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс.м². ахоўная зона вакол 12 тыс.м². Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс.г. назад у вял.стараж. возеры.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ КРУПЕ́Ц,
геалагічнае агаленне, у вёсцы Новы Крупец Добрушскага р-на Гомельскай вобл., на ручаі Крупка; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Уключае шэра-зялёныя дробназярністыя кварцава-глаўканітавыя пяскі харкаўскай світы палеагенавай сістэмы, якія намножыліся ў мелкаводным басейне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.