Нацыянальны савет вызвалення (Гана) 3/330

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́НЫ,

вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.

Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш. Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл. Гана эфект).

П.С.Габец, П.А.Пупкевіч.

Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЯ́НС ВЫТВО́РЦАЎ КАКА́ВЫ (Cocoa Producers Alliance; АВК),

міжнародная арг-цыя краін — вытворцаў какавы. Чл.-ўдзельнікі: Бразілія, Габон, Гана, Камерун, Кот-д’Івуар, Нігерыя, Сан-Таме і Прынсіпі, Тога, Трынідад і Табага, Эквадор. Створана ў 1962. Месца знаходжання — Лагас (Нігерыя). Мэты: спрыянне эканам. і сац. адносінам паміж краінамі — какававытворцамі, абмен навук. і тэхн. інфармацыяй, забеспячэнне эфектыўных паставак какавы па рэнтабельных цэнах, садзейнічанне пашырэнню какаваспажывання.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НКРУ́МА ((Nkrumah) Кваме) (21.9.1909, Нкрофул, каля г. Аксім, Гана — 27.4.1972),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ганы, адзін з ідэолагаў афр. нац.-вызв. руху. Скончыў Лінкальнскі ун-т (ЗША), вучыўся ў Лонданскім ун-це і школе эканомікі і паліт. навук. Дзеяч панафр. руху ў ЗША і Еўропе (гл. Панафрыканізм). З 1947 ген. сакратар партыі Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 стварыў Нар. партыю канвента. Ў 1948 і 1950—51 арыштаваны брыт. ўладамі. З 1952 прэм’ер-міністр першага афр. ўрада Залатога Берага (з 1957 Гана). З 1957 прэм’ер-міністр, з 1960 адначасова прэзідэнт Ганы. Адзін з ініцыятараў стварэння Арг-цыі афр. адзінства. Спробы Н. пабудовы ў Гане «афр. сацыялізму» і хуткага стварэння буйной прам-сці выклікалі цяжкі сац.-эканам. крызіс у краіне. 24.2.1966 скінуты ваеннымі. Жыў у эміграцыі ў Гвінеі.

Тв.:

Рус. пер — Автобиография. М., 1961;

Я говорю о свободе: Изложение африканской идеологии. М., 1962;

Африка должна объединиться. М., 1964.

Літ.:

Ульяновский Р.А. Кваме Нкрума // Ульяновский Р.А. Политические портреты борцов за национальную независимость. М., 1980.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АФРЫКА́НСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ БАКСІ́ТАЎ,

на тэр. Гвінеі, Сьера-Леоне, Малі, Ганы, Камеруна.

Пл. больш за 1,75 млн. км² Разведаныя запасы каля 7 млрд. т. Асваенне з 1941. Адкрыта каля 100 радовішчаў. Звязана з латэрытнай карой выветрывання стараж. і седыментацыйных басейнаў Афрыканскай платформы. Баксіты гібсітавыя, абломкавыя з утрыманнем 45—50% гліназёму сярэднегатунковага і больш за 50% высокагатунковага. Здабыча адкрытым спосабам. Гал. цэнтры: Баке, Фрыя, Кіндыя (Гвінея), Аваса (Гана), Маканджы (Сьера-Леоне).

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Атлантычнага ак. каля берагоў Экватарыяльнай Афрыкі. Пл. 753 тыс. км². Даўж. да 500 км, шыр. каля 1390 км. Глыб. да 5207 м. Упадаюць рэкі: Нігер, Вольта, Агаве, Конга і інш. Т-ра вады 25—29 °C. Салёнасць 34—35‰. На ПнУ падзяляецца на 2 залівы: Біяфра і Бенін. Шмат а-воў: Біёка, Прынсіпі, Сан-Таме і інш. Прылівы паўсутачныя (да 2,7 м). Гал. парты: Тэма, Акра, Такарады (Гана), Ламе (Тога), Лагас (Нігерыя), Лібрэвіль (Габон).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЁД,

прылада з аднабаковай праводнасцю эл. току. Бываюць электравакуумныя, іонныя і паўправадніковыя. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроніцы, энергетыцы для пераўтварэння (выпрамлення) пераменнага току ў пастаянны, для пераўтварэння ваганняў або частот, пераключэння эл. ланцугоў і інш.

Электравакуумныя і іонныя Д. маюць катод (крыніцу электронаў) і анод (прыёмнік электронаў). Пры дадатным напружанні на анодзе паміж электродамі праходзіць эл. ток, пры адмоўным — току няма. Асн. разнавіднасці сілавых Д.: кенатрон і газатрон. Работа паўправадніковых дыёдаў засн. на нелінейных уласцівасцях электронна-дзірачнага пераходу або кантакту метал—паўправаднік. Гл. таксама Гана дыёд, Шоткі дыёд.

т. 6, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,

галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.

Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.Анан (Гана, з 1997).

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУМУ́МБА ((Lumumba) Патрыс Эмеры) (2.7.1925, Анадуа, Дэмакр. Рэспубліка Конга — студз. 1961),

дзеяч афр. нац.-вызв. руху, паліт. і дзярж. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга. Працаваў пісарам, паштовым служачым, служачым у бельг. кампаніі. З канца 1940-х г. удзельнік прафс. руху Бельг. Конга. Кіраваў выданнем газет «Uhuru» («Свабода») і «Independance» («Незалежнасць»). У 1958 заснаваў партыю Нар. Рух Конга. За сваю паліт. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны бельг. калан. ўладамі. У 1958—59 дэлегат канферэнцыі народаў Афрыкі ў г. Акра (Гана), у 1960 удзельнік бельг.-кангалезскай канферэнцыі ў Бруселі. 3 чэрв. 1960 прэм’ер-міністр Конга. 14.9.1960 скінуты ген. С.С.Мабуту, арыштаваны і забіты. У 1961 абвешчаны нац. героем.

П.Лумумба.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),

дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)