ГАЛБЕ́Я, Галбея Паўночная,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца (цячэ праз возера), за 25 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,35 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Схілы катлавіны выш. 6—8 м, разараныя. Берагі нізкія, на У і Пн зліваюцца са схіламі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ДНЯЕ ВО́ЗЕРА, Галбея Паўднёвая,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца (працякае праз возера), за 5 км на Пн ад г. Паставы. Пл. 0,36 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. да 6 м, на З і ПнУ разараныя, на ПдЗ пад лесам. На З упадае ручай Цімара.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІСНА́,

рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах. ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).

Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.

Рака Дзісна ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,

частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс. выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і 3 нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.

В.​П.​Якушка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).

Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.​Ю.​Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.​К.​Радзівілу, пазней Я.​Дз.​Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.

т. 6, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)