АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),

клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).

Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.

Афіуры: 1 — Сарса; 2 — галава гаргоны.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАКА́Л (цюрк. літар. белая барада),

у цюркскіх народаў пры першабытнаабшчынным ладзе галава роду, старэйшына; з развіццём феадалізму — прадстаўнік патрыярхальна-феад. знаці. Пазней аксакал — выбарны стараста, паважаны чалавек.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРА́ЗІС (грэч. antiphrasis) у літаратуры, стылістычная фігура, ужыванне слова ў процілеглым, звычайна іранічным, значэнні. Часцей сустракаецца ў сатыр. творах, напр. у байцы К.​Крапівы «Мандат» пра асла гаворыцца: «Ну й розум. Вось дык галава!».

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕЦЫ́ЗМ [грэч. soloikismos ад назвы г. Солы (Soloi), грэч. калоніі ў М. Азіі, жыхары якой дрэнна гаварылі па-атычнаму],

1) у паэтыцы — няправільны моўны зварот, свядома выкарыстаны для стварэння «нізкага» стылю. Адрозніваюць віды С.: плеаназм, эналага, эліпсіс, анакалуф.

2) У лінгвістыцы — сінтакс. памылка ў дапасаванні, кіраванні, парадку слоў, ужыванні дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў, будове складаных сказаў і інш. Напр.: «Добрае надвор’е спрыяла для правядзення ўборачных работ» (замест «Добрае надвор’е спрыяла правядзенню ўборачных работ»), «Прыйшоўшы на працу, у мяне забалела галава» (замест «Калі я прыйшоў на працу, у мяне забалела галава»). Сінтакс. памылкі часта ўзнікаюць пад уплывам мясц. гаворак або інш. моў. Напр.: «Суседзі прыехаўшы» (замест «Суседзі прыехалі»).

І.​К.​Германовіч.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТРА́П (грэч. satrapēs ад стараж.-перс. хшатрапаван — захавальнік вобласці),

намеснік сатрапіі, галава яе адміністрацыі. Меў вял. самастойнасць у справах кіравання сатрапіяй, камандаваў яе войскам, збіраў падаткі, чаканіў сярэбраныя і залатыя манеты. У пераносным сэнсе С. — жорсткі начальнік любой адм.-тэр. адзінкі, самадур.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЖНІКІ (Sphingidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, большасць у тропіках. На Беларусі 18 відаў, з іх бражнік Празерпіна (Proserpinus proserpina), бражнік «мёртвая галава» (Manduca atropos) і бражнік асінавы (Laothoe amurensis) занесены ў Чырв. кнігу. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, ускраінах балот.

Размах крылаў 2—20 см, пярэднія вузкія, выцягнутыя, заднія меншыя, часта з яркімі плямамі або перавязямі. Цела тоўстае, верацёнападобнае, хабаток доўгі (у некаторых трапічных відаў больш за 25 см), вусікі тоўстыя, роўныя. Смокчуць нектар кветак, завісаючы ў паветры. Вусені голыя, цыліндрычныя, з своеасаблівым ражком на задняй частцы брушка; кормяцца лісцем, агаляюць парасткі. Зімуюць у фазе кукалкі ў глебе. Большасць бражнікаў актыўныя на змярканні і ноччу. Некаторыя віды — шкоднікі раслін.

Бражнікі: 1 — Празерпіна; 2 — «мёртвая галава»; 3 — асінавы.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІК, вепр,

вяпрук (Sus scrofa),

млекакормячае сям. свіных атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы; акліматызаваны ў Амерыцы. Жыве ў разнастайных мясцінах, на Беларусі — па ўсёй тэрыторыі (26—36 тыс. у 1990—95). Трымаецца невял. статкамі, старыя самцы (секачы) і самкі з парасятамі — паасобку. Адзін з родапачынальнікаў свойскіх свіней.

Даўж. да 2 м, маса да 300 кг. Афарбоўка ад светла-бурай або шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела ўкрыта пругкім, доўгім шчаціннем з падшэрсткам. Галава вялікая. клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія, вочы маленькія, рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вял., у самцоў (6—10 см) загнутыя ўверх і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім 4—6 парасят, зрэдку да 12. Аб’ект промыслу.

Л.​В.​Кірыленка.

Дзік: 1 — самец; 2 — галава самкі; 3 — парася.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАПІТА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. caput (capitis) галава] у біялогіі, абезгалоўліванне жывёл у доследах пры фізіял. і біяхім. даследаваннях; выдаленне месца росту сцябла ў раслін. У акушэрстве — плодаразбуральная аперацыя пры запушчаным папярочным становішчы плода, якая мае на мэце аддзяленне галоўкі плода ад тулава ў вобласці шыі.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЯЯ́ (лац. Serpens),

экватарыяльнае сузор’е. Пачынаецца на Пд ад Паўночнай Кароны. Найб. яркая зорка 2,6 візуальнай зорнай велічыні; 60 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Складаецца з 2 частак (галава і хвост), падзеленых сузор’ем Змеяносца. На тэр. Беларусі відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫВІ́ЦКІ ВЯЗО́К»,

бел асветнае т-ва ў Пецярбургу ў 1868—70. Стваральнік і кіраўнік («галава») — паэт В.Савіч-Заблоцкі. Мела на мэце дасканала вывучаць бел. мову, выдаваць папулярныя кнігі і падручнікі для «чарналюду»; збірала матэрыялы па гісторыі Беларусі. Распалася з-за рэпрэсій з боку рас. улад.

т. 8, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)